Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пакістане мае зьявіцца катэдра беларускай мовы


Абмеркаваньне праекту з удзелам Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту — на фінальнай стадыі.

У Нацыянальным унівэрсытэце сучасных моваў Пакістану плянуецца адкрыць Цэнтар (катэдру) беларускай мовы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на амбасаду Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусі.

Праект абмяркоўваўся падчас візыту ў Пакістан беларускай дэлегацыі на чале з намесьнікам міністра адукацыі Вадзімам Богушам. Абмеркаваньні на фінальнай стадыі, бакі ўзгаднілі напаўняльнасьць Цэнтру. Праект мае рэалізоўвацца пры судзеяньні Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

Таксама падчас візыту пастанавілі заключыць пагадненьне аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі і скласьці схему супрацы ў галіне адукацыі. Абмяркоўваўся абмен студэнтамі і выкладчыкамі, гатоўнасьць беларускага боку судзейнічаць стварэньню Ўнівэрсытэту прыкладных кваліфікацыяў у Пакістане.

Катэдры беларускай мовы існуюць у некалькіх польскіх унівэрсытэтах. Існавалі, але пазачыняліся катэдры беларускай мовы ў Бранску і Вільні. Пры Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце дзейнічае Цэнтар беларускай мовы і культуры, у шэрагу краінаў ёсьць аддзяленьні беларускай мовы і літаратуры на філялягічных факультэтах, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Вывучаюць там славянскую філялёгію, вучаць расейскую мову, іншыя славянскія мовы, часам да іх дадаецца беларуская як другая замежная мова. Выпускнікі выступаюць як перакладчыкі, дыпляматы, шмат дзе бываюць патрэбныя. Але беларускую мову вельмі рэдка выкарыстоўваюць у якасьці другой замежнай».

Чаму катэдра беларускай мовы зьявіцца менавіта ў Пакістане? Ці ёсьць там значная беларуская дыяспара альбо асаблівыя культурныя стасункі зь Беларусьсю?

«Магчыма, хочуць збыць вялікую партыю трактароў, а заадно культурныя стасункі, — сьмяецца Трусаў. — Якая там беларуская супольнасьць...»

XS
SM
MD
LG