Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Стамбул на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС) выглядае даволі дзіўнай. Сярод лідэраў мусульманскіх дзяржаў ён выглядаў экзатычна. Не да канца зразумела, у якім статусе беларускі кіраўнік быў там. Атрымаць статус краіны-назіральніка ў АІС Беларусь яшчэ толькі зьбіраецца. Беларускі міністар замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што арганізатары саміту запрасілі Беларусь «у якасьці спэцыяльнага госьця». Гаспадаром форуму была Турэччына. І трэба разумець, што Лукашэнка зьявіўся ў Стамбуле ў статусе госьця турэцкага лідэра Рэджэпа Эрдагана. Які, дарэчы, у блізкім часе мае наведаць зь візытам Беларусь. Актыўнае разьвіцьцё беларуска-турэцкіх адносін на тле непагашанага канфлікту паміж Расеяй і Турэччынай выкліча, як мінімум, пытаньні ў Масквы.

Гэтая паездка Лукашэнкі выяўляе істотныя перамены ў замежнай палітыцы Беларусі, якія выявіліся апошнім часам.

Але гэтая паездка Лукашэнкі выяўляе істотныя перамены ў замежнай палітыцы Беларусі, якія выявіліся апошнім часам. Па-першае, яна стала насамрэч шматвэктарнай. Таму што доўгі час вонкавапалітычная лінія Беларусі была аднавэктарная. Уласна кажучы, і сама замежная палітыка ў поўным сэнсе гэтага слова зьявілася толькі цяпер. Бо бясконцыя сустрэчы Лукашэнкі з расейскімі губэрнатарамі цяжка было назваць замежнай палітыкай.

Па-другое, дачыненьні Беларусі зь іншымі краінамі сталі будавацца на грунце прагматызму. Што азначае важную перамену. Бо шмат гадоў замежная палітыка Беларусі была моцна ідэалягізаваная, а таму канфрантацыйная і канфліктагенная. У 1990-я гады яна ажыцьцяўляўся пад сьцягам левага рэваншу, антырэформаў, рэанімацыі СССР. Адначасова палітыка афіцыйнага Менску была замешана на ідэалёгіі панславізму, што, у пэўным сэнсе, абумовіла жорсткі палітычны, ідэалягічны, дыпляматычны канфлікт з Захадам. Тады Лукашэнка лётаў у Югаславію абараняць Мілошавіча, цьвердзіў, што «заходнія каштоўнасьці ня маюць нічога агульнага з мэнталітэтам беларускіх людзей», казаў, што «я сваё грамадзтва за цывілізаваным сьветам не павяду». Потым было сяброўства з краінамі-«ізгоямі» (Іран, Вэнэсуэла, Куба, Ірак часоў Садама Хусэйна) на антыамэрыканскай, антызаходняй глебе. Беларускае кіраўніцтва актыўна ўдзельнічала ў самітах Руху недалучэньня, афіцыйны Менск спрабаваў стаць лідэрам краін «трэцяга сьвету» ў іх барацьбе супраць Захаду («Поўначы»). «Давайце аб’яднаемся і ня будзем чакаць, пакуль багатыя дзяржавы той жа Поўначы не падзеляць нас і не разьвядуць па адным», — заклікаў Лукашэнка сваіх новых «братоў па розуме».

Ніякай ідэалёгіі, голая эканоміка. І гэтая паездка на саміт АІС у значнай ступені абумоўлена пошукам рынкаў збыту, інвэстыцыяў, крэдытаў.

А вось цяпер Беларусь нармалізуе адносіны з ЭЗ і ЗША, урад ставіць задачу дывэрсыфікаваць экспарт, Лукашэнка даводзіць, што галоўная задача беларускіх амбасадаў — гэта павялічыць продаж беларускіх тавараў. Цяпер сябруем і з мусульманамі, пра славянска-праваслаўнае адзінства даўно забыліся. Ніякай ідэалёгіі, голая эканоміка. І гэтая паездка на саміт АІС у значнай ступені абумоўлена пошукам рынкаў збыту, інвэстыцыяў, крэдытаў.

Акрамя таго, важны чыньнік замежнай палітыкі афіцыйнага Менску — мэсіянскі комплекс. Лукашэнку цесна ў Беларусі, ён спрабуе выконваць ролю палітыка сусьветнага маштабу. Таму Менск імкнецца далучыцца да самых розных арганізацыяў: да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (у ёй атрыманы статус назіральніка), БРІКС і інш. І вось цяпер і да АІС.

Выступаючы на саміце ў Стамбуле, Лукашэнка прагаварыў яшчэ адзін матыў свайго ўдзелу ў гэтым форуме: «Імкненьне ўмацоўваць сувязі з ісламскім сьветам — абсалютна сьвядомы выбар, якога Беларусь пастаянна прытрымліваецца. Праводзячы палітыку шматвэктарнасьці і адкрытасьці зьнешняму сьвету, не жадаючы замыкацца ў вузкіх рамках эўрацэнтрызму, мы яшчэ ў канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя сталі адзінай на той момант эўрапейскай краінай — паўнапраўным сябрам Руху недалучэньня».

Тут справа ня толькі ў тым, што, нягледзячы на адмену Эўразьвязам санкцыяў, у Эўропу Лукашэнку не запрашаюць. Праблема глыбейшая. Насамрэч у рамках эўрапейскіх каштоўнасьцяў беларускаму кіраўніку некамфортна. Бо пастаянныя размовы пра правы чалавека для яго незразумелыя. Дый кожныя 4–5 гадоў там мяняецца кіраўніцтва. Да таго ж урады ці прэзыдэнты павінны ўсё ўзгадняць зь іншымі галінамі ўлады, напрыклад, з парлямэнтам. І як зь імі дамаўляцца?

Іншая справа — краіны, Азіі, Афрыкі, Блізкага Ўсходу. Там палітычныя сыстэмы больш падобныя да беларускай, лідэры кіруюць падоўгу. І Лукашэнку там больш камфортна, бо яны размаўляюць на адной мове. Там ён свой.

Іншая справа — краіны, Азіі, Афрыкі, Блізкага Ўсходу. Там палітычныя сыстэмы больш падобныя да беларускай, лідэры кіруюць падоўгу. І Лукашэнку там больш камфортна, бо яны размаўляюць на адной мове. Там ён свой. Адсюль і нежаданьне «замыкацца ў вузкіх рамках эўрацэнтрызму».

І яшчэ адна пэрліна з выступу Лукашэнкі на саміце ў Стамбуле: «Супадзеньне пазыцыяў Беларусі і сябраў АІС па многіх прынцыповых пытаньнях дазваляе нам сумеснымі намаганьнямі прасоўваць агульныя каштоўнасьці традыцыйнай сям’і». Ці азначае гэта, што цяпер беларускім мужчынам па ісламскай традыцыі можна будзе мець чатырох жонак?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG