Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышаць заробкі бюджэтнікам будуць за кошт скарачэньня працаўнікоў


Урадам дазволена падвышаць заробкі бюджэтнікам з сэканомленых сродкаў, апрача тых, якія ашчаджаныя на камунальных паслугах. Памер падвышальных каэфіцыентаў не акрэсьлены.

Пастанова Савета міністраў № 300 ад 12 красавіка, апублікаваная на прававым партале Pravo.by, вызначае меры па ўдасканаленьні аплаты працы супрацоўнікаў бюджэтных арганізацыяў.

Даплочваць бюджэтнікам будуць за кошт скарачэньня іхных калегаў. Як пішуць у пастанове, падвышальныя каэфіцыенты да акладаў бюджэтнікаў у 2016 годзе будуць выстаўляцца за кошт сродкаў, якія вызваліліся ў выніку аптымізацыі структуры і скарачэньня колькасьці бюджэтнікаў, а таксама эканоміі іншых сродкаў.

Да іх не адносіцца эканомія на камунальных паслугах. Гэтыя каэфіцыенты не фармуюць сам аклад і ня ўлічваюцца пры выстаўленьні прэміяў і даплатаў.

Канкрэтны памер такіх падвышальных каэфіцыентаў не акрэсьліваецца нават прыблізна. Эканомія бюджэтных выдаткаў вызначаецца за квартал і паўгодзьдзе органамі дзяржкіраваньня пры ўзгадненьні Мінфіну, а таксама мясцовымі выканкамамі.

У лютым 2016 году іншая пастанова вызначыла штомесячныя даплаты бюджэтнікам у памеры 3,5-4 даляры. Эканаміст Міхал Залескі казаў, што і да такіх грошай варта ставіцца без іроніі — пры зарплатах бюджэтнікаў у раёне 200 даляраў і гэта адчувальны бонус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG