Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 15 красавіка: Нік Вуйчыч ў Менску, дзень гібелі «Тытаніка»


 Нік Вуйчыч.

Нік Вуйчыч.

Вярхоўны суд разгледзіць скаргу партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя на адмову ў рэгістрацыі.

Перад гледачамі «Мінск-Арэны» выступіць Нік Вуйчыч, аўстралійскі матывацыйны прапаведнік, мэцэнат, пісьменьнік. Вуйчыч нарадзіўся без рук і ног, пераадолеў абмежаваньні сваёй інваліднасьці і кажа, што яго місія — памагчы людзям знайсьці свой шлях у жыцьці і яго мэты. Выступ у «Мінск —Арэне» а 19-й, прэс-канфэрэнцыя адбудзецца ў Галерэі TUT.BY а 11-й.

Гурт «Стары Ольса» прэзэнтуе новы альбом «Кола рыцэрска». Тэатр эстрады, вул. Маскоўская, 18а, пачатак а 19-й.

Выстава «Хрыстос уваскрос на ўвесь сьвет» адкрыецца ў Дзяржынскім гісторыка-краязнаўчым музэі. Экспазыцыя дазволіць прайсьці шлях ад Вербнай нядзелі да Вялікадня. На ёй кожны зможа акунуцца ў хатнюю атмасфэру сьвяточных дзён праз атрыбуты матэрыяльнай культуры, знаёмства з кулінарнымі традыцыямі, народнымі гульнямі і забавамі. Дзяржынск, вул. Ленінградзкая, 6. Пачатак а 15-й.

Гэты дзень у гісторыі:


1432 — вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзяржаўную вунію з Польшчай, скасаваную вялікім князем Сьвідрыгайлам.

1783 — Утвораная каталіцкая Магілёўская архідыяцэзія.

1896 — У Атэнах скончылася першая Алімпіяда, упершыню адроджаная з часоў антычнасьці.

1855 — Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршыў працу над паэмай «Тарас на Парнасе», якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Толькі зусім нядаўна беларускім архівістам удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы.

1912 — у Атлянтычным акіяне пасьля сутыкненьня з айсбэргам патануў брытанскі карабель «Тытанік».

1919 — Дэкрэтам савецкай улады аб стварэньні сыстэмы папраўча-працоўных лягераў быў пакладзены пачатак утварэньня ГУЛАГу.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Канадай.

2005 — Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў міністэрства юстыцыі аб закрыцьці сацыялягічнага цэнтру НІСЭПД.

2012 — з Магілёўскай калёніі № 15 быў вызвалены Зьміцер Бандарэнка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

2013 — Падчас маратону ў амэрыканскім Бостане адбылася сэрыя выбухаў, у выніку якіх 5 чалавек загінулі і 264 былі параненыя.

У гэты дзень нарадзіліся:

1452 —Леанарда да Вінчы, мастак, архітэктар і навуковец

1886 — Мікалай Гумілёў, расейскі паэт

1912 — Кім Ір Сен, камуністычны дыктатар Паўночнай Карэі, дзень нараджэньня Кім Ір Сэна адзначаецца ў КНДР як сьвята Сонейка.

У гэты дзень памерлі:

1765 — Міхаіл Ламаносаў, расейскі навуковец і паэт.

1847 — Станіслаў Юндзіл, прыродазнаўца, адзін з першых дасьледчыкаў расьліннага і жывёльнага сьвету Беларусі, доктар філязофіі і тэалёгіі.

1865 — Абрагам Лінкальн, 16-ы прэзыдэнт ЗША, пераможца ў Грамадзянскай вайне, забіты ў выніку замаху.

1980 — Жан-Поль Сартр, францускі пісьменьнік і філёзаф, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1964 год.

2015 — айцец Надсан, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.

Цытата

Калі вашы пакуты невыносныя, пастарайцеся аблягчыць жыцьцё іншага чалавека і падарыць яму надзею.

Нік Вуйчыч.

XS
SM
MD
LG