Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах паставяць новыя сотні крыжоў. І павесяць шпакоўні


«Талака» ў Курапатах, 2013 год
«Талака» ў Курапатах, 2013 год

Аргкамітэт па стварэньні гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці» ад суботы, 16 красавіка, распачынае «Талаку» ў Курапатах.

Гэта традыцыйны летні сэзон працы па ўпарадкаваньні ўрочышча. Грамадзкія актывісты ладзяць тут «Талаку» ўжо ня першы год.

Актывістка ініцыятывы Ганна Шапуцька паведаміла Свабодзе:

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

«Сёлета мы пачнём з таго, што будзем рабіць і разьвешваць шпакоўні, каб у Курапатах засьпявалі птушкі. Гэтая ідэя зьявілася з тае патрэбы, што нашы актывісты ўжо тры гады змагаюцца ў Курапатах з кустоўем. Але, высякаючы кусты, мы пазбаўляем звыклага месца гнездаваньня многіх малых птушак. Натуральна, мы б хацелі, каб яны заставаліся ў Курапацкім лесе, каб там і надалей гнездаваліся і сьпявалі. Таму мы вырашылі разьвесіць птушыныя дамкі, каб птушкі заставаліся ў Курапатах. Нашу ініцыятыву падтрымаў мастак Алесь Пушкін і сказаў, што мае быць у Курапатах са зробленай ім шпакоўняй, каб яе там замацаваць. Мы таксама заклікаем людзей, каб яны прыходзілі ў Курапаты і прыносілі свае шпакоўні або зрабілі там на месцы, бо будзе падрыхтаваны матэрыял. Першая наша веснавая акцыя ў Курапатах распачынаецца ў 11.00».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, актывісты задаволеныя, што дзяржаўныя службы дапамагаюць прыбіраць урочышча, аднак і надалей будуць праводзіць у Курапатах сваю «Талаку»:

«Па-ранейшаму мы будзем працаваць у Курапатах кожны тыдзень — у аўторак і суботу. Адзінае, што гэтым разам мы будзем засяроджвацца на крыжах — заклікаць людзей вырабляць і ўсталёўваць крыжы або зьбіраць на гэта грошы. Бо тая частка курапацкага лесу, якую мы вызвалілі ад хмызоў, яна атрымала вельмі вялікую адкрытую прастору. І гэтае ж месца — гэта скрозь упадзіны магілаў, у кожнай зь якіх, як вядома, знаходзяцца парэшткі ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Таму гэтае месца павінна запаўняцца крыжамі. Гэта не адзін, ня дзесяць і ня сотня крыжоў — павінна быць гэтулькі, наколькі хопіць нашых сілаў і матэрыяльных магчымасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG