Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі спадарожнік — гонар нацыі ці пустая трата грошай?


Наземны комплекс кіраваньня спадарожнікам "Белінтэрсат-1", створаны ў Дзяржынскім раёне.

Наземны комплекс кіраваньня спадарожнікам "Белінтэрсат-1", створаны ў Дзяржынскім раёне.

Ці патрэбны Беларусі ўласны спадарожнік і ўвогуле фундамэнтальныя дасьледаваньні, якія не прыносяць эканамічнай выгады?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: 12 красавіка, у дзень, які ў СССР адзначаўся як Дзень касманаўтыкі, Лукашэнка наведаў Наземны комплекс кіраваньня Нацыянальнай сыстэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчаньня ў Дзяржынскім раёне. Беларусь занялася распрацоўкай і запускам касьмічных спадарожнікаў больш як 10 гадоў таму. Першы запуск з касмадрому «Байканур» у 2006 годзе быў няўдалы, ракета выбухнула. Другі спадарожнік «Белка-2» быў запушчаны ў 2012 годзе. А ў студзені гэтага году з кітайскага касмадрому з дапамогай кітайцаў быў запушчаны беларускі спадарожнік «Белінтэрсат-1».

Ад самага пачатку ўзьнікала пытаньне наконт эканамічнай мэтазгоднасьці гэтага праекту. Застаецца яно і цяпер

Ад самага пачатку ўзьнікала пытаньне наконт эканамічнай мэтазгоднасьці гэтага праекту. Застаецца яно і цяпер. Вось і ўчора, калі Лукашэнка наведваў комплекс кіраваньня, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў адзначыў: «Цяпер стаіць задача камэрцыялізацыі спадарожніка дзеля атрыманьня прыбытку ў далейшым».

Знаёмая схема эканомікі па-беларуску. Спачатку запускаецца эканамічны праект, потым думаюць, як яго зрабіць прыбытковым. Гэта мы назіралі ў выпадках з будоўляй цэмэнтных заводаў, з дрэваапрацоўкай. Гэта ж адбываецца з АЭС. Будоўля станцыі ідзе поўным ходам, а ўрад ліхаманкава думае, што рабіць зь лішняй электраэнэргіяй, якая зьявіцца з пачаткам працы АЭС. Цяпер тое самае адбываецца з спадарожнікам. Ва ўсім сьвеце эканамічныя праекты рэалізуюць наадварот: спачатку разьлічваюць эканамічны эфэкт, прыбытак, і толькі потым бяруцца яго ажыцьцяўляць.

Кіраўнік дзяржавы так растлумачыў сэнс разьвіцьця ў Беларусі касьмічнай галіны:

«Мы пайшлі ў гэтую сфэру для таго, каб разьвівалася нацыя. Араць зямлю, сеяць, зьбіраць ураджай мы навучыліся. Вырабляць складаны прадукт у прамысловасьці мы таксама навучыліся. Але гэта ня космас, гэта ня атамная станцыя, гэта ня Парк высокіх тэхналёгіяў — тыя напрамкі, якія арыентаваныя ў будучыню».

То бок, паводле ягонай лёгікі, вытворчасьць спадарожнікаў, як і будоўля АЭС, павінны пацягнуць за сабой разьвіцьцё ўсёй эканомікі на перадавых кірунках. Але, падаецца, гэта ня надта атрымліваецца. Вось Парк высокіх тэхналёгіяў хутка разьвіваецца, дае добры прыбытак — таму што там працуюць прыватныя кампаніі.

Падаецца, для Лукашэнкі гэта хутчэй палітычны ці піяраўскі праект. Каб можна было сказаць, што пры ім Беларусь стала касьмічнай і атамнай дзяржавай.

Дракахруст: Якраз у сьвеце бываюць выпадкі, калі дзяржава ня тое што сама ўсё фінансуе, стварае галіны эканомікі, але спрыяе разьвіцьцю тых галін, якія з пункту гледжаньня рынкавага не зусім выгадныя. Яны ня надта і патрэбныя. Калі ўзяць гісторыю Злучаных Штатаў, то яны пачыналі як абсалютна аграрная краіна. Была палітыка ўладаў, мытныя тарыфы, якія абаранялі маладую амэрыканскую індустрыю, якая не магла на той час канкурыраваць з той жа, напрыклад, брытанскай.

беларусы пераадолелі Чарнобыль, гэта плата за прагрэс, і здаецца, што мара «давайце вернемся ў вёскі» — гэта зусім не беларуская мара

Не магу сказаць, што штучныя захады — яны чужыя ўсяму сьвету. Якраз такія праекты кладуцца на пэўную філязофію беларусаў, гэта сапраўды нацыя з індустрыйным драйвам. Радкі Паўлюка Труса «Край палёў... О край, калі ж ты станеш краем фабрык дымных і машын» — гэта была ня толькі савецкая камуністычная прапаганда, гэта была сапраўды і мара беларусаў. Мы цяпер бачым, як беларусы ставяцца да сваёй індустрыі. Я б сказаў так: беларусы пераадолелі Чарнобыль, гэта плата за прагрэс, і здаецца, што мара «давайце вернемся ў вёскі» — гэта зусім не беларуская мара. У беларускай літаратуры вясковасьць часам падкрэсьліваецца, у той час як гэта міт! У нашым рэгіёне доля гарадзкога насельніцтва такая ж, як у Расеі, а ва ўсіх астатніх краінах вакол нас яна значна ніжэйшая. Вышэй, чым у Беларусі і ў Расеі, яна толькі ў Нямеччыне. Польшча, Украіна, краіны Балтыі — там паўсюль доля вясковага насельніцтва большая. У гэтым сэнсе Беларусь абсалютна гарадзкая, урбанізаваная, індустрыялізаваная краіна.

Мне здаецца, псыхалягічна, калі Лукашэнка прыдумляе такія праекты, як космас, атамная электрастанцыя — гэта кладзецца на нацыянальны гонар беларусаў.

Цыганкоў: Немагчыма эканамічнай мэтазгоднасьцю патлумачыць некаторыя праекты ў самых вялікіх, рынкавых дзяржаў — космас, высадку на Месяц, накіраваньне экспэдыцыі на Марс. Гэта не прынясе эканамічнага здабытку адразу, гэта праца на будучыню. Свой спадарожнік маюць толькі каля 30 краін сьвету. Беларусь у іх ліку — у прэстыжным сьпісе краін, якія маюць уласную спадарожнікавую сыстэму сувязі (так гэта прадставілі афіцыйныя СМІ). І ў гэтым нічога кепскага няма — і з пункту гледжаньня эканомікі, і з гледзішча разьвіцьця навукова-тэхнічных дасягненьняў.

Зь іншага боку, вялікае пытаньне, якое часта ўстае перад Беларусьсю, — ці патрэбна ёй, напрыклад, свая фундамэнтальная навука? Вось іранізавалі і сьмяяліся з Аляксандра Лукашэнкі, калі ён патрабаваў ад навукі найперш прыкладных вынікаў. З савецкіх часоў тут фундамэнтальная навука засталася — фізыкі, матэматыкі, якія проста ня могуць быць прыбытковымі, якія думаюць пра вечныя праблемы, тэорыю адноснасьці і гэтак далей.

Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі на 70% сканцэнтраваныя ў ЗША, астатнія — гэта Эўропа і Японія, яшчэ трошкі іншых дзяржаваў — Канада, Аўстралія, Ізраіль

Пытаньне даволі балючае для такой сярэдняй краіны, як Беларусь. Бо з пункту гледжаньня эканомікі і нават здаровага сэнсу можна адказаць, што — не, ня трэба. Наўрад ці Беларусь і падобныя дзяржавы маюць шанец стварыць такія лябараторыі, у якіх будзе разьвівацца і мець дасягненьні фундамэнтальная навука. Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі на 70% сканцэнтраваныя ў ЗША, астатнія — гэта Эўропа і Японія, яшчэ трошкі іншых дзяржаваў — Канада, Аўстралія, Ізраіль. Дасьледаваньні магчыма рабіць толькі ў рамках вялікай навуковай супольнасьці. І вось пытаньне неадназначнае — куды падзець гэтых самых навукоўцаў? Яны і самі паразьяжджаліся за мяжу. Але пытаньне: ці павінна дзяржава падтрымліваць такія праекты? Што да спадарожніка, то гэта пытаньне прэстыжу і нават эканамічная і тэхналягічная мэтазгоднасьць.

Карбалевіч: Сапраўды, калі казаць пра навуку, праекты, зьвязаныя з прарывам у будучыню, то гэта справа вялікіх дзяржаў, якія маюць рэсурсы. Амэрыка можа сабе дазволіць і на Марс, і на Месяц лятаць. А Беларусь усё ж невялікая краіна, і эканамічны сэнс любых праектаў трэба пралічваць. Галоўнае пытаньне: гэтыя праекты пакуль ня цягнуць за сабой усю астатнюю эканоміку, не ствараюць нейкі прарыўны кірунак. Вось у чым праблема. І тут справа ў той сацыяльнай мадэлі, якая проста не дазваляе ствараць такія цэнтры, якія б рухалі навуку, стваралі інавацыі, ІТ-тэхналёгіі і рухалі эканоміку.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG