Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Студэнткамі філфаку БДУ, якія ўдзельнічалі ў Дні Волі, зацікавіўся дэканат


На фота злева направа: Аляксандра Кузьміч, Аляксандра Лашук, Ульяна Трэгубава

На фота злева направа: Аляксандра Кузьміч, Аляксандра Лашук, Ульяна Трэгубава

Пасьля ўдзелу ў сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску студэнтка філялягічнага факультэту БДУ Ульяна Трэгубава была выкліканая на камісію па пропусках і атрымала заўвагу дэкана.

Пра гэта Свабодзе паведаміла прадстаўніца ініцыятывы StudWatch.by, дырэктарка Цэнтра разьвіцьця студэнцкіх ініцыятыў Аляксандра Кузьміч.

«Да нас зьвярнулася дзяўчынка (Ульяна Трэгубава), на якую пачаў ціснуць дэканат праз выклікі яе і яе бацькоў за ўдзел у Дні Волі і мітынгу прадпрымальнікаў. Гэтая дзяўчына атрымала адміністратыўнае спагнаньне за мітынг прадпрымальнікаў, але перад гэтым яе яшчэ ў дэканаце прымусілі напісаць тлумачальную запіску. Таму калі яе выклікалі на камісію па пропусках, стала зразумела, што гэта хутчэй за ўсё зьвязана менавіта зь яе грамадзянскай пазыцыяй, а ня з пропускамі. Акрамя таго, як кажуць самі студэнты, такая ўвага да пропускаў пачалася толькі з апошняга сэмэстру, акурат пасьля Маршу студэнтаў. Тады таксама была вялікая камісія, куды склікалі каля 30-40 студэнтаў», — распавядае актывістка.

Філалагічны факультэт БДУ

Філалагічны факультэт БДУ

Аляксандра Кузьміч разам з Ульянай Трэгубавай прыйшла на камісію, але ёй не дазволілі прысутнічаць пры разглядзе справы. Аднак, на думку актывісткі, увага да гэтай сытуацыі з боку незалежных студэнцкіх ініцыятыў станоўча паўплывала на вынік: Ульяна атрымала самае мяккае з магчымых спагнаньняў — заўвагу дэкана.

«Але гэта не паказчык таго, што справа скончаная, — мяркуе Аляксандра Кузьміч. — Дакладна такая ж сытуацыя была ў мінулым сэмэстры з Глебам Вайкулем на тым жа самым філялягічным факультэце. Магчыма, пакараньне будзе толькі адтэрмінаванае, бо дзяўчыне далі зразумець, што ён не дадуць давучыцца. Таму зараз наша задача ў тым, каб не дапусьціць далейшага ціску, а дзяўчыне трэба быць вельмі пільнай, бо можа быць, што яе ў выніку адлічаць не праз адміністрацыйныя спагнаньні, а праз акадэмічную запазычанасьць».

У яшчэ адной студэнткі філялягічнага факультэту Аляксандры Лашук пасьля Дня Волі выклікалі ў дэканат бацькоў.

«Магчыма, яе проста намагаліся ідэнтыфікаваць. Бо дзяўчаты на акцыі ішлі з плякатамі і закрытымі тварамі, а бацькам Сашы паказалі фатаграфію з Дня Волі і спыталі, ці іх гэта дачка», — распавяла Аляксандра Кузьміч. Аляксандра Кузьміч заклікае студэнтаў не замоўчваць выпадкі парушэньня сваіх правоў, а зьвяртацца да ініцыятыў, якія займаюцца маніторынгам парушэньняў у ВНУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG