Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чубараў: рашэньне па Мэджлісе ў Крыме прынялі на загад Крамля


Старшыня Мэджлісу крымскататарскага народа Рэфат Чубараў назваў «нікчэмным» рашэньне прызначанага Крамлём пракурора Крыму Натальлі Паклонскай аб прыпыненьні дзейнасьці Мэджлісу. Паводле яго слоў, гэта рашэньне прынятае на загад Крамля.

«Няма ніякіх сумневаў у тым, што прыняцьце гэтага „рашэньня“ стала магчымым выключна на загад Крамля, што сьведчыць аб эскаляцыі Пуціным і яго атачэньнем канфрантацыйных формаў узаемаадносінаў з усёй міжнароднай супольнасьцю», — напісаў Чубараў у Facebook.

Паводле яго слоў, гэты «цынічны» і «хамскі» адказ на заклікі міжнароднай супольнасьці аб спыненьні перасьледу Мэджлісу крымскататарскага народа — вышэйшага прадстаўнічага органа карэннага народа Крыму.

«Зыходжу з таго, што прэзыдэнт Украіны абавязаны неадкладна зьвярнуцца на адрас генэральнага сакратара ААН, а таксама кіраўніцтва Эўрапарлямэнту і Рады Эўропы з патрабаваньнем тэрміновага скліканьня Рады Бясьпекі ААН, выканаўчых органаў Эўразьвязу і Рады Эўропы з мэтай папярэджаньня пагрозы прамой расправы над карэнным народам Крыма, што зыходзіць з боку Расеі, якая акупавала паўвостраў», — адзначыў Рэфат Чубараў.

Ён таксама адзначыў, што такія дзеяньні Натальлі Паклонскай лягуць у аснову абвінавачваньняў супраць яе, уключна зь дзяржаўнай здрадай.

«Прынятае рашэньне „аб прыпыненьні дзейнасьці Мэджлісу крымскіх татараў“ Паклонскай — асобай, якая незаконна выконвае функцыі „пракурора“ ва ўмовах часова акупаванага Крыму, — безумоўна, зьяўляецца першапачаткова нікчэмным, аднак будзе забясьпечвацца карнымі органамі Расейскай Фэдэрацыі, акупавала Крым», — кажа Чубараў.

Абарона Мэджлісу ўжо заявіла, што абскардзіць гэтае рашэньне.

13 красавіка Натальля Паклонская паведаміла, што прыняла рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці Мэджлісу крымскататарскага народа на тэрыторыі паўвострава. Паводле яе слоў, Мэджлісу забараняецца карыстацца ўсімі дзяржаўнымі і муніцыпальнымі СМІ, праводзіць публічныя масавыя сустрэчы, выкарыстоўваць банкаўскія ўнёскі і наогул праводзіць любую працу.

У лютым 2015 году Натальля Паклонская зьвярнулася ў падкантрольны Расеі Вярхоўны суд Крыму з пазовам аб забароне дзейнасьці Мэджлісу, у сакавіку пачаўся працэс па гэтым пазове. Чарговае пасяджэньне суда па гэтай справе прызначанае на 15 красавіка.

Кіраўнікі Мэджлісу прагназуюць, што, хутчэй за ўсё, суд задаволіць патрабаваньні пракуратуры.

Міністэрства замежных спраў Украіны выказала рашучы пратэст у сувязі з дзеяньнямі расейскіх уладаў, накіраванымі на забарону дзейнасьці Мэджлісу. У ААН заклікалі Расейскую Фэдэрацыю не дапусьціць закрыцьця Мэджлісу крымскататарскага народа ў Крыме. Эўразьвяз таксама выказаў занепакоенасьць намерамі забараніць дзейнасьць Мэджлісу.

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцыяў. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

XS
SM
MD
LG