Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў кіроўцу, які ўзяў аўтаспыншчыка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіроўцу абвінавачвалі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, бо пасажыр за паездку ад Сьвіслачы да Менску пакінуў яму 25 тысяч рублёў.

Эканамічны суд Менскай вобласьці 13 красавіка пастанавіў спыніць справу ў дачыненьні да кіроўцы Івана Сапоненкі, якога абвінавачвалі ў незаконным падвозе пасажыра, паведамляе БелаПАН.

«Спыніць справу за недаказанасьцю віны», — пастанавіў судзьдзя Ўладзімер Ціцянкоў.

15 сакавіка Іван Сапоненка бясплатна падвёз пасажыра з пасёлку Сьвіслач у Менск. Транспартная інспэкцыя расцаніла гэта як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць (ч. 1 арт. 12.7 КаАП).

Кіроўца настойваў, што грошай у спадарожніка ня браў і браць не хацеў. Пасажыр Яўген Шпаковіч патлумачыў у судзе, што з уласнай ініцыятывы пакінуў на падлакотніку паміж сядзеньнямі 25 тысяч рублёў. Ён ня ведае, ці бачыў гэта Сапоненка.

«Кошт паездкі не абвяшчаўся. Я сам вырашыў заплаціць у якасьці падзякі», — заявіў Шпаковіч.

Прадстаўнікі транспартнай інспэкцыі настойвалі, што атрымалі ад легальных перавозчыкаў скаргу, што пасажырапаток упаў, бо жыхары Менску і раёну падвозяць людзей на асабістых аўто. Нібыта ў гэтай скарзе згадвалася і машына Сапоненкі.

Аднак суд пастанавіў, што віна кіроўцы не даказаная, і спыніў справу.

Адвакатка Івана Сапоненкі таксама накіравала скаргу на неправамерныя дзеяньні супрацоўніка транспартнай інспэкцыі, які склаў пратакол у дачыненьні да яе даверніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG