Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдзе «Тотальный диктант». «Русский мир ня сьпіць» — Трусаў


Ілюстрацыйнае фота. Беларуская дыктоўка ў Магілёве на Дзень роднай мовы
Ілюстрацыйнае фота. Беларуская дыктоўка ў Магілёве на Дзень роднай мовы

Дыктоўка пройдзе 16 красавіка, сярод іншага ў памяшканьнях дзяржаўных унівэрсытэтаў. Старшыня ТБМ бачыць у арганізацыі такой дыктоўкі сьлед «русского мира».

У суботу 16 красавіка ў Менску пройдзе «Тотальный диктант» — этап міжнароднай дыктоўкі па расейскай мове, якая адбываецца ў амаль сямі дзясятках краінаў. Беларусь сярод удзельнікаў дыктоўкі ўпершыню.

Аўтарам тэксту для дыктоўкі сёлета будзе расейскі дзіцячы пісьменьнік Андрэй Усачоў. Дыктоўка пройдзе ў Навуковай бібліятэцы БНТУ, у паточнай аўдыторыі БДМУ, у кавярні «Прафітроль» і «Доме Масквы», таксама дыктоўку можна напісаць анлайн. Пачатак а 15-й гадзіне, меркаваная колькасьць удзельнікаў — агулам каля 350 чалавек.

Галоўнай мэтай дыктоўкі арганізатары называюць прыцягненьне ўвагі да праблемы непісьменнасьці. Арганізатарка менскай дыктоўкі Іна Хазеева кажа, што ў будучыні плянуе арганізаваць і беларускую дыктоўку.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць няправільным тое, што дыктоўка праводзіцца толькі на адной дзяржаўнай мове, прычым не на мове тытульнай нацыі:

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Я думаю, гэта рэакцыя нашых усходніх „сяброў“ на нашу нацыянальную дыктоўку. За сьпінай ініцыятараў, мабыць, стаяць вядомыя нам прыхільнікі „русского мира“, такое ў мяне ўражаньне. Тым больш што расейскамоўных масавых дыктовак у нас ніхто не рабіў. Мне здаецца, калі гэта недзяржаўныя арганізацыі ладзяць, то, значыць, усё ідзе адтуль, „русский мир“ ня сьпіць.

На сёлетні Дзень роднай мовы была дзявятая нацыянальная дыктоўка, сёлета яна прайшла надзвычай актыўна. І хоць я пісаў уладам, каб правесьці нацыянальную дыктоўку ў Дзень роднай мовы, нам адказалі, што ня могуць правесьці, бо ў нядзелю школы не працуюць. Перанесьці на суботу не прапаноўвалі.

Тым ня менш у гэтым годзе дыктоўка прайшла вельмі актыўна, у тым ліку ва ўнівэрсытэтах і школах. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы і мясцовыя ўлады нашу дыктоўку падтрымлівалі. Дарэчы, яна праходзіць і цяпер. Нядаўна ў Гародні прайшла дыктоўка па творах Ніла Гілевіча. І дыктоўка праводзілася ня толькі ў Беларусі, яе пісалі беларускія патрыёты ў Расеі, Польшчы, Амэрыцы, Канадзе... па ўсім сьвеце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG