Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Уладзімір Гройсман даў згоду ўзначаліць урад Украіны


На адкрыцьці пасяджэньня ўкраінскага парлямэнту 13 красавіка сьпікер Рады Уладзімір Гройсман даў згоду ўзначаліць урад Украіны. Па словах Гройсмана, яму ўдалося дамовіцца з парлямэнцкай кааліцыяй пра склад ўраду.

«Я думаю, што ў нас будзе магчымасьць сёньня сустрэцца, правесьці сход кааліцыі для таго, каб заўтра выйсьці на галасаваньне па стварэньні новага ўраду, зацьвярджэньні праграмы дзеяньняў», -сказаў сьпікер.

Пра тое, што кандыдатура кіраўніка ўраду ўзгоднена, паведаміў таксама кіраўнік фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» ў Вярхоўнай Радзе Юрый Луцэнка.

«Учора, у дзень касманаўтыкі, зьбіраўся арганізоўваць Агенцтва пошуку іншаплянэтнага розуму. Таму што тут яго відавочна няма. Але апоўначы прыкметы розуму наведалі і нашы пагоркі. Кандыдат у прэм’еры і склад урада ўзгоднены», — напісаў Луцэнка ў «Фэйсбуку».

Напярэдадні дэпутаты так не змаглі дамовіцца аб фарміраваньні новага ўраду пад кіраўніцтвам цяперашняга сьпікера ўкраінскага парлямэнта Ўладзіміра Гройсмана (СМІ называюць яго галоўным кандыдатам на пост прэм’ера).

Па дадзеных крыніц тэлеканала Эспрессо.TV Гройсман тройчы на працягу дня адмаўляўся ад пасады прэм’ера з-за рознагалосьсяў па кадравых пытаньнях. У фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» абмяркоўваліся кандыдатуры Луцэнкі і прадстаўніка прэзыдэнта ў Радзе Сьцяпана Кубіва на пасаду прэм’ера, распавяла крыніца.

Паводле слоў дэпутата Мустафы Найема, рашэньне зацягнулася з-за перамоў адносна кандыдатур на пасаду кіраўнікоў трох міністэрстваў — энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці, эканомікі і аховы здароўя.

10 красавіка Яцанюк заявіў, што сыходзіць у адстаўку, назваўшы ў якасьці прычыны «штучна створаны крызіс у краіне».

Палітычны крызіс ва Ўкраіне, які прывёў да расколу кіруючай кааліцыі ў Радзе і затармазіў правядзеньне рэформаў, неабходных для атрыманьня крэдытаў МВФ, доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG