Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква адрадзіла ў Нямеччыне старую сетку Штазі»


Нямецкі журналіст Барыс Райтшустэр напісаў кнігу пра тайных байцоў Крамля і гібрыдную вайну супраць ФРГ.

Масіраваная прапаганда, накіраваная перш за ўсё на рускамоўную супольнасьць. Умацаваньне сувязяў з правымі папулістамі, якія карыстаюцца ўсё больш вялікім палітычным «попытам». Нарэшце, стварэньне пад выглядам спартыўных клюбаў сеткі патэнцыйных баявых атрадаў. Такія, на думку нямецкага журналіста Барыса Райтшустэра, тры галоўныя складнікі «тайнай вайны Пуціна», якую расейскі прэзыдэнт разьвязаў супраць Нямеччыны.

Менавіта так называецца кніга «Тайная вайна Пуціна» (па-нямецку — Putins verdeckter Krieg), якую напісаў Райтшустэр і якая ў гэтыя дні выходзіць у сьвет у адным з нямецкіх выдавецтваў. Напярэдадні выхаду кнігі невядомыя хакеры ўзламалі электронную пошту журналіста, а яго акаўнты ў сацыяльных сетках падвергліся нападам «троляў».

Барыс Райтшустэр 16 гадоў жыў у Расеі, дзе працаваў кіраўніком карэспандэнцкага бюро нямецкага часопісу «Фокус». Аўтар распавёў Радыё Свабода пра тое, да якіх высноваў ён прыйшоў падчас працы над кнігай.


— Барыс, ваша кніга называецца «Тайная вайна Пуціна». Чаму такая жорсткая назва? Вы лічыце, што Пуцін сапраўды разьвязаў ў Нямеччыне нешта накшталт гібрыднай вайны?

— Я бачу цяпер усё тое, што я бачыў ва Ўкраіне, за выключэньнем «зялёных чалавечкаў», — яны ў нас у Нямеччыне ў прынцыпе напагатове, але проста яшчэ не задзейнічаныя. Так, я лічу, што гэта гібрыдная вайна, як яе апісваў генэрал Герасімаў, што яна ідзе на ўсю моц. Я ў 2012 годзе зьехаў з Расеі, шмат што з таго, што адбывалася там, мне ўжо не падабалася. І раптам я пачынаю выяўляць збольшага тое ж самае ў Нямеччыне. Тут вельмі ясна адчуваецца рука Пуціна, проста немцы ўсяго гэтага не ведаюць, у іх імунітэту да гэтых рэчаў няма. Напэўна, трэба было пражыць 16 гадоў у Расеі, каб разумець, што тут адбываецца. Таму што звычайнаму нямецкаму абывацелю гэта незразумела. Калі б я ня жыў бы 16 гадоў у Расеі, я б, напэўна, таксама шмат чаго не разумеў.

— А што вы маеце на ўвазе канкрэтна? Цяперашнюю прапагандысцкую хвалю, у прыватнасьці, тое, што было зьвязана зь гісторыяй нібыта згвалтаванай дзяўчынкі Лізы ў Бэрліне, або ёсьць яшчэ нейкія глыбінныя рэчы, пра якія шырокая публіка не ведае?

— Гэтых рэчаў вельмі шмат. Калі я пачаў ва ўсім гэтым капацца, то быў літаральна ў жаху. У прыватнасьці, тут ёсьць тайныя байцы Пуціна — гэта людзі, якія праходзяць навучаньне па праграме падрыхтоўкі спэцназу і ў выпадку чаго могуць дзейнічаць. Гэта гучыць дзіка, але, як гісторыя паказвае, тое ж самае рабілі ў ГДР падчас падзелу Нямеччыны. Гэта старыя кагэбэшныя штукі, іх практыкавала Штазі. Проста мы развучыліся гэта распазнаваць. Нават заходнія службы тады тайныя брыгады так і не рассакрэцілі, пакуль Бэрлінская сьцяна ня пала. Гэта раз. Другое, пра што вы гаварылі: прапаганда вельмі моцная ідзе праз рускае тэлебачаньне, якое ўплывае на амаль чатыры мільёны рускамоўных у Нямеччыне.

Нарэшце, вядзецца праца са СМІ, гэта таксама ў часы ГДР рабіла Штазі, у іх былі вельмі хітрыя спосабы ўплываць на заходнія СМІ. Практычна відавочна, што Масква аднавіла старую сетку Штазі. Сёй-той думаў, што яна была ўся выкрытая пасьля канца халоднай вайны, але гэта зусім ня так. Яе заходняя частка, заходнія актывы і кантакты былі захаваныя Масквой, пра гэта і сам Пуцін раней казаў. Самі падумайце, сьмешна верыць у тое, што Пуцін — такі сумленны гулец, што ён не скарыстаецца гэтымі старымі сувязямі. Старая рэзыдэнтура, якая перайшла да Пуціна, цяпер задзейнічана — і гэта тлумачыць многае з таго, што адбываецца. Сьпіс магу працягваць амаль бясконца, у мяне ў кнізе 300 зь лішнім старонак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG