Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падгол – Лукашэнку: «Ды ачніся! 25 гадоў мы ўжо незалежная дзяржава. І мы не частка Расеі»


«Ці можна абудзіць Аляксандра Лукашэнку ад чмуру расейскіх наркаабдымкаў?» Разважае палітоляг Уладзімер Падгол, які заклікаў кіраўніка краіны ўсталяваць наркакантроль на мяжы з Расеяй

Уладзімер Падгол

У пятніцу 8 красавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па барацьбе з наркотыкамі, пад час якой канстатаваў:

«Беларусь не ізаляваная ад астатняга сьвету, і наркапагроза застаецца. Неабходна прааналізаваць сытуацыю і паставіць адно пытаньне, а можа і некалькі: вызначыць, якія дадатковыя рашэньні патрэбныя ў сувязі з гэтай вострай праблемай. Мы заўсёды ганарымся тым, што наша краіна транзытная, мы атрымліваем ад гэтага пэўныя выгады. Але ў той жа час ёсьць велізарны нэгатыў, і ён, на жаль, павялічваецца, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне.

Больш за ўсё наркотыкаў у Беларусь паступае з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Прычым у разы больш чым з суседніх дзяржаваў. Мы гэта ня проста фіксуем, а канфіскоўваем адпаведнае зельле ў наркаманаў і выразна разумеем, адкуль усё гэта».

Цікавы момант. Словы Лукашэнкі пра тое, што з Расеі ідзе «ў разы больш наркотыкаў чым з тэрыторыі суседніх дзяржаваў» можна ўбачыць на відэа, а вось у тэкставых рэпартажах прэзыдэнцкіх тэлеканалаў гэтых слоў я не знайшоў.

Месяц таму 5-га сакавіка і 6-га гэтага года ў паўторы я глядзеў штотыднёвую аналітычную перадачу тэлеканала АНТ Контуры. На самым пачатку прайшоў вялікі сюжэт пра міліцыю, інтэрвію з міністрам МУС Шуневічам. Ён сказаў: «Традыцыйна Беларусь лічылася транзытнай краінай для наркотыкаў. Сёньня, на жаль мы разглядаемся наркадзялкамі як краіна спажывец».

Унутры сюжэта паказалі дакумэнтальны фільм пра судовы працэс над 17-ю наркадзялкамі.

У фільме прагучаў сказ Аляксандра Лукашэнкі: «Амаль усе наркотыкі прыходзяць з Усходу. Дагляду на мяжы няма».

(7.40/16.43)

8 сакавіка я напісаў ліст Лукашэнку, каб той увёў наркакантроль на мяжы з Расеяй. Намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб К.Г. Побаль адказаў мне, што мой ліст пераслалі ў МУС. Адказ з МУС напісаў начальнік галоўнага ўпраўленьня В.М. Лосіч. Ён падрабязна паведаў мне, як змагаюцца за наркотыкамі. Адказаў па-беларуску.

Але ж я пісаў Лукашэнку пра неабходнасьць увядзеньня наркакантролю на мяжы з Расеяй. І нават Шуневіч ня мае на то паўнамоцтваў.
Тады я напісаў кіраўніку КДБ Вакульчыку пра гэтую гісторыю і прапанаваў разабрацца з тымі, хто ў адміністрацыі Лукашэнкі бярэ на сябе функцыі кіраўніцтва дзяржавай. І вось нечаканая нарада Лукашэнкі па барацьбе з наркотыкамі.

З моманту майго звароту да Лукашэнкі (8 сакавіка) да яго нарады прайшоў роўна месяц. Можна толькі здагадвацца, ці простае гэта супадзеньне: мой ліст да Лукашэнкі і Вакульчыка і гэтыя нарада.

Агульная выснова, якая гучала з вуснаў уладара наркотыкаў: „Мы перамаглі наркадзялкоў“. Але ж засталіся пытаньні Лукашэнкі з пачатку нарады: „Неабходна прааналізаваць сытуацыю і паставіць адно пытаньне, а можа і некалькі: вызначыць, якія дадатковыя рашэньні патрэбныя ў сувязі з гэтай вострай праблемай“.

Але галоўнае ўражаньне такое: Лукашэнка як чорт ладану палохаецца словаў пра мяжу з Расеяй. Ні слова пра неабходнасьць наркакантролю на гэтай мяжы не прагучала зь яго вуснаў.

7 красавіка на МАЗе кіраўнік дзяржавы пачаў візыт з ушчуваньня дырэктара:

Я не пасьпеў сюды прыйсьці — журналістам важна — вы мне пачалі расказваць пра Расею. Ды ачніся! 25 гадоў мы ўжо незалежная дзяржава. І мы не частка Расеі. У Расеі свае праблемы“. (СТВ і БТ-1 7.04.2016)

Словы А. Лукашэнкі можна з поўнай падставай адрасаваць яму самому:

«Ды ачніся! 25 гадоў мы ўжо незалежная дзяржава. І мы не частка Расеі».

А дадаць трэба наступнае:

Мяжа з Расеяй — частка тэрыторыі Беларусі. І сувэрэнітэт над тэрыторыяй Беларусі — гэта і сувэрэнітэт над мяжой.

Там жа сёньня ўладараць наркадзялкі. Яны бескантрольна правозяць у Беларусь наркотыкі.

Даўно пара ўсталяваць сувэрэнітэт над мяжой увесьці наркакантроль на мяжы з Расеяй. І ня толькі.

Лукашэнка як чорт ладану палохаецца словаў пра мяжу з Расеяй

Нядаўна на сустрэчы з амэрыканскім чыноўнікам кіраўнік Беларусі паведаміў, што Беларусь «наваднена зброяй з Украіны». Але ж на мяжы з Украінай поўны памежны кантроль. Праз тую мяжу нават сала немажліва правесьці. Рэгулярна канфіскуюць памежнікі. Значыцца зброю правозяць як і наркотыкі праз мяжу Беларусі і Расеі. Адсюль вынікае неабходнасьць увядзеньня на мяжы з Расеяй кантролю і за перасоўваньнем зброі і выбуховых рэчываў.

У панядзелак прэзыдэнцкія тэлеканалы паказалі, як на мяжы з Расеяй расейскія памежнікі зладзілі татальны кантроль аўто, якія заяжджалі зь Беларусі. Чэргі выбудаваліся на кілямэтры. А вось беларускіх памежнікаў там няма, мытнікі таксама ні наркату, ні зброю ня ловяць. Ну хоць бы адзін патрон знайшлі! Дык не!

У Лукашэнкі язык не паварочваецца сказаць пра неабходнасьць наркакантролю на мяжы з Расеяй і кантролю за перасоўваньнем зброі.

Нарката і зброя з Расеі больш жудасная рэч для нашай моладзі

Ці атрымаецца пасунуць яго ў бок абароны нацыянальных інтарэсаў?
У 1996—м калі на Чарнобыльскі шлях выйшла 50 тысячаў, ды выйшлі з лёзунгам абароны нашых хлопцаў ад вайны ў Чачні, ён пакляўся, што ніводзін беларус ня будзе ваяваць за межамі Беларусі.

Прыкладна такім жа чынам адстаялі чысьціню нашых вайсковых аэрадромаў ад расейскіх зьнішчальнікаў.

Нарката і зброя з Расеі больш жудасная рэч для нашай моладзі. Нездарма нават міністар МУС Шуневіч канстатаваў 5 сакавіка на АНТ, што Беларусь з краіны транзіцёра наркотыкаў ператварылася ў краіну — спажыўца. Хочацца пакласьці гэтай пагрозе канец. Няўжо будзем чакаць покуль наркадзялкі падсодзяць на іглу Колю, і бацька возьмецца за абарону усіх коль, маш, і саш.

Пра аўтара:

Уладзімер Падгол — палітоляг, журналіст, кандыдат філязофскіх навук. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псыхалёгіі», раманаў «Куля для прэзыдэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны». Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Інфармацыйныя і сацыяльныя інавацыі». Стваральнік Музэю жорнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG