Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары, якія нікога не аб'яднаюць


Ці здолее апазыцыя вылучыць адзіны сьпіс кандыдатаў на парлямэнцкія выбары? Чаму раней часам атрымлівалася дасягнуць згоды?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.


Цыганкоў: Наўрад ці. Нагадаю, што правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзіць АГП, БХД і рух «За Свабоду», нядаўна абвясьціла, што мае намер вылучыць на выбары ў Палату прадстаўнікоў кандыдатаў у 93 акругі са 110-ці. Кожны з удзельнікаў кааліцыі вылучае па траціне кандыдатаў. Як патлумачылі прадстаўнікі трох структураў — Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі ды Юрась Губарэвіч — 93 кандыдаты абраныя не таму, што ў правацэнтрысцкай кааліцыі няма сілаў закрыць усе 110 акругаў. У 17 акругаў яна наўмысна ня будзе вылучаць сваіх кандыдатаў, бо па гэтых акругах будуць ісьці моцныя кандыдаты ад саюзных правацэнтрысцкай кааліцыі структураў.

Зь іншага боку, мы ведаем, што партыя БНФ вырашыла ісьці на выбары асобнай калёнай, без усялякіх кааліцыяў. Называліся розныя лічбы, але прынамсі палову акругаў партыя зьбіраецца пакрываць сваімі ўласнымі сіламі.

Кожная палітычная сіла разумее, што ў цяперашніх беларускіх умовах наўрад ці каго з апазыцыянэраў прапусьцяць у парлямэнт.


Незарэгістраваная Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыя (Народная Грамада), якую ўзначальвае Мікола Статкевіч, заклікала сфармаваць адзіны сьпіс дэмакратычных кандыдатаў, каб найбольш эфэктыўна скарыстаць гэтак званыя «парлямэнцкія выбары».

Такім чынам, мы бачым розныя пасланьні ад розных прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Відавочна, правацэнтрысцкая кааліцыя адчувае сваю пэўную перавагу, яны маюць зарэгістраваныя структуры і гэта, безумоўна, ёсьць перавагай падчас выбарчай кампаніі. Калі для несанкцыянаваных мітынгаў не патрэбная афіцыйная рэгістрацыя партыі, то для выбарчай кампаніі наяўнасьць рэгістрацыі якраз вельмі істотны чыньнік. Тут зарэгістраваныя партыі маюць фармальную і арганізацыйную перавагу. Таму, напэўна, і БНФ зьбіраецца ісьці самастойна.

На гэтых выбарах дэмакратычным сілам будзе цяжка дамовіцца пра адзіны сьпіс.


У любым выпадку, выбары — гэта рэч, дзе кожная палітычная сіла разумее, што ў цяперашніх беларускіх умовах наўрад ці каго з апазыцыянэраў прапусьцяць у парлямэнт, а калі пра такое гавораць, дык хутчэй маюць на ўвазе прадстаўнікоў «Гавары праўду». Выбары зьяўляюцца трэніроўкай партыйнай сілы. Фармаваньне партыйнага сьпісу ішло б больш лёгка, калі б партыі спадзяваліся на перамогу ў акругах. Таму на гэтых выбарах дэмакратычным сілам будзе цяжка дамовіцца пра адзіны сьпіс.

Дракахруст: Я згодны з вашым прагнозам, Віталь, але нязгодны з вашымі тлумачэньнямі. Вы казалі, яны не разьлічваюць на посьпех. Але на пазамінулых парлямэнцкіх выбарах у 2008 годзе таксама не разьлічвалі — усе ведалі, у якой краіне яны жывуць. Але тады пэўная каардынацыя была.

Зь іншага боку, апошнія гады ўнутры апазыцыі адбываецца арганізацыйны крызіс. У 2015 годзе да зьяўленьня праекту «Караткевіч» апазыцыя мела магчымасьць і час дамовіцца пра адзінага кандыдата. Хто перашкаджаў гэта зрабіць Уладзімеру Някляеву, тады яшчэ кіраўніку «Гавары праўду», Анатолю Лябедзьку і Сяргею Калякіну?

Гэтым разам кожны будзе саім па сабе. Не таму, што яны не спадзяюцца на посьпех на парлямэнцкіх выбарах, а таму, што працягваецца арганізацыйны і маральны крызіс.


Так і цяпер, Мікола Статкевіч і яго паплечнікі выступілі з ідэяй скліканьня кангрэсу, а іншым, кіраўнікам партыяў, сказалі — далучайцеся. А нельга было спачатку дамовіцца ці, прынамсі, высьветліць, каму той кангрэс патрэбны?

У 2008 годзе, напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, не праводзілі кангрэсу, а селі і падзялілі акругі. Такія дамоўленасьці былі ў беларускай найноўшай гісторыі. Яны ніколі не былі ідэальнымі, але зараз такое ўражаньне, што ніхто ня хоча ні з кім нічога ўзгадняць. Я згодны, што гэтым разам кожны будзе саім па сабе. Не таму, што яны не спадзяюцца на посьпех на парлямэнцкіх выбарах, а таму, што працягваецца арганізацыйны і маральны крызіс, які мы назіралі летась.

Цыганкоў: Даволі істотны чыньнік: раней заходнія партнэры больш актыўна прапаноўвалі і раілі апазыцыі аб’яднацца. Зараз гэтых парадаў стала менш, і гэта больш спрыяе разьяднаньню — хто ў лес, хто па дровы.

Карбалевіч: Сапраўды, такіх вялікіх супярэчнасьцяў у апазыцыйным асяродзьдзі, як зараз, не было ніколі. Існуе некалькі груповак, кампанія «Гавары праўду» ідзе асобна і ўвогуле ня хоча, каб яе зьвязвалі з астатняй апазыцыяй. Затым правацэнтрысцкі блёк з трох арганізацыяў (АГП, рух "За свабоду і БХД). Партыя БНФ ідзе асобна. Ёсьць таксама група прыхільнікаў правядзеньня кангрэсу дэмакратычных сілаў (М.Статкевіч, У.Някляеў, С.Шушкевіч, В.Сіўчык), у якіх фактычна няма структураў. Асобна ідуць левыя партыі: Справядлівы сьвет, БСДП. Невядома, ці атрымаецца ў іх нейкая кааліцыя. Таму з гэтай разнастайнасьці нічога не атрымаецца.

Каб атрымаць патрэбны эфэкт, трэба адзінае пасланьне ад усёй апазыцыі.


Акрамя таго, адзінага сьпісу мала. Каб атрымаць патрэбны эфэкт, трэба адзінае пасланьне ад усёй апазыцыі.

Але, паводле сацыялягічных апытаньняў, апазыцыі давярае 13% насельніцтва. І ўсе буры і спрэчкі ў апазыцыйным асяродзьдзі адбываюцца на гэтым маленькім электаральным полі. Таму ня варта перабольшваць тыя працэсы, якія там ідуць. Яны ня моцна ўплываюць на сытуацыю ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG