Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хварэю. З мамай гляджу тэлевізар. Нешта паказваюць мыльна-няўцямнае. Мама адцягваецца ад экрана. Ёй не падабаецца вопратка гераіні, і мама ўспамінае, як выйгрышна на зьнешнасьць выглядала Марлен Дзітрых у адрозьненьне ад сучасных акторак.

Хварэю. З мамай гляджу тэлевізар. Нешта паказваюць мыльна-няўцямнае. Мама адцягваецца ад экрана. Ёй не падабаецца вопратка гераіні, і мама ўспамінае, як выйгрышна на зьнешнасьць выглядала Марлен Дзітрых у адрозьненьне ад сучасных акторак. Успамінае, як упершыню пабачыла Марлен Дзітрых.

— Очэнь даўно гэта было. Очэнь даўно.

— У кінатэатры?

— Да. Я тагда мала знала акцёраў гэтых. А это дзействіцельно была зьвезда. Не сказаць, што красавіца, но так дзержыцца, нехаця абраціш вніманіе. Вабшчэ, што я сматрэла ў моладасьці, цяпер сматру зусім па-другому.

— Натуральна. Ты ж іншая, і часы зьмяніліся.

— Зара ўсё саўсем ня так. Вот сколька было савецкіх ці беларускіх фільмаў пра гэтыя заводы, калхозы, піянеры, камсамолы. Тагда ня так, панімаеш, чалавек успрынімаў. Яшчэ незрелы такой быў. Но во всяком случаі я жыла ў врэмя такое, што вы этага ня відзелі і ня ўвідзіце. Я — сьвідзецель історыі. Вот, панімаеш, ужэ тагда я рэальна магла панімаць, як жыла страна. Як прыязджалі агіціраваць ў калхоз, як людзі не хацелі. «Тагда па вуглы абрэжам!» — угражалі.

— Што значыць «па вуглы»?

— Ну, в смысле: па самую хату, па наружныя вуглы хаты, не палучыш ніякіх сотак. Каровы ня пусьціш пасьціць. Не дадуць табе зямлі.

— І йшлі тады ў калгас?

— Запісваліся. Прыязджалі да нас парційцы агіціраваць. Не давалі жыць свабодна. А ў нас гаспадарка добрая была. Помню татусь купіў сьвіран. Была ступенька шырокая перад сьвіранам. Можна было і пазагараць. Красівы выстраен, гатовы з бровен, на немецкі вугал апілены. Бо да гэтага рабілі, што броўны тырчэлі накрэст па вуглах, а то была роўная сьцяна, гладкая. Перавозілі сьвіран з Укропінкі. На Ўкропінке строілі яго. Зярно туды ссыпалі: жыта, ячмень, авёс. Гарох ссыпалі. Разгароджаны быў сьвіран на каўтухі. Па чатыры з кожнай стараны, панімаеш?

— Я бачыла карцінкі, уяўляю.

— А якая была малатарня ў Чарнятах! Гэта ў родственьнікаў нашых, у Завадскіх. Двое коней запрагалі і малацілі жыта, гарох, авёс. Усё малацілі.

— А коні хадзілі па кругу?

— А коні па кругу. Там жа хто-та стаіць, каб падаваць гэта ў малатарню. Усё гэта адбіваюць. Сыпецца зярно. А салома ўжо на корм скату. У старану складывалі... А як пачаліся калхозы, дык забралі ў татуся каня, упраж, брычку, калёсы. Каня сам адвёў у Клідзеняты, там усадзьба была глаўная калхозная. Калхоз называўся «Краснае знамя». Татусь плакаў, калі вярнуўся. Я болей ніколі ня відзела, каб ён плакаў. Баяліся нават падыходзіць. Сядзеў адзін за сталом.

— Бедны дзядуля!

— А калі Сталін памёр, зьбіралі ўсіх на сабраніе. Ня помню ў якой хаце было, но к нам прыходзілі і апавяшчалі, каб усе былі на сабраніі.

— Хто збіраў на сабраніе?

— Нейкі быў пасланец. З горада нехта. Пасылалі ж парламенцёраў па ўсіх вёсках. Давалі такое заданіе служачым гарадскім. І пашлі мамуся і татусь на сабраніе. Як вярнуліся, мамуся казала, што так ужо Дуня плакала.

— Што за Дуня?

— Еўдакія. Дунечкай звалі ўсе. Дунечка жыла с Франуком, не было дзяцей у іх. Яна некалі служыла у багатай сям’і кухаркай. І была проціў другіх болей халёная. Што-та ўзяла аттуда: і гаварыць, і абрашчацца. Але ніколі не сьнімала платок, гаварылі, што была лысіна на галаве. Больш зь вясковых ніхто не плакаў, бо панімалі шыдэрства (па-польску: зьдзек, насьмешка — рэд.) гэтае. А што Дуня так ужо выгалашывала, дык усе зналі, што арцістка. Умела такую сыграць роль.

— Нашто ёй было іграць і перад кім?

— Былі ж прыехаўшы з горада нейкія. Дык перад імі.

*

Мама задумалася, глядзіць у вакно:

— Дык а пра што я пачала гаварыць?

— Ты хацела пра Марлен Дзітрых.

— Я помню, што яна залезла неяк у галаву.

— Чым?

— Ну вот я аб’ясьню. Там усё ў фільме было настолькі свабодна. Так у нас не было! І сь цех пор я ўзнала Марлен Дзітрых. Ня помню, пра што быў фільм.

— Як хаця б яна была апранутая? Ты звычайна памятаеш.

— Адзета была са вкусам, не крыкліва. Вот настолькі какім-то ўнутраньнім нечым яна смагла паказаць сябе, штоб замецілі талант. І з гэтага фільма я узнала пра яе. І так сразу і запомніла: Марлен Дзітрых.

*

Мама робіць націск на першы склад, ад гэтага нязвыклае імя гучыць зусім па-іншаплянэтнаму. Як зазвычай мама неўзабаве пераходзіць са стылю чужога, які б ён ні быў бездакорны, на ўспаміны пра адзеньне ўласнае. Тым больш пасьля Марлен, якая, як бы мовіць, накіравала мамін густ у патрэбны бок, і ўспамінае першае самастойна замоўленае паліто зімовае:

Мама ў чорным зімовым паліто.

Мама ў чорным зімовым паліто.


— Я ня замужам была, рабіла глаўбухам і паехала ў камандзіроўку ў Гродна. Судзіха, жонка суддзі, папрасіла забраць сына ад бабулі. Гэта была зіма, я была ў чорным пальто. Шляпка з куніцы і варатнік — кофе з малаком. Такі адценак у куніцы быў. Такое футра, як норка, толькі болей пушыстае. Шыў Міша — дальні родственьнік зь Вільнюса. Ён быў майстра высшага класа па жаночай верхней адзежы, у атэлье «Люкс» рабіў. Посьле савешчанія, як всегда арганізавалі ужын у рэстаране з калегамі. Селі, па сто грам, як ўсягда. А Дора, яўрэйка такая крупная, на ёй было аранжавае плацьце жаўтаватае, лімоннае такое, апельсінавае, і яна гэта плацьце, ня ўспела начаць ужынаць, і ўжо заляпала яго.

— Але ж!

— Яўрэйка!

— І што з таго?

— Вот паслухай, мне расказывала ейная сяброўка, што як ехаць на савешчаніе ў Мінск ці ў Гродна, дык Дора пазычала ў яе сумку. А яна так не хацела ёй даваць, бо Дора толькі сядзе ў поезд, на калені сумку паложа і ўся кладзецца на яе. Аддавала назад мяшок прыплюснуты замест сумкі бесформенны. У адным двары іх дзецтва было, матка Доры часта варыла кісель у нямецкай каске.

— Сімвалічна.

— Каска была трохлітровая. А посьле можа літр умяшчаўся. Яно насыхала, і ніхто гэную каску ня мыў ніколі.

— Такая вялікая каска!

— Ну, такая была. Розныя ж галовы ёсьць... А ў Гродна пайшлі мы культурна ў рэстаран. Дора яна ўсегда мяне сьцерагла, каб толькі разам весяліцца. Мы умелі весяліцца. Ужынаем, а там аркестрык какой-то. Жывая музыка, я пласьцінак не люблю надта. Многа было мужчын. Жанчын менш. Канечна, Дора, яна як пойдзе, полрэстарана разматае ў танцах. Яна не ўнывала. А мяне прыгласіў танцаваць сімпацічны малады мужчына. Такі нічэво. Мужское такое было ў ім. І статнасьць. Не махлячок! Кажа, я з братам, у нас савешчаніе па сельскаму хозяйству. Нешта мы яшчэ гаварылі, і сабіраліся ўстрэціцца да атпраўлення поезда назаўтра. А мяне ж там як заглэндзілі з мальчыкам суддзіхі! Там па суседству ждалі доктора да бальнога дзіцёнка. Я толькі ў пад’езд ўвайшла, на мяне накінуліся радзіцелі хворага малога. Зацягнулі да іх у кварціру, не далі прагавырыць нічога, і скарэй: «Ой-ой! Тут бальной, ждзём» — гэта ўсё. Бо плоха з дзіцём, нервнічают усе. Я гавару: «Дайце высказацца!». І начынаю гаварыць, што я ня ўрач. А яны ня могуць паняць хто і што. Я гавару: «Мне мальчыка нада забраць, вот номер кварціры откуда».

— То бок ты зайшла ў агульны калідор, дзе чакалі доктара?

— Да! Да! І яны скарэй мяне папёрлі да сябе: «Доктар! Доктар! Доктар!» Не даюць нічога сказаць. Канечна, унешнасьць у мяне ў гэнай маёй адзеждзе была неплахая.

— Зрабіла ўражаньне.

— Ну так, упечатленьне такое, што можна было прыняць і за доктара, што не абы якое на мне. І ўсё — адпусьцілі. А посьле майго мальчыка ўжо адзелі. І я пашла на вакзал.

— Харошы мальчык быў?

Мама сьмяецца:

— Ня помню, які ён быў. Маленькі зусім, гадоў 6. Помню, мы ішлі, ён гаварыў са мной, я за ручку яго вяла. Падыходзім да вакзала, гляджу — браты чакаюць. А да поезда ўжо мала времені. А яны стаят і не падходзяць. Бо я з мальчыкам. Падумалі, наверна, што сын мой.

— А ты чаму не падышла і не сказала, што чужы мальчык?

— У мяне было мала время, а вдруг яшчэ астануся. Дзе дзецца мне тады? Калі ён будзе другі поезд той? Я патраціла врэмя на бальнога. А браты так глядзяць, так глядзяць! А я іду. А яны стаяць. Што яны думалі? Што во з дзіцёнкам не падашла і пайшла. Ім было горэй, чым мне. Яны ж ня зналі, што мальчык ня мой. І не знают до сіх пор...

*

Вечарам, калі занатоўвала гісторыю пра паліто, да мамы прыйшла суседзкая Лена калоць мілдранат, а я за ноўтбукам:

— Чым займаесься ?

— Пішу пра Марлен Дзітрых... Лена, калі ты ўжо запыталася, дык скажы першае, што прыходзіць на розум пры згадваньні імя Марлен.

— Я бачу прыгожую бляндынку на чорна-белым здымку. Вось ня ведаю, фарбаваная ці натуральная. Напэўна, не ад прыроды белая. А наша Таня, дарэчы, натуральная, і дарэчы падобная на Марлен. І такі позірк у Тані сумны, як у Марлен на тым здымку напаўпаварота. Каб Таню прыбраць, як Марлен, была б выкапаная Марлен.

— Сапраўды! Трэба ёй сказаць аб гэтым.

*

І, канешне, назаўтра я выпадкова сустрэла Таню ля Танінага пад’езду, і сказала ў лоб пра падабенства з Марлен.

— О, каб у мяне былі магчымасьці Марлен так апранаць сябе і даглядаць! Ты закранула маё хворае месца, — Таня нават заружавелася. Нечакана я трапіла ў яблычка балбатлівым языком. Між іншым, з Таняй калісьці здарыўся цуд, куды там Марлен з усімі яе фільмамі. Я ведала пра Таніна дзіўнае здарэньне, і вось прыйшоў, напэўна, час запісаць. Таня на дзіва лёгка пагадзілася расказаць пра цуд:

— Я ляжала ў шпіталі. Гэта здарылася глыбокай ноччу, калі ўсе-усе спалі. Самае глаўнае, што і я спала. І сон быў моцны, але раптам сярод ночы падымаю галаву і адчуваю, што на мяне ліецца зьзяньне. Я нічога не разумею, думаю: «Госпадзі, што гэта такое?» Я расчыніла вочы. Я іх проста распахнула са ўсей сілы. І гэты блакітны прамень, які прабіў сьцяну, ён са ўсей сілы мне па вачах прайшоўся! Я заснула ізноў. Толькі раніцой, калі прачнулася, зразумела, што са мной нешта ня тое. Адразу мне падалося, што я банальна з глузду зьехала. Таму што я адчула незвычайнае шчасьце, якое ні з чым параўнаць немагчыма! Ні зь ежай, ні з адзеньнем. Страшна грамаднае шчасьце! І тады я зразумела, што ўвесь час нешта нашу ў руках. Неістотна, што дакладна. Я проста не хаджу нідзе з пустымі рукамі.

— Што ты ўзяла ў рукі?

— Бутэльку з-пад ліманаду. Напэўна, мне неабходна была хоць якая-небудзь падтрымка. Іду я з бутэлькай і думаю: «Што гэта было?» Спрабую знайсьці адказ — параіцца няма з кім. А трэба сказаць, што хлопец у суседняй палаце павесіў на сьценку ікону з Ісусам Хрыстом. Я чамусьці ўвайшла ў палату з гэтай іконай. І тады ўсё зразумела. Сама. Мне Бог даў адказ на маё пытаньне! Што гэтае сьвятло — гэта быў Ісус. Я помню яшчэ, што хадзіла і квактала, як курыца: «У мяне дар! У мяне дар!» Усе на мяне глядзяць зьдзіўлена. Пасьля ўсё ж заткнулася. Думаю — маўчы. З тых пор я змоўкла. Але самае цікавае ня гэта, а тое, што рэчы, на якія ўсё жыцьцё я глядзела, аказваецца, я іх ня бачыла. А тут ўсё пачала бачыць: чалавечы арганізм, хваробы, колер вачэй у людзей, форму твараў. Я стала бачыць сутнасьць чалавечай прыроды.

— Таня, ты стала супэргераіняй са звышздольнасьцямі!
— Ня ведаю кім я стала, але мяне шандарахнула так, што да гэтага часу мазгі ня сталі на месца! І вот я з тых часоў такая далбанутая і хаджу.

— Шчасьлівая? — удакладняю.

— Наконт шчасьця... Шчасьце я адчула толькі ў той момант. Але я заўсёды памятаю пра гэты цуд. Таму хаджу ў храмы. Усе кажуць: «Чаго яна туды ходзіць? Чаго яна туды ходзіць?» А я проста абавязаная цяпер туды хадзіць. Калі Гасподзь памеціў, значыцца, так трэба. Я павінная ня тое, што бясконца маліцца. Я проста цяпер павінна Госпаду.

— Дар твой разьвіваецца?

— Так, я з гадамі лепш бачу людзкія душы, людзкія характары. Але для гэтага трэба прыкладаць пэўныя веды.

— Значыцца, ён табе дадзены для самаразьвіцьця?

— Ён мне дадзены для выратаваньня.

— Табе лягчэй стала жыць зь ім?

— Мне стала жыць вельмі цікава, таму што я бачу прыгажосьць людзей. Прыгажосьць наогул навакольля. Я бачу кожны лісьцік, кожную сьняжынку, кожную травінку. Я бачу, між іншым, і тое, што большасьць людзей — сьляпыя.

— Можа параіш ім, як жыць, каб лепш бачыць?

— Ёсьць адзіны сродак — быць людзьмі. Для гэтага трэба ўмець аддаваць, а людзі зацыкленыя на грашах. Трэба вучыцца спачуваць. Я гэта кажу не ад свайго ўласнага імя. Гэта само зь мяне ідзе. Мая сутнасьць цяпер такая. Раней я была сьляпым чалавекам, а калі мяне прабіў гэты яскравы блакітны прамень... Гэта такая прыгажосьць! Гэта быў Ісус Хрыстос. Для яго няма нічога немагчымага. Ён можа хадзіць праз сьцены. Праз адлегласьці. Гэта адзіны богачалавек, які прыйшоў на зямлю, каб усіх нас зрабіць шчасьлівымі. І так атрымалася ў маім жыцьці, што ён мяне выбраў. Чаму? За што? Ня ведаю. Можа гэты хлопец Юра маліўся за сябе, а трапіла мне? Чыста выпадкова. Зьлёгку даўбанула. Вот і хаджу я такая цяпер, наўродзе зь віду, як усе... Але... Але гэтае сьвятло, яно такое прыгожае!

*

Кадр з фільму «Блакітны анёл»

Кадр з фільму «Блакітны анёл»


Наступнай раніцай званок у дзьверы. Адчыняю — Таня. Сто гадоў не заходзіла, а тут прыйшла і, крыху саромеючыся, працягнула паўлітровы слоік малінавага варэньня. Са словамі: «Гэта натуральны прыродны асьпірын для разрэджваньня крыві. Вельмі карысны» — зьбегла па сходках. А гэта быў Сусьветны дзень паэзіі, наўрад ці Таня ведала пра яго. Тым даражэйшы быў ненаўмысны падарунак. Я, адчыніўшы варэньне, узброілася лыжкай і ўключыла «Блакітнага анёла». Першы фільм з Марлен, які адразу зрабіў яе зоркай. Але як жа яна ў «Анёле» падобная на Таню! Гэта значна пазьней у Амэрыцы зь яе зрабілі ікону стылю, яе прыгладзілі. А ў «Анёле» яна пакуль яшчэ прыродная. Колер валасоў натуральны сьветла-русы, як у Тані. І завіваюцца кучары непаслухмяна, як Таніны. Ну, Таня і Таня! Вельмі прываблівая Марлен ў раньніх сваіх ролях. І ў «Марока», у тым ліку, адразу пасьля «Анёла» зьнятым у тым жа 1930-м. Дарэчы, я заўважыла, што «Марока» насамрэч працяг «Анёла». Тая ж сьпявачка ў заштатным вар’етэ. Той жа чорны пупсік на ложку. У «Анёле» прафэсар у самым пачатку адносінаў з Лолай-Лолай, калі ўпершыню застаўся п’яны начаваць, дык прачнуўся зь ім у руках. У «Марока» легіянэр Гары Купэр таксама пакруціў і адкінуў пупсіка-нэгрыцёнка ў першы вечар, як прыйшоў да гераіні Марлен, якую тут завуць інакш, але яна магла мяняць сцэнічнае імя колькі заўгодна... Напэўна, гэта была любімая лялька Марлен, калі яна зь Нямеччыны прывезла яе за сабой ў Амэрыку, бо «Марока» — першая стужка ўжо амэрыканскага пэрыяду.

І вось сцэна вясельля Лолы-Лолы з прафэсарам. Сцэна невыносная. Прастафіля-настаўнік, стары і закаханы ў асяродзьдзі грубых не актораў нават, а па-правінцыйнаму жорсткіх клоўнаў. Марлен квокча па-курынаму, прафэсар кукарэкае, выцягваючы шыю, госьці рагочуць. Я, каб не засяроджвацца на жаласным вобразе наіўнага прафэсара, разглядаю шлюбны строй Марлен. І ён падаецца аддалена знаёмым. Дакладна! У цёці Ядзі на вясельных здымках менавіта такі вэлюм! Цёця Ядзя — жонка мамінага роднага брата. З усёй радні толькі ў іх было сапраўднае вясковае вясельле. Сто гадоў ня бачыла аж з самога дзяцінства гэтыя вясельныя фатаграфіі, але памятаю іх, і як любіла іх. Яны захоўваліся ў бабулі на шафе. З тых часоў прайшло больш за 30 год. Вядомая справа, накіроўваюся да цёці Ядзі на другі край горада. У прыватны сэктар. Я з ганку пытаюся пра старыя бабуліны здымкі і цёця іх выносіць. Захаваліся, ну ці ня дзіва! Цэлыя два папяровыя пакеты, у такіх пры савецкім часе прадавалі на вагу цукеркі-печыва, хто памятае. Такія ў амэрыканскім стылі бяз ручак, што трэба несьці, прыціскаючы да грудзей. Цёця так іх і выносіць. Я прагна накідваюся на скручаныя ад старасьці пажаўцелыя картачкі. Адхіляючыся бесьперапынна ад патрэбных шлюбных фотапошукаў, бо столькі цікавага на здымках. Потым пагляджу. Дарэчы, знайшла. Дзьве картачкі падпісаныя 1957-м годам. Так і ёсьць, вэлюм ў цёці, як у Марлен, але здымак больш мутны, чым я памятала, ня надта бачна дэталі. Патрэбныя цёціны удакладненьні.

Вясельле цёці Ядзі і дзядзі Эдзі

Вясельле цёці Ядзі і дзядзі Эдзі


— Цёця Ядзя, а ці рабілі ў вас на вясельлі якія абрады народныя?

— Знаеш, песьні былі. І дажэ бабы прыходзілі пастароньнія ў дзень свадзьбы, пяялі песьні жалобныя, каб плакала маладая. А есьлі яна ўжо ня плача, дык тады яшчэ такая песьня была:

О, дайце-дайце памочы
горкай цыбулі пад вочы.

— Нашто, каб маладая плакала?

— Што ідзеш ў чужы дом, і там будзе блага табе. Мама мне гаварыла, калі ты ўжо выйшла замуж, дык уставай первая і памагай свякроўке. Таму што, ты предстаў, гэта ж не то што зара — падпаліў газ і ўсё. Гэта ж нада запаліць печ, намяшаць бліноў на сям’ю, напячы, а гэта былі мы з Эдзяй, тры ягоныя сястры, брат Славік, бацька і матка. Дзьве каровы падаіць, сьвіньням даць, вады нанясьці. Дык я ўставала пара раз, а тады устроілі очэрэдзь, началі памагаць астальныя. Ня знаю, як было да мяне, ці памагаў хто, ці не, во гэта не магу сказаць...

— Вы любілі Эдзіка?

— Не любіла б, не пайшла б. У нас такія хлопцы ў Сукневічах былі прастыя, а ён умеў лапатаць. Мне казалі пра іх сям’ю, што яны такія людзі ў Перавозах знамянітыя. Не абы якія.

— А ці помніце вы свой шлюбны ўбор?

— Я помню ўсё. Я адалжала штапельнае плацьце. Такая ткань іскуственная. Не шолк, але як шолк.

— Фата красівая ў вас, як у старым кіно я бачыла...

— А фата... Гэта перад свадзьбай прыглашала я ў пятніцу дзевак, з каторымі я болей была, падружак такіх. Называлася ня дзевічнік, як цяпер, а «Дзевіч вечар». Дзевічы, наверно. Дзевак ня шмат было, можа 8. І там тады шылі гэту фату. А пасьля, як пашылі, угашчала ўсіх. І нада было вяночак з мірты плясьці абязацельна.

— А дзе мірту бралі?

— У нас быў вазон. Многа ў каго расла мірта ў вазонах. Яна пахожая на брусьнічнік. Мірта счыталася як сімвал нявіннасьці.

— А жаніх?

— Малады тожэ дзелаў вечар. Наймаў музыкантаў. Проста спраўляў танцы.

— І ўсё?

— Танцавалі. І ўсё.

XS
SM
MD
LG