Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі ў першым квартале склала 5,7%.


Між тым урад плянаваў, што гадавы рост спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі не перавысіць 12%.

Прэм’ер Андрэй Кабякоў тыдзень таму пры зацьвярджэньні Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў публічна заявіў, што «ўкласьціся ў вызначаны парамэтар можна».

Свабода пацікавілася ў эканамістаў: ці падзяляюць яны аптымізм кіраўніка ўраду?

Барыс Жаліба — доктар эканамічных навук, прафэсар:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Чаму ў першым квартале інфляцыя атрымалася такая высокая? Таму што быў падскок тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Пасьля, праўда, кошты трохі зьменшылі. Але менавіта ЖКГ найбольш павыцягвала грошай з нашых кішэняў.

Што будзе далей? На мой погляд, тут многае будзе залежаць ад пазыцыі Нацыянальнага банку. Калі ён і надалей будзе працягваць жорсткую грашова-крэдытную палітыку, як летась, калі рублёвая грашовая маса не павялічылася, то шанец укласьціся ў 12% гадавых ёсьць. Але гэта будзе магчыма, калі яшчэ станоўча паўплываюць і зьнешнія фактары — барэль нафты будзе каштаваць 40 і болей даляраў і ня будзе такой абвальнай дэвальвацыі рубля, якая была ў студзені і лютым.

Пры гэтых умовах шанцы ёсьць. Але вялікімі я іх назваць не магу.

Інфляцыя — гэта ня справа толькі эканамістаў. Яна здымае з кожнага жыхара Беларусі так званы інфляцыйны падатак. І гэта цяпер выразна відаць — цэны растуць, а людзі бяднеюць. І не заўжды лічбы гэта пацьвярджаюць. Глядзіце, раней інфляцыя была нават вышэйшая, чым сёлета, але тады адначасова павялічваліся і заробкі. А цяпер заробкі падаюць. І гэта толькі пагаршае сытуацыю. Атрымліваецца цікавы парадокс — сёлета інфляцыя не такая высокая, як у мінулыя гады, а пераносяць яе людзі больш балюча».

Яраслаў Раманчук — кіраўнік фонду Мізэса:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«У сытуацыі, калі Міністэрства гандлю Беларусі жорстка маніторыць цэны і даводзіць вызначаныя паказьнікі да вытворцаў і крамаў, няма ніякага сэнсу спрачацца наконт таго, 12 ці, напрыклад, 15% будзе гадавая інфляцыя. Пра што казаць, калі ўжо нават у Дзяржкантролю і то зьявіліся сумневы — ці правільна Нацыянальны статыстычны камітэт лічыць інфляцыю і ці гэтыя лічбы рэальна адлюстроўваюць цэнавую сытуацыю?

З харчовага кошыка зьніклі некаторыя прадукты. Зьявіліся і так званыя маленькія хітрасьці, калі, напрыклад, пакет крупаў важыць не кіляграм, а 900, а то і 800 грамаў. Гэтыя маніпуляцыі яшчэ болей падрываюць давер да афіцыйных лічбаў.

А што будзе далей? Паглядзім найперш, што будзе рабіць Нацыянальны банк. Калі ён ня будзе бяздумна друкаваць грошы, ня будзе даваць субсыдыі, а часам і дармавыя грошы для розных дзяржпраграмаў, тады можна чакаць гадавой інфляцыі ў памеры ад 12 да 18%.

Але пры любой лічбе ў гэтым дыяпазоне інфляцыя будзе лічыцца вельмі буйной і нездаровай адпаведна ўсясьветным стандартам.

У мяне няма даверу да Кабякова. Я гляджу на выкананьне бюджэту за першыя два месяцы і бачу такую зноску — бюджэт змадыфікаваны. То бок яго зусім нядаўна прынялі, а ўжо пачаліся праўкі. Але калі наш галоўнакамандуючы дасьць загад, то падгоняць пад любую лічбу, уключаючы і паказьнік інфляцыі».

XS
SM
MD
LG