Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 12 красавіка: пасадка Валожынскай дубровы, малітва за Беларусь


Малітва за Беларусь, касьцёл Сьвятога Ружанца, Кастлбар, Ірляндыя. 2011 год.

Малітва за Беларусь, касьцёл Сьвятога Ружанца, Кастлбар, Ірляндыя. 2011 год.

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

На Валожыншчыне, у вёсцы Малое Запрудзьдзе пачнецца дабрачынная акцыя — месяц пасадкі дубоў. Унікальная дуброва павінна ўзьнікнуць у месцах, зьвязаных з жыцьцём асьветніка Сымона Буднага, непадалёк ад крыніцы Сьвятога Панцеляймона. Удзельнікі акцыі змогуць пасьпяваць і павадзіць карагоды з вакалісткамі Šuma Voices Русяй і Надзеяй Чугуновай. Ад’езд зь Менску — ст. мэтро Каменная Горка ў 10:00.

У Архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай панны Марыі адбудзецца міжканфэсійная малітва за Беларусь (Менск, пл. Свабоды, 9, пачатак у 18:30).

З нагоды 75-годзьдзя Ўладзіміра Мулявіна паэт-песеньнік Андрэй Скарынкін праводзіць аўтарскі канцэрт «Мой Мулявін, мае «Песьняры». Канцэртная заля «Менск», пачатак а 19-й.

З-за рамонту чыгуначнага мосту рух электрычак на трасе Менск-Маладзечна сёньня будзе зьменены: паміж станцыямі Беларусь і Радашкавічы пасажыры паедуць аўтобусамі, таму час у дарозе павялічыцца.

У гісторыі

1926 — у Вільні пачаўся «Працэс 94-х» — суд, арганізаваны польскімі ўладамі над дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху.

1961 — Юры Гагарын зьдзейсьніў першы палёт чалавека ў космас на касьмічным караблі «Усход».

1995 — у ноч на 12 красавіка на загад Лукашэнкі былі жорстка зьбітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якія напярэдадні абвясьцілі галадоўку супраць ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі аб правядзеньні рэфэрэндуму па зьмене сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

2011 — колькасьць ахвяраў тэракту ў менскім мэтро, зьдзейсьненым 11 красавіка, дасягнула 12 чалавек.

Гэты дзень у памяці

1541 — нарадзіўся Іпаці Пацей, царкоўны і дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай, уніяцкі мітрапаліт.

1839 — нарадзіўся Мікалай Пржавальскі, падарожнік.

1890 — нарадзіўся Янка Нёманскі, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзяяч.

1913 — нарадзіўся Сяргей Грахоўскі, беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык.

1938 — памёр Фёдар Шаляпін, расейскі опэрны сьпявак.

1945 — памёр Франклін Дэлана Рузвэльт, 32-гі прэзыдэнт ЗША.

Цытата на памяць

Дубовы ліст

Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,

Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,

Дубовы ліст, у жылках і ў расе,

Мне нагадаў абрысы Беларусі.

Яго мая кранаецца рука,

А ён нібыта выкаваны з броні,

I жылка кожная дубовага лістка

Зьлілася з жылкамі маёй далоні.

Сяргей Грахоўскі

XS
SM
MD
LG