Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адораны, сьмелы, вясёлы, чулы – сказалі, і гэта было літаральна навідавоку, напісанае ў яго проста на твары. Не сказалі пра выразнае сэміцкае аблічча, што дасталася яму ад бабкі.

Натуральна, не для таго я гэта згадваю, што гэта само сабою нешта значыць. А для таго, каб не забыцца, што яму – аднаму зь дзясяткаў выбітных беларускіх адраджэнцаў свайго пакаленьня – тая роля давалася ня толькі ўздымам душэўным, а літаральна штодзённым пераадоленьнем гэтага бар’еру, які абавязкова ўзьнікае ў нашым дарагім соцыюме на кожным кроку – калі не адкрытым наездам, дык ценем на дне вачэй, што ён, натуральна ж, бачыў і чуў, выказанае і ўголас, і нема.

Сам памятаю такое яшчэ з майстроўскіх часоў (1980-я) на нацыянальных тусоўках нехта старэйшы ў вышыванцы запраста казаў яму, бліскаючы дзіўным радасным шалам уваччу: ой, а ты што тут робіш, ідзі ты, братка, адсюль, ня псуй карціну… Чаму і ён размаўляе па-беларуску? Ён дыскрэдытуе наш рух!.. І ён – таксама – беларус?..

Заўсёды моцна крыўдна было за яго і проста немагчыма было ўявіць, як тое было яму. Напэўна, дурасьць, але колькі ні сустракаліся са Зьмітром, я нязьменна адчуваў віну перад ім. Нейкую падобную на тую, што ўзьнікала ў мяне школьніка ў краме самаабслугоўваньня – а раптам падумаюць, што я булачку скраў. І не крадзеш булачку, а гэтая дурацкая віна ў табе ўзьнікае сама сабою.

Апрыёры мы ўсе (усе ўвогуле) былі (ды й цяпер) вінаватыя. У краіне, дзе няма прэзумпцыі віны, дзе ўсе аднолькавыя, правільныя – славяне, літвіны, балты, крывічы, беларусы – асабліва сярод адраджэнцаў, Саўка такі быў адзін – з дадатковай віною – як грак сярод вераб’ёў і паўлінаў.

Гісторыю свайго аблічча Зьміцер распавядаў яшчэ ў Майстроўні і пасьля – мне для цыклю перадач «Гісторыя аднаго цуду». Я думаю, праз усё жыцьцё яму даводзілася распавядаць гэтую гісторыю шмат-шмат-шмат разоў. Яшчэ са школы, зь першых урокаў беларускай ці то талеранцыі ці то праўдзівай нянавісьці да чалавека з сэміцкім абліччам.

Для адраджэнца вельмі важныя зьнешнія прыкметы – на якой мове гаворыш, як апранаесься. Але ніхто зь беларускіх адраджэнцаў ніколі ня мусіў, не павінен быў, не вымагалася ад яго бясконца расказваць гісторыю свайго аблічча. Ніхто з гэтых соцень і тысяч людзей, апрача Саўкі. Натуральна, ён разам з усімі радаваўся адкрыцьцям і здабыткам беларушчыны, вывучаў мову так, каб ведаць яе лепш за іншых, але было яшчэ і гэта – пастаяннае выбудоўваньне лініі паводзінаў у адказ на гэты цень уваччу, ня кажучы ўжо пра адкрыты зьдзек, папрокі, недавер.

Думаю, яшчэ са школы ён навучыўся ставіцца да гэтага з іроніяй і пачынаў камунікацыю сходу весела, адкрыта і прыязна. Але толькі ён ведаў, чаго гэта яму каштавала. І толькі мне здавалася, што ён увесь час унутрана быў гатовы да абразы, кпіны, зьдзеку.

Кажуць, рак часьцяком бывае вынікам моцнага стрэсу. І кожнага разу, калі ад раку памірае нехта з маіх сяброў, я вольна ці міжвольна шукаю ў ягоным жыцьці гэтае стрэсавае здарэньне, якое прывяло да непапраўнае страты. Зьмітра гэты стрэс перасьледаваў на працягу ўсяго жыцьця.

Апошні раз я выпадкова спаткаў яго пару тыдняў таму бязьлюднай суботняй раніцай каля Філярмоніі. І мне здалося, што вочы ў яго – поўныя міласэрнасьці. Як у сьвятога.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG