Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі ствараюць прафсаюз «Салідарнасьць» і зьбіраюць подпісы для звароту ў Канстытуцыйны суд


Актывісты пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Канстытуцыйны суд Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі
Актывісты пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Канстытуцыйны суд Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі

Група прадпрымальнікаў, якія вядуць змаганьне за адмену 222 указу Аляксандра Лукашэнкі, пачалі зьбіраць 50 тысяч подпісаў, неабходных для звароту ў Канстытуцыйны суд Беларусі, да Аляксандра Лукашэнкі і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Мэта — дамагчыся адмены 222 указу Аляксандра Лукашэнкі, які абавязаў прадпрымальнікаў гандляваць толькі з выкарыстаньнем сэртыфікатаў на ўсе тавары, у тым ліку прывезеныя з Расеі.

11 красавіка ініцыятыву агучылі прадпрымальнікі Анатоль Зьмітровіч, Алесь Макаеў, Мікалай Аўтуховіч, Аляксандар Абрамовіч, Мікалай Чарнавус, Міхаіл Латышаў, Тацяна Кірычэнка ды іншыя, якія называюць сябе «Камітэтам выратаваньня прадпрымальніцтва».

Таксама прадпрымальнікі абвясьцілі пра намер стварыць свой уласны прафсаюз пад назвай «Салідарнасьць». «Такая славутая назва абраная, каб людзі і ўлады ведалі, за што мы змагаемся», — патлумачыў прадпрымальнік з Ваўкавыску, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Іншыя дадалі, што асноўная мэта прафсаюзу — бараніць прадпрымальнікаў ад перасьледу ўладаў за пратэставыя дзеяньні. Затрымку са стварэньнем прадпрымальніцкай «Салідарнасьці» актывісты патлумачылі падзелам руху на розныя плыні, адну зь якіх узначальвае Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнік Анатоль Зьмітровіч распавёў пра стратэгію прадпрымальніцкага руху, які дзейнічае незалежна ад «Пэрспэктывы» пад кіраўніцтвам Анатоля Шумчанкі.

Алесь Макаеў (зьлева) і Анатоль Зьмітровіч (у цэнтры)
Алесь Макаеў (зьлева) і Анатоль Зьмітровіч (у цэнтры)

«Гэтая стратэгія складаецца з трох напрамкаў. Першы — гэта інфармацыйны. Тут пачнём са звароту да Лукашэнкі і ў Канстытуцыйны суд. Але, каб яго разгледзелі, нам патрэбна сабраць 50 тысяч подпісаў. Таксама зьвернемся ў Цэнтравыбаркам з прапановай увесьці прадпрымальнікаў у выбарчыя камісіі і прапануем сваіх прадстаўнікоў на Ўсебеларускі сход.

Другі напрамак — мабілізацыйны. Тут мы маем намер максымальна павялічыць структуру, адкрыць нашы філіі ў абласных і раённых гарадах.

І, нарэшце, маем намер, акрамя стварэньня свайго прафсаюзу пад назвай „Салідарнасьць“, узяць удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Будзем вылучаць сваіх прадстаўнікоў, тым больш што подпісы за вылучэньне ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў зьбіраць зручней».

Збор подпісаў
Збор подпісаў

Паводле прадпрымальнікаў, сваю стратэгію яны мяркуюць рэалізаваць за паўгода — і дамагчыся за гэты час адмены 222 указу ды іншых актаў, якія замінаюць «прадпрымальнікам выжываць».

«Гаворка ня толькі пра прадпрымальнікаў. Усім жыць стала вельмі цяжка, асабліва ў рэгіёнах. Людзей бяруць на заробак усяго 1,5 мільёна рублёў, дык яшчэ і за гэтыя грошы ціснуць», — распавёў прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.

«Цярпеньне людзей заканчваецца, у нас магчымая „беларуская вясна“, таму ўладам сумесна з прадпрымальнікамі трэба дзейнічаць, каб прадухіліць сацыяльны выбух», — мяркуе прадпрымальнік з Барысава Аляксандар Абрамовіч.

Аляксандар Абрамовіч (зьлева) і Павал Севярынец
Аляксандар Абрамовіч (зьлева) і Павал Севярынец

Паводле прадпрымальніка Алеся Макаева зь Менску, актыўныя захады прадпрымальнікаў патрэбныя яшчэ і таму, што дыялёг прадпрымальнікаў з прадстаўнікамі ўраду адносна пераадоленьня наступстваў 222 указу цяпер цалкам спыніўся.

«У тым ліку мы будзем дзейнічаць і празь мітынгі ды іншыя акцыі пратэсту», — папярэдзіў Алесь Макаеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG