Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яцанюка мае замяніць Гройсман. Украіна ў чаканьні новага прэм’ера


Арсені Яцанюк (справа) і Ўладзімер Гройсман падчас парлямэнцкай сэсіі ў Кіеве, архіўнае фота 2014 году

Арсені Яцанюк (справа) і Ўладзімер Гройсман падчас парлямэнцкай сэсіі ў Кіеве, архіўнае фота 2014 году

Чаканая адстаўка прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка ня вырашыць усе палітычныя праблемы ва Ўкраіне, але створыць умовы для хоць бы часовай стабілізацыі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

— Ці прывядзе адстаўка Арсенія Яцанюка да вырашэньня ўрадавага крызісу ва Ўкраіне? Якіх наступстваў трэба чакаць?

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

— На самай справе, павінна быць адно наступства: прызначэньне новага ўраду на чале з новым прэм’ерам. Сказаць, што гэта цалкам закрые ўсе палітычныя праблемы ва Ўкраіне, было б ня вельмі карэктна. За апошні тыдзень зьявіліся новыя падставы для крытыкі ўладаў, для крытыкі прэзыдэнта — у першую чаргу афшорны скандал, гэта галоўная прэтэнзія да прэзыдэнта Парашэнкі. Таму палітычныя сілы, якія хочуць перавыбараў, будуць атакаваць прэзыдэнта і, магчыма, паспрабуюць сарваць фармаваньне новага ўраду — такая рызыка існуе. Але калі ўдасца аформіць новую кааліцыю і зацьвердзіць новага прэм’ер-міністра рашэньнем парлямэнту, то тады як мінімум да восені сытуацыя адносна стабілізуецца. А далей усё будзе залежаць ад асаблівасьцяў разьвіцьця сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краіне.

— Якія галоўныя вынікі прэм’ерства Яцанюка?

— На мой погляд, галоўны вынік — яму ўдалося ўтрымаць кантроль над сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй у краіне, не дапусьціць поўнай страты кіраванасьці. І, у прынцыпе, у пэрыяд прэм’ерства Яцанюка ўдалося пачаць рэформы па шэрагу кірункаў. Тут жа трэба згадаць і пра эўрапейскую інтэграцыю, і пра сфэру нацыянальнай бясьпекі — хоць трэба ўлічваць, што калі мы гаворым пра заслугі, то гэта заслугі ня толькі ўраду. Але, тым ня менш, урад таксама ўнёс немалую лепту ў аднаўленьне дзеяздольнасьці дзяржаўных інстытутаў, у працу над паступовым фармаваньнем новай Украіны.

Праблема ў іншым. За апошні год асабіста Яцанюк як прэм’ер-міністар страціў большую частку сваёй папулярнасьці — з-за эканамічнага крызісу, рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця і рэзкага падвышэньня камунальных тарыфаў. Усё гэта выклікала сур’ёзныя прэтэнзіі да Яцанюка і абумовіла яго адстаўку. Таму што першапачаткова гэтага патрабаваў не прэзыдэнт Парашэнка — прэзыдэнт толькі на апошнім этапе, з пачатку лютага, пачаў заклікаць Яцанюка добраахвотна сысьці ў адстаўку. За адстаўку выступалі як мінімум дзьве фракцыі парлямэнцкай кааліцыі, якія ў выніку і выйшлі са складу кааліцыі пасьля таго, як не ўдалося адправіць Яцанюка ў адстаўку. Акрамя гэтага, за адстаўку выступаў цэлы шэраг іншых палітычных сілаў і значная частка ўкраінскіх грамадзян.

— Мяркуюць, што новым прэм’ер-міністрам стане сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімер Гройсман. Наколькі гэта пэрспэктыўная фігура?

— Я думаю, што ён, як мінімум, ня горшы за Яцанюка. Гройсмана недаацэньваюць — у яго ёсьць сур’ёзны рэфарматарскі патэнцыял. У свой час ён быў самым пасьпяховым і самым прагрэсіўным мэрам ва Ўкраіне, ён быў мэрам Віньніцы. На той момант ён актыўна выступаў за рэформу муніцыпальнага кіраваньня. Стаўшы віцэ-прэм’ерам у першым урадзе Яцанюка, ён быў адным з галоўных аўтараў рэформы дэцэнтралізацыі — а гэта, дарэчы, адна зь дзьвюх пасьпяховых рэформаў на дадзены момант. Калі стаў на чале Вярхоўнай Рады, ён таксама быў ініцыятарам рэформы парлямэнту, якая цяпер рыхтуецца сумесна з Эўрапарлямэнтам. Так што ў яго ёсьць рэфарматарскі патэнцыял і кіраўнічы досьвед. Гройсман прадстаўляе новую палітычную хвалю, новае пакаленьне палітыкаў. Ён ня будзе канфліктаваць з прэзыдэнтам, але, насуперак распаўсюджанаму міту, ён і ня будзе марыянэткай, ён будзе досыць самастойнай палітычнай фігурай. І, я думаю, ён не зьбіраецца быць камікадзэ на пасадзе прэм’ер-міністра.

— Гройсман папулярны ў грамадзтве?

— Па-першае, трэба сказаць, што спачатку на пасаду прэм’ера разглядалася кандыдатура міністра фінансаў Натальлі Ярэські, але супраць яе была большасьць дэпутатаў. Гройсман жа на сёньняшні дзень — адзіная кампрамісная фігура ў парлямэнце. Ён сапраўды кампрамісная фігура, ён умее дамаўляцца з рознымі дэпутацкімі групамі. І ў гэтым ён мае перавагу.

Што тычыцца папулярнасьці ў грамадзтве, дык тут трэба ўлічваць спэцыфіку Ўкраіны. На гэтую тэму праводзіліся апытаньні грамадзкай думкі, і высьветлілася, што каля паловы ўкраінцаў наагул нікога ня могуць назваць у якасьці прымальнай кандыдатуры на пасаду прэм’ер-міністра. Самыя папулярныя кандыдаты, якія называліся рознымі апытаньнямі, гэта Міхаіл Саакашвілі і Юлія Цімашэнка, але нават іх вынік — гэта ўсяго 10–11%. Таму цяпер трэба думаць не пра папулярнасьць у грамадзтве. Трэба шукаць фігуру (і такую фігуру на дадзены момант знайшлі), якая будзе падтрымана ў парлямэнце. Пакуль што адзіны прахадны кандыдат — гэта Гройсман.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG