Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стаўрапольскім краі Расеі тэрарысты напалі на паліцэйскі пастарунак


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле папярэдняй інфармацыі, аднаго з нападнікаў забілі паліцыянты на КПП, другі сам сябе падарваў, іншых ахвяраў няма.

На аддзяленьне ўнутраных спраў Наваселіцкага раёну Стаўрапольскага краю (Расея) напалі тэрарысты. Расейскія СМІ са спасылкай на сілавыя структуры прыводзяць розныя зьвесткі пра напад.

Так, «Интерфакс» перадае, што напад з самападрывамі зьдзейсьнілі тры тэрарысты-сьмяротнікі, выбухі прагучалі каля 10:40 па маскоўскім часе.

Тым часам «РИА Новости» піша, што нападнікаў было прынамсі два, аднаго зь іх забілі паліцыянты на кантрольна-прапускным пункце, толькі другі ўчыніў самападрыў.

Паліцыя паведамляе пра трох ліквідаваных баевікоў. Раней паведамлялася пра пяць выбухаў і чатырох нападнікаў.

Згодна з папярэднімі зьвесткамі паліцыі, пацярпелых сярод паліцыянтаў і мірных жыхароў няма. Адказнасьць за тэракт пакуль ніхто на сябе ня ўзяў.

Гэта ня першы тэракт на поўдні Расеі за апошнія дні. 29 сакавіка ў Дагестане выбухнулі дзьве бомбы на шляху аўтакалёны паліцыі, адзін супрацоўнік МУС загінуў, два параненыя. На наступны дзень у Дагестане кіроўца машыны падчас праверкі дакумэнтаў на КПП падарваў выбухоўку, загінуў адзін паліцыянт, яшчэ адзін паранены. За першы тэракт адказнасьць на сябе ўзяла групоўка, зьвязаная з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава», за другі — самі тэрарысты «Ісламскай дзяржавы».

XS
SM
MD
LG