Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня выкананы ніводзін паказьнік сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі за апошнія 5 гадоў


Гэта вынікае з праекту праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016-2020 гады.

У дакумэнце, зь якім азнаёміўся БелаПАН, прыведзеныя вынікі выкананьня найважнейшых паказьнікаў папярэдняй праграмы, зацьверджанай на 2011-2015 гады.

Меркавалася, у прыватнасьці, што за гэты пэрыяд ВУП павялічыцца на 62-68%, аднак па факце ён павялічыўся толькі на 5,9%. Прамысловая вытворчасьць за пяць год вырасла на 4,6% пры заданьні ў 54-60%, прадукцыйнасьць працы — на 10,7% замест заплянаваных 63-68%.

Не былі таксама выкананыя заданьні па васьмі іншых найважнейшых паказьніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця: тэмпы росту экспарту, інвэстыцыі ў асноўны капітал, жыльлёвае будаўніцтва, рэальныя даходы насельніцтва. Так, за апошнія пяць год рэальныя даходы насельніцтва вырасьлі на 32,7%, хоць меркавалася павелічэньне на 70-76%.

Між тым, праект праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2016-2020 гады прадугледжвае павышэньне канкурэнтаздольнасьці эканомікі і выхад на тэмпы эканамічнага росту, вышэйшыя за сярэднія па сьвеце. Чакаецца, што рост ВУП у 2020 годзе складзе 3,5% (у Расеі — 2,8%, у Эўразьвязе — 2%).

Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2020 году падрыхтаваны з улікам прагназаванага павелічэньня сусьветных коштаў на нафту да 65 даляраў за барэль у 2020 годзе (цяпер кошт барэля складае 42 даляры).

Паводле ацэнкі экспэртаў, задача па росьце ВУП, якую ўлады плянуюць зацьвердзіць на бліжэйшыя пяць год, мае ў асноўным ідэалягічны характар.

«Мэта па росьце ВУП — нязьменны фэтыш беларускай сыстэмы кіраваньня, — кажа эканаміст Антон Балточка. — На дзяржаўным узроўні гэта ўсё той жа дырэктыўны паказьнік. Дзяржаве дзякуючы адной лічбе прасьцей растлумачыць насельніцтву свае пляны».

Як лічыць экспэрт, гэта разумее абсалютная большасьць дзяржслужбоўцаў:

«Пасьля таго, як у папярэднія гады мы ўвесь час не выконвалі прагнозы па ВУП, цяпер мала хто верыць у іх дасягненьне. Ва ўрадзе, на ўзроўні мясцовых чыноўнікаў, будуць глядзець на гэтую мэту як на ідэалягічную задачу, якая з эканамічнай рэчаіснасьцю мае мала агульнага», — адзначыў эканаміст у камэнтары БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG