Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Баўгарыі правядзе перамовы ў Менску


Пачаўся візыт у Беларусь кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Баўгарыі, краіны, якая старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Эўропы.

Раніцай 11 красавіка міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прымае ў Менску свайго калегу з Баўгарыі Даніэла Мітава. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Баўгарыі прыбыў у Беларусь з працоўным візытам.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык распавёў Свабодзе:

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

«Падчас перамоваў міністраў плянуецца абмеркаваць бягучы стан і пэрспэктывы разьвіцьця ўсяго спэктру двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама пытаньні ўзаемадзеяньня дзьвюх краінаў у міжнародных арганізацыях. З улікам старшынства Баўгарыі ў Камітэце міністраў Рады Эўропы ў бягучым годзе, асаблівая ўвага пры гэтым будзе нададзеная тэме адносінаў Беларусі з гэтай рэгіянальнай арганізацыяй.

Праграмай візыту Даніэла Мітава прадугледжаная таксама сустрэча з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў, апрача таго адбудзецца наведваньне Інфармацыйнага пункту Рады Эўропы ў Менску».

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая дагэтуль не ўваходзіць у Раду Эўропы. Менавіта на гэтым факце акцэнтуе ўвагу міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Галоўная перашкода ў тым, што ў Беларусі дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне. І, канечне, афіцыйны Менск будзе спрабаваць скарыстацца прыездам спадара Мітава, каб зьмяніць сытуацыю. Але мне падаецца, што зрабіць гэта будзе няпроста. Баўгарыя з 2004 году ўваходзіць у НАТО, а з 2007 году — у Эўразьвяз. І ўся яе палітыка ў асноўным супадае з агульнаэўрапейскай.

У Менску сапраўды існуе інфармацыйны пункт Рады Эўропы. Магчыма ня ўсе памятаюць, што яго адкрывалі пры папярэдніку Макея — Сяргеі Мартынаве. Тады гэта лічылі важным крокам для вяртаньня Беларусі ў эўрапейскую сям’ю. Але гэты пункт ня стаў агульнадаступным цэнтрам для атрыманьня рознабаковай інфармацыі пра Эўропу. А менавіта такая мэта ставілася эўрапейцамі.

Пункт гэты знаходзіцца ў будынку Інстытуту журналістыкі БДУ. Проста так туды не патрапіш. Таму, мабыць, беларусы зь цяжкасьцю адрозьніваюць Раду Эўропы ад Эўразьвязу. А гэта не адно і тое ж. Візыт баўгарскага міністра павінен напомніць аб гэтым».

Раней зь візытам у Менску пабываў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

XS
SM
MD
LG