Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А ў чым яна сказала праўду?» — могуць запытацца, маючы на ўвазе шматгадовую дзейнасьць Лідзіі Ярмошынай на пасадзе старшыні ЦВК. Але гэтым разам — не пра падлік галасоў.

У нядаўнім інтэрвію агенцтву БЕЛТА спадарыня старшыня ЦВК заявіла:

«Я ўвогуле лічу, што рабіць няма чаго моладзі ў дэпутацкім корпусе. Калі мы толькі хочам атрымаць разбэшчанага чалавека, які нічога ня ўмее, але ўжо які мае велізарныя амбіцыі (і часьцяком потым — няшчаснага), дык тады давайце запускаць гэты працэс... Вось так атрымліваецца апазыцыя. Менавіта такія людзі, якія адседзелі ў парлямэнце 12-га скліканьня ў Вярхоўным Савеце ў 1989 годзе, якія былі абраныя, калі ім не было 30-ці, і складаюць цяпер касьцяк беларускай апазыцыі. Яны не захацелі вяртацца ў школы-інтэрнаты, дзе працавалі дырэктарамі, на выкладчыцкую працу ў інстытуты і наогул на ўсякія іншыя пасады, зь якіх сышлі, перш чым стаць дэпутатамі».

Ня буду шмат спрачацца адносна ўзросту: проста параю спадарыні Ярмошынай ўзяць біяграфіі, напрыклад, Чэрчыля ці Кенэдзі і паглядзець, у колькі гадоў яны былі абраныя ў парлямэнт.

У маіх былых калег з Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня (і ня толькі з Апазыцыі БНФ) ёсьць адно агульнае з вышэйназванымі выбітнымі палітыкамі ХХ стагодзьдзя: яны таксама былі абраныя ў надзвычай жорсткай, я б нават сказаў — бязьлітаснай барацьбе, зусім непараўнальна з тым працэсам, якім амаль два дзесяцігодзьдзі кіруе спадарыня Ярмошына (хай яна мне даруе, але не магу назваць гэты працэс выбарамі). Што ўжо само па сабе зрабіла іх палітыкамі (ня хочацца думаць, што старшыня ЦВК лічыць, што чалавек, які перамог на сапраўдных выбарах 5 ці нават 10 канкурэнтаў — «нічога ня ўмее»).

Напэўна, тут я мушу спаслацца на ўласны прыклад.

яны былі абраныя ў надзвычай жорсткай, я б нават сказаў — бязьлітаснай барацьбе, зусім непараўнальна з тым працэсам, якім амаль два дзесяцігодзьдзе кіруе спадарыня Ярмошына

Я быў абраны ў Вярхоўны Савет ва ўзросьце 28 гадоў — не скажу, каб занадта ўжо маладым, але пад вызначаную спадарыняй Ярмошынай катэгорыю трапляю (да 30-ці). На гэты момант у мяне быў досьвед службы афіцэрам у войску (званьне — старшы лейтэнант), праца ў абласной газэце і прэмія ад Саюзу журналістаў БССР. А таксама — выйграная кампанія супраць будаўніцтва АЭС пад Віцебскам (натуральна, у супрацы з аднадумцамі).

Быў такі малады ўзрост плюсам або мінусам?

Бясспрэчна — калі б я абраўся дэпутатам у 40 ці ў 50 — у мяне быў бы большы жыцьцёвы досьвед і, магчыма, нейкія рэчы я б зрабіў інакш. Але ці лепей? — ня ведаю.

Ведаю дакладна, што ня спаць суткамі (а менавіта гэта давялося нам у жніўні 91-га) прасьцей у 30, чым у 50. Вярхоўны Савет — ня толькі найвышэйшы заканадаўчы, але яшчэ і палітычны орган, які прымае лёсавызначальныя для краіны палітычныя рашэньні, і найбольш важныя рашэньні часта даводзіцца прымаць у экстрэмальных умовах.

У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня дэпутаты Апазыцыі БНФ (і «старыя», і «маладыя») не «адседзелі», а падрыхтавалі некалькі дзясяткаў законапраектаў — і ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы, абмеркаваньні і прыняцьці некалькіх сотняў (!) законапраектаў.
А вось далей спадарыня Ярмошына наўпрост перакручвае факты, калі кажа — «не захацелі вярнуцца».

Нікому з дэпутатаў Апазыцыі БНФ (і «старым». І «маладым») пасьля заканчэньня тэрміну іх паўнамоцтваў ніхто не прапановаў ніякіх месцаў працы.

Нікому з дэпутатаў Апазыцыі БНФ пасьля заканчэньня тэрміну іх паўнамоцтваў ніхто не прапановаў ніякіх месцаў працы

Хаця Закон аб статусе дэпутата недвухсэнсоўна гарантаваў прадастаўленьне таго самага альбо раўназначнага працоўнага месца.
Дэпутаты, якія працавалі ў Вярхоўным Савеце на прафэсійнай аснове, у большасьці не змаглі вярнуцца на свае працоўныя месцы — «Ну Вы ж усё разумееце!..» — тлумачылі ім у лепшым выпадку, а звычайна — адмаўлялі нават і без такіх тлумачэньняў.

Больш за тое: некаторыя з тых дэпутатаў, якія сумяшчалі парлямэнцкую дзейнасьць з «асноўнай» працай — адразу пасьля завяршэньня паўнамоцтваў, у парушэньне закону, былі звольнены з працы, а Сяргей Антончык — асуджаны з канфіскацыяй маёмасьці.

Нехта з маіх калег быў вымушаны працаваць грузчыкам, нехта — развозіць цялежкі ў супэрмаркеце, іншы — паехаць у замежжа і там зарабляць на жыцьцё простым будаўніком, бо на радзіме ён ня меў нават такой магчымасьці (дарэчы, ёсьць выпадкі, калі нават уладальнікі прыватных фірмаў звальнялі былых дэпутатаў ВС пасьля таго, калі даведваліся пра іх палітычнае мінулае — адкрыта тлумачачы, што не жадаюць мець праблемаў з уладамі).

Адносна словаў спадарыні Ярмошынай пра тое, што дэпутаты нібыта нічога ня ўмелі — дык «умелі» яны ніяк ня менш, чым іх аднагодкі, якія адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году былі прызначаныя Лукашэнкам на пасады віцэ-прэм’ераў, міністраў, кіраўнікоў ведамстваў. Розьніца толькі ў тым, што яны не былі ў «камандзе» Лукашэнкі, альбо, як гэта зрабілі некаторыя «незалежныя» дэпутаты, не пайшлі да новаабранага прэзыдэнта «на паклон».

Магу засьведчыць, што «на выхадзе» зь Вярхоўнага Савету гэта былі палітыкі з досьведам заканадаўчай дзейнасьці, які ў краіне мелі добра калі сотня чалавек (дадам да апазыцыйнай «трыццаткі» тых 70 дэпутатаў, якія стала працавалі ў камісіях і, адпаведна, стваралі законапраекты).

Але, безумоўна, ніхто з дэпутатаў БНФ не валодаў той якасьцю, якая вось ужо ня першы год зьяўляецца галоўнай для пропуску ў «палату» — ляяльнасьцю да найвышэйшай улады.

І на завяршэньне тэмы прафэсійных здольнасьцяў дэпутатаў Апазыцыі БНФ скажу, што тыя зь іх, хто пажадаў заставацца ў грамадзкім жыцьці (хаця ўлады, а таксама некаторыя лідэры пазьнейшай апазыцыі зрабілі ўсё, каб іх адтуль выштурхнуць) — і сёньня адыгрываюць прыкметную ролю.

Аднойчы цягам дня на незалежным тэлеканале «Белсат» (прычым я уключыў тэлевізар на нядоўгі час) у розных перадачах я ўбачыў чатырох калег па апазыцыі — Валянціна Голубева, Лявона Баршчэўскага, Алега Трусава і Пятра Садоўскага, і гаварылі яны зусім не пра палітыку — кожны выступаў экспэртам у пэўнай сфэры.
Што ня дзіўна: Баршчэўскі — адзін з найлепшых у краіне літаратурных перакладчыкаў, Голубеў — адзін з найлепшых спэцыялістаў у галіне гісторыі Беларусі, Трусаў — адзін з найлепшых гісторыкаў дойлідзтва, ну а што да Садоўскага, дык наўрад ці хто ў Беларусі параўнаецца зь ім у галіне германістыкі. Магу дадаць Лявонція Зданевіча, які ў галіне архітэктуры атрымаў Дзяржаўную прэмію Ўкраіны.

Як бачым, прафэсійны (не палітычны) досьвед маіх колішніх калег па Апазыцыі БНФ — запатрабаваны. Тое, што дзяржаве аказаўся непатрэбны іх палітычны, дзяржаўны досьвед — гаворыць зусім не пра іх, а пра стан цяперашняга кіроўнага апарату.

Але грэблівыя словы Ярмошынай выявілі нешта больш важнае, чым пэрсанальнае стаўленьне да канкрэтных асобаў.

Прыгаданыя ёй дэпутаты — менавіта тыя палітыкі, хто дамогся, каб 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прагаласаваў за Незалежнасьць Беларусі.

Абвяшчэньне дзяржаўнай Незалежнасьці — гэта апагей разьвіцьця нацыі, найважнейшая падзея ў жыцьці краіны.

іншых ацэнак і ня можа быць ад прадстаўніка адміністрацыі Лукашэнкі

Нават калі б дэпутаты, пра якіх гэтак выказалася старшыня ЦВК, нічога больш не зрабілі (а яны зрабілі — цягам 1992-1995 гадоў быў распрацаваны і прыняты заканадаўчы падмурак новаўтворанай дзяржавы) — ужо адно гэта прымушала ацаніць вынік іх парлямэнцкай дзейнасьці як выключна эфэктыўны, проста непараўнальны з вынікамі тых, каго прынята называць «палатачнікамі».

Але іншых ацэнак і ня можа быць ад прадстаўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

І словы Ярмошынай толькі пацьвердзілі тое стаўленьне да Незалежнасьці, якое ад цяперашняй улады мы бачым вось ужо амаль 22 гады — калі падзеі 1991 году ацэньваюцца як «злачынства», а пік нацыянальнага Адраджэньня, які прыпаў на пачатак 90-ых — як «цёмныя часы».

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG