Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глінянага Вялеса атрымаў Франц Сіўко, пісьменьнік зь Віцебску ФОТА


Франц Сіўко

Франц Сіўко

Уручэньне прэміі, якое ўжо традыцыйна называюць «вялесаваньне», таксама прайшло ў Віцебску — падчас курсаў «Мова нанова».

Кніга Франца Сіўко «Плебейскія гульні» была прызнаная найлепшай з усіх твораў, намінаваных на гэтую прэмію. Гэта зборнік вядомага празаіка, у які ўвайшлі творы, напісаныя на працягу апошніх пяці гадоў — тры аповесьці: «Дзьве вясны дзяцей Прыяпа», «Цымант» і «Плебейскія гульні».

Яшчэ ў сакавіку арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» назваў імя сёлетняга ляўрэата. А ўласна ўручэньне адбылося месяцам пазьней. І ня ў Полацку, як гэта бывала цягам некалькіх гадоў, а ў Віцебску — у горадзе, дзе Франца Сіўко ведаюць ня толькі як пісьменьніка, але памятаюць і як добрага школьнага настаўніка, і як выкладчыка роднай мовы ў мясцовых ВНУ.

«Гліняны Вялес» — гэта найстарэйшая літаратурная прэмія найноўшай Беларусі, яна была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Сярод яе ляўрэатаў — Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Андрэй Федарэнка, Эдуард Акулін і іншыя. Прэмія прысуджаецца за найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году, а ляўрэат атрымлівае сымбалічную ўзнагароду — гліняны стод Вялеса, які лічыцца і апекуном мастацтва.

Паводле традыцыі, гэтую гліняную скульптуру Францу Сіўко ўручыў калега-пісьменьнік, журналіст Алесь Аркуш — і старшыня арганізацыйнага камітэту.

XS
SM
MD
LG