Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы прайшлі масавыя пратэсты супраць намеру забараніць аборты


Касьцёл і шэраг кансэрватыўных партый дамагаюцца забароны абортаў. У Польшчы прайшлі масавыя пратэсты супраць разгляду парлямэнтам законапраекту, які прапануе цалкам забараніць аборты.

У Варшаве каля будынка парлямэнта тысячы грамадзян выступілі супраць зьмены заканадаўства аб перапыненьні цяжарнасьці, нягледзячы на падтрымку гэтага новаўвядзеньня польскім Каталіцкім касьцёлам і прадстаўнікамі шэрагу кансэрватыўных арганізацый.

— Падобныя праекты ультракансэрватараў і раней накіроўвалі ў Сэйм, але для іх не было дастатковай падтрымкі. Цяпер упершыню ёсьць сур’ёзная пагроза, што закон пройдзе і жанчыну можна будзе адправіць у турму за выкідыш, — заявіла Барбара Навацкі.

У цяперашні час перапыненьне цяжарнасці магчыма ў тым выпадку, калі існуе пагроза жыцьця маці, дзіцяці або калі цяжарнасьць зьяўляецца наступствам згвалтаваньня.

Праект новага закону прадугледжвае магчымасьць аборту толькі ў першым выпадку.

У цяперашні час у 39-мільённай Польшчы штогод афіцыйна праводзіцца ўсяго некалькі соцень абортаў, аднак полькі масава перарываюць цяжарнасьць у падпольных клініках або ў суседніх краінах, дзе гэта дазволена.

Буйныя мітынгі прайшлі таксама сёньня ў шэрагу іншых польскіх гарадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG