Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр выбітны мовазнаўца Зьміцер Саўка


На 51-м годзе жыцьця памёр ад раку Зьміцер Саўка. У яго было 5 дзяцей. Апошнія гады Зьміцер працаваў на Белсаце.

Зьміцер Саўка. Фота: Wikipedia

Зьміцер Саўка. Фота: Wikipedia

Зьміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Удзельнічаў у моладзевым грамадзкім абʼяднаньні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). Аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з В. Кіпелем; Нью-Ёрк—Менск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня—Менск, 2005).

Зьміцер быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат».

У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валанцёраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Зьміцер Саўка хварэў на рак.

Вячорка пра Зьмітра Саўку: «Ён быў бясстрашным чалавекам»

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Гэта вельмі вялікая страта для нашай культуры, для мовазнаўства. Ды і ўвогуле для беларушчыны. Такога матываванага, такога глыбокага, такога адказнага чалавека яшчэ трэба будзе пашукаць і пашукаць. Калі Зьміцер браўся за нейкую справу, то рабіў ён яе да дэталяў.

Ён быў яшчэ і бясстрашным чалавекам. Ён не баяўся кідаць лёсу і палітычныя выклікі, а ня толькі творчыя і навуковыя. Зьміцер не баяўся ісьці супраць майнстрымавай плыні.

Зьміцер пакінуў пасьля сябе немалую навуковую спадчыну. Ведаючы, колькі яшчэ было ў яго плянаў, я зноў жа дакараў бы і сябе, і ўсіх: чаму, чаму так складваецца, што не ствараем умоваў такім людзям цалкам зьдзейсьніцца? А іх забірае няўмольны лёс».

Супрацоўнік «Белсату» пра сьмерць Зьмітра Саўкі: «У нас вырвалі мову»

Міхась Янчук

Міхась Янчук

Міхась Янчук — супрацоўнік «Белсату» так выказаўся пра сьмерць выбітнага мовазнаўцы Зьмітра Саўкі:

«Я думаю, што без Зьмітра „Белсату“, якім яго мы сёньня ведаем, не было б цалкам. Таму што на канал прыйшлі вельмі маладыя людзі, якія былі не падрыхтаваныя да такой цяжкой працы ў такіх цяжкіх умовах. Мовы, якія яны прынесьлі на „Белсат“, канечне, называліся беларускай моваю. Але ў кожнага яна была свая. Хтосьці пасьля свабодаўскай школы валодаў тарашкевіцай, а хтосьці ўвогуле прыйшоў з рускамоўнага асяродзьдзя.

І вось тая беларуская мова „Белсату“, якая стваралася некалькі год, стваралася рукамі і галавой Зьмітра.

Таму ў мяне сёньня такое адчуваньне, што ў нас вырвалі мову».

Саўка: Тарашкевіцаю трэба карыстацца. І вы пераканаецеся, што яна — выразная, гарманічная сыстэма

Гісторыя аднаго цуду: Клінаў і Саўка

Парада ад Зьмітра Саўкі: «Практыкуйце мову штодня!» ВІДЭА

​Зьміцер Саўка: Больш Беларушчыны павінна быць у тым, што мы называем беларускай мовай

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG