Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыйны цар у галаве «рупліўцаў беларушчыны»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Зянон Пазьняк: «У 90-х гадах, калі дасягнулі Незалежнасьці Беларусі, думалася: “Ну вось, адчынены шлюзы свабоды... і як узвысіцца цяпер нашае прыгожае пісьменства…” Не зьявілася і не зазьзяла. Узьнікла пісаньне маразму, нікчэмнасьці, дробязных перажываньняў... Ёсьць, праўда, і добрае, і здаровае. Ёсьць. Але над міазмамі ўпадку вось ужо чвэрць стагоддзя не ўзышла, не ўзьнялася ні адна нацыянальная зорка народнай літаратуры сьветлага, добрага, чыстага, дзе вобразы і лёсы чалавечыя ёсьць лёсы народныя».

Ключавое слова – «народ». Абстракцыя, якой актыўна карыстаюцца рознага кшталту аўтарытарызмы, у тым ліку савецкая і сучасная прапаганда. Замяні ў сьпічы Зянона Станіслававіча «нацянальнае» на «савецкае» – сэнс застанецца той самы – «народны».

Аўтарытарызм не цярпіць асобу зь яе «перажываньнямі». Не цярпіць таго, што робіць літаратуру літаратурай – «я» аўтара. Тыя самыя «я», якія з маналітнага безаблічнага народу робяць грамадзтва – супольнасьць шматлікіх асобаў.

Зянон Пазьняк не адзін, хто гаворыць, што не зьявілася велічных імёнаў у літаратуры. Напрыклад, яшчэ аднаму вядомаму беларускаму палітыку не хапае «Вайны і міра». Велічнасьці, маштабнасьці, каб ад Буга да Дняпра, каб ад мора да мора.

У новую эпоху – эпоху незалежнасьці – БССР увайшла пад новай назвай і новай сымболікай. Але сутнасныя зьмены не адбыліся. Грамадзкія адносіны якімі былі, такімі і засталіся. Хіба прабуксавалі пэўны час, але паціху вярнуліся да сутнасьці СССР/БССР – разьмеркаваньня.

У адрозьненьне ад адкрытых грамадзтваў, дзе посьпех, напрыклад, пісьменьніка, вымяраўся ўвагай публікі, адпаведна ўвагай СМІ, выдавецтваў і ўрэшце прыбыткам ад продажу кніг, у СССР было інакш. Спачатку посьпех трэба было атрымаць сярод невялікай групы партыйных бонзаў. А тыя прымалі рашэньне па выдавецтвах і СМІ. І ў выніку ўплывалі на ўвагу публікі.

Сыстэма розных званьняў спрашчала задачу разьмеркаваньня. Народны – столькі і столькі магчымасьцяў, заслужаны – меней, і далей разгалінаваная канструкцыя ўсялякіх бонусаў «творчым работнікам». Як адбывалася прыняцьце рашэньняў – можна толькі здагадвацца пра хітраспляценьні інтарэсаў па-за шматлікімі кулісамі. Толькі адзінкі дамагаліся большага, чым дазваляла партхозактыўнае герархічнае павуціньне.

Але ў кожным разе ўласна народ ці, больш дакладна, – грамадзяне да вызначэньня «народнага» ня мелі аніякага дачыненьня.

Ksienia Biazrukaja: «Мне дзіўна, калі енчаць, «апошні народны пісьменьнік», «краіна страціла пісьменьніка»… Як быццам не чалавека яна страціла, а функцыю. Функцыя, вядома, важная, але неяк эгаістычна зводзіць чалавека да яе».

Тое, што не зразумела Ксеніі Бязрукай, ёсьць тым, што многім і цяпер не хапае канкрэтыкі герархічнасьці. Жоўтыя штаны – два разы «ку». Малінавыя – тры разы. Вось «народны» – большы кумір, вось «заслужаны» – меншы кумір.

На пачатку 1990-х не адбылося сьветапогляднай рэвалюцыі, таму цяпер эпохі – новая і старая – павольна напаўзаюць адна на адну.

Тыя, хто вызнаюць тэзіс «канца эпохі народных гігантаў», «сталпоў беларушчыны» і... яшчэ штосьці падобнае патаснае банальнае, – папросту ня хочуць новай Беларусі. І ніколі яе ня бачылі. Яны жывуць там – у разьмеркавальнай сыстэме. І не ўбачылі нічога і нікога вартага ўвагі за чвэрць стагодзьдзя незалежнай Беларусі.

На мой погляд, ім хацелася БССР пад бел-чырвона-белым сьцягам. З партыйнай герархіяй, разьмеркаваньнем, але нацыянальна арыентаванымі. Таму сёньня расчараваньне і ў іх, і ў іх візаві з савецкай сымболікай. Людзі пад рознымі сьцягамі, але з адной казармай у галаве церпяць крах сваіх спадзяваньняў.

Абодва лягеры хочуць спалучыць неспалучальнае. Савецкую форму з капіталістычным зьместам. Ці нацыянальны зьмест з савецкай формай. Грамадзтва буксуе з усіх бакоў.

Выйграюць тыя, хто ад пчатку 1990-х атаясамліваў б-ч-б зь вяршэнствам асобы над партыйнасьцю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG