Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым аддалі бяз бою, пахавалі тры палкі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Агрэсара расьцьвельвае безабароннасьць. Заўсёды лепш абараняцца. «Халяўны» Крым — прыклад.

Два гады таму Ўкраіна аддала бяз бою Крымскі паўвостраў. Уласна кажучы, каб ашчадзіць жыцьці сваіх салдат. Гэта справакавала гібрыдную вайну Расеі на Данбасе. Яшчэ зімой украінскія СМІ паведамлялі: там загінулі 2170 вайскоўцаў, удакладняючы — гэта тры палкі.

Колькі цяпер украінцы будуць успамінаць і шкадаваць аб такой «эканоміі»? Невядома. Самым вялікім расчараваньнем сёлета было даведацца, што хай захоп Крыму быў падступным, але нечаканым ня быў. Кіраўніцтва Ўкраіны ведала, што рыхтуецца анэксія, але вырашыла нічога не рабіць. Разважыўшы, што нічога зрабіць ня можа. Нават не паспрабавала, уласна кажучы, пальцам не паварушыла, каб расейцы не захапілі паўвостраў.

Мне ня раз успаміналася з гэтай нагоды, што Вацлаў Гавэл, стаўшы прэзыдэнтам (спачатку Чэхаславаччыны), ня раз вяртаўся ў думках да анэксіі Судэтаў і капітуляцыі краіны ў 1938 годзе. Яго мучыла пытаньне: а як бы зрабіў ён, калі б узначальваў краіну ў той час? Выступаючы ў 1995 годзе з прамовай, калі атрымаў Міжнародную прэмію Каталёніі (за выкарыстаньне этычных катэгорый у палітыцы і міжнародных адносінах), ён сказаў, што спрабаваў паставіць сябе на месца чэхаславацкага прэзыдэнта Эдварда Бэнэша. Той разумеў, што ваяваць з Гітлерам — мець тысячы забітых і паразу. Таму вырашыў капітуляваць бяз бою. І паўтарыў гэта ў 1948-м, адмовіўшы ад супраціву камуністам. Ён быў ужо стары, хворы і расчараваны, сказаў Гавэл.

Гэта паўплывала і на падзеі 1968 году: Прага зноў капітулявала.

Усе тры выпадкі мелі значны ўплыў на грамадзтва: глыбока яго траўмавалі і надоўга дэмаралізавалі. Дэмакратыя тройчы паддалася бяз бою, зазначыў Гавэл. Але што б ён сам зрабіў на месцы сваіх папярэднікаў? Яму цяжка адказаць. Але ён бы прыняў нейкія іншыя рашэньні. Хаця ён дапускае, што на ягоныя словы ўплывае тое, што Бэнэш, Дубчак ня ведалі, што адбудзецца пасьля іхнага рашэньня, чым усё закончыцца.

Каб прыняць сваё на іх месцы, Гавэл зьвярнуўся бы да свайго сумленьня, да маральнага інстынкту, меркаваў ён. Свайго мінулага зьмяніць нельга, яно будзе заўсёды з намі, але нам неабходна над ім разважаць. Можа гісторыя выклікаў, цяжкіх пытаньняў, перасьледу вартасьцяў ды ідэалаў, схаваная пад паверхняй афіцыйнай — больш важная, бо яна мела вырашальнае значэньне, лічыў Вацлаў Гавэл.

Ён напісаў аднойчы асобны артыкул, прысьвечаны дылемам Бэнэша, які надрукавалі вядомыя газэты краін сярэдняй Эўропы. Пытаньнем было: выбраць маральнае рашэньне ці прагматычнае? Аказаць супраціў немцам ці не? Ім было абрана прагматычнае. Гавэлу хацелася б зрабіць на яго месцы інакш. Але як? Калі ён сам агучваў: выйсьці былі толькі два.

Канечне, шкадаваньне чэхаў выклікала тое, што яны мелі падрыхтаваную армію. Лічылася, што ў сьвеце яна займала па памеры сямнаццатае месца. Амэрыканская была на наступным месцы за ёй. Маецца на ўвазе сухапутная, яна налічвала сто тысяч чалавек. Тым жа часам флёт ЗША мелі самы магутны.

Чэхаславакі збудавалі магутны абарончы рубеж у Судэтах на ўзор умацаваньняў Мажыно ў Францыі, яго часам называлі лініяй Бэнэша. Аднак мяжа з Аўстрыяй была неабароненай. А Гітлер усё зрабіў граматна: спачатку анэксаваў Аўстрыю. У гэтым разе ўмацаваньні Бэнэша не маглі абараніць краіну.

Аляксандар Турчынаў зрабіў так, як зрабіў сваім часам Эдвард Бэнэш. Захоп большай часткі Ўкраіны ўдалося зь цяжкасьцю, але спыніць. Але тры палкі палеглі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG