Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць беларускія чыноўнікі езьдзіць на «Джылі»? Куды падзеўся аўтамабіль «Саманд»?

Глод: Лукашэнка вырашыў перасадзіць чыноўнікаў на беларускія аўтамабілі «Джылі». Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў учора падчас наведваньня Менскага аўтамабільнага заводу. Надалей беларускія чыноўнікі — ад кіраўнікоў раённай адміністрацыі да міністраў — мусяць, купляючы службовыя аўтамабілі, арыентавацца выключна на прадукцыю айчыннай аўтапрамысловасьці. А дакладней, на кітайска-беларускія легкавікі «Джылі».

«Ніякага імпарту для чыноўнікаў, акрамя прэм’ера, віцэ-прэм’ераў і вышэйшых службовых асобаў. Трэба купляць свае аўтамабілі, тым больш яны ў два разы таньнейшыя за нямецкія», — адзначыў Лукашэнка, які сам, дарэчы, езьдзіць на «Мэрсэдэсе».

«Джылі» — гэта легкавы аўтамабіль прадстаўнічай клясы, вытворчасьць якога плянуюць пачаць у Беларусі ўжо ў трэцім квартале гэтага году. Лукашэнка высока ацаніў навінку з пункту гледжаньня зручнасьці, аснашчанасьці і дызайну. Пры гэтым ён растлумачыў, што гаворка не ідзе пра тое, каб за адзін раз перасадзіць усіх службоўцаў на гэтыя аўтамабілі, бо на гэта сышлі б велізарныя сродкі. Замену неабходна рабіць паступова, па меры ўзьнікненьня такой неабходнасьці.

Спроба перасадзіць чыноўнікаў на легкавікі айчыннай вытворчасьці — ідэя ня новая. У суседняй Расеі такое спрабавалі зрабіць двойчы — у 1997 і 2012 гадах. У 1997 годзе нябожчык Барыс Нямцоў, якога толькі-толькі прызначылі тады на пасаду першага намесьніка прэм’ер-міністра, пераканаў прэзыдэнта Ельцына падпісаць распараджэньне аб адмене дзяржаўных закупак імпартных аўтамашын з заменай іх на «Волгі» расейскай вытворчасьці. Але з гэтага нічога не атрымалася. Чыноўнікі і пасьля прэзыдэнцкага загаду езьдзілі па маскоўскіх вуліцах у раскошных Mercedes-Benz, Lexus, BMW, Audi. Справа ў тым, што згаданыя маркі лічацца сымбалем улады, і пачуцьцё гэтага значна мацнейшае за жаданьне паказваць дасягненьні айчыннага аўтапраму.

Не прынесьлі значнага выніку і спробы Ўладзіміра Пуціна ў 2012 годзе.

Дарэчы, гадоў 5 таму я ехаў цягніком зь Вільні ў Менск і ў дарозе пазнаёміўся з суседам. Ён займаўся аўтабізнэсам. І распавёў, што беларуска-іранскі аўтамабіль «Саманд», пра які тады таксама казалі, што гэта вельмі зручная і танная машына, за год звычайныя пакупнікі набылі літаральна некалькі штук. Машыны куплялі дзяржаўныя арганізацыі, якіх проста абавязвалі гэта рабіць.

Затым ад гэтай ідэі адмовіліся. «Саманд» так і не набыў папулярнасьці ў Беларусі. А як вы думаеце, калегі, «Джылі» падзеліць лёс «Саманда» ці гэтым разам спроба перасадзіць беларускіх чыноўнікаў на аўто беларускай вытворчасьці будзе больш пасьпяховай?

Максімюк: Калі я слухаю гісторыі, што трэба купляць айчынную прадукцыю, мне адразу прыгадваюцца 70-я гады ў Польшчы, часы разьвітога сацыялізму, дзе былі крамы, у якіх можна было купляць замежныя тавары за даляры, і іншыя крамы для ўсіх тых, хто даляраў ня меў. Натуральна, у мяне даляраў не было, і я купляў сабе нагавіцы ў звычайнай польскай краме. Але ж мне хацелася купіць і джынсы, якія прадавалі толькі за даляры. Свае нагавіцы каштавалі 2-3 даляры, а джынсы 15. Але грошы былі, і калі б толькі можна было набыць даляры, можна было б набыць і гэтыя джынсы. Так выглядае сапраўднае жыцьцё, правілы рынку. Пакупнік будзе купляць тое, што яму хочацца, а ня тое, што яму кажуць.

Я б зразумеў справу, як перасадзіць чыноўнікаў у беларускія аўтамабілі, калі б яны, прыходзячы на працу, падпісвалі ў кантракце, што яны ня толькі будуць атрымліваць грошы, але і будуць абавязаныя купляць тыя рэчы, якія скажа іх працадаўца, то бок урад. Такое кіраваньне пакупніцкімі густамі, як і іншыя прыклады дзяржаўнага кіраваньня, праваліцца.

Грузьдзіловіч: Таксама мяркую, што такая ініцыятыва праваліцца. Але няма і такой задачы. Некалькі гадоў таму выпадкова я апынуўся на пляцоўцы перад Менскім аблвыканкамам. Якраз там, відаць, праводзілася нейкая нарада, зьехаліся кіраўнікі з усіх раёнаў — уся пляцоўка была забітая гэтымі прыгожымі мэрсэдэсамі. Усяго ў Беларусі 119 раёнаў. Значыць, калі 119 кіраўнікоў раёнаў прададуць свае мэрсэдэсы і купяць «Джылі» — колькі Беларусь зэканоміць на гэтым? Хоць гаворка тут зусім не пра тое, што яны мусяць замяніць машыны. А пра тое, што яны пры будучых пакупках мусяць арыентавацца на «Джылі».

Справа не ў эканоміі, яўна ня ў тым, каб даць зручны аўтамабіль. Наколькі я ведаю, кітайскія аўтамабілі дагэтуль вельмі недасканалыя тэхнічна, шмат прэтэнзіяў да іх адносна дызайну і зручнасьці. І гэты камплімэнт ад Аляксандра Лукашэнкі я ўспрымаю наадварот. Я прызвычаіўся, што тое, што ён хваліць, трэба лічыць адваротным. Няма падстаў давяраць гэтым аўтамабілям. Тут, я бачу, Лукашэнка дае сыгнал Кітаю, што ён будзе ўсяляк яму дапамагаць.

Лукашэнка не задаволены тым, як разьвіваецца эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй. Яму складана, па крэдытах ён зьвязаны з Расеяй, эканамічныя сувязі мацнейшыя з Расеяй, энэрганосьбіты ён адтуль атрымлівае. Але пэрспэктыўна ён ня бачыць вялікіх магчымасьцяў якасна зьмяніць сытуацыю ў эканоміцы толькі праз супрацоўніцтва з Расеяй, і Кітай для яго ўсё большы і большы партнэр. Гэтым сыгналам ён проста дэманструе Кітаю, што вось, мы будзем вам дапамагаць, усяляк прасоўваць вашу прадукцыю, на беларускім рынку, а потым далей.

Дарэчы, 50 тысяч аўтамабіляў «Джылі» плянуюць зьбіраць у Беларусі. Ясна, што такая колькасьць Беларусі не патрэбная, яна разьлічваецца на расейскі рынак. А на расейскі рынак адносна астатніх замежных аўтамабіляў вельмі складана прарвацца. То бок будзе вялікая праблема нават 50 тысяч прадаць.

Вось Лукашэнка спрабуе такім чынам дапамагчы гэтаму прадпрыемству і падаць адпаведны знак Кітаю. Які вынік? Я згадваю такую праблему. Нядаўна стала вядома, што расейскія прадпрыемствы зьбіраюцца пераарыентавацца зь беларускіх МАЗаў, цягачоў МЗКЦ на свае ўласныя. Расея зьбіраецца адвярнуцца ад беларускіх вытворцаў аўтамабіляў, вайсковай тэхнікі і так далей. Беларусь паказвае: добра, тады мы пераарыентуемся на Кітай. Але такія гульні хутка мінаюць, забываюцца. Праз пару гадоў усе б забыліся, што чыноўнікам трэба было б перасесьці на гэтыя «Джылі».

Глод: Калі казаць, канешне, абсалютна дакладна, то гэта беларуска-кітайскі аўтамабіль. Два дні таму я быў у Авальнай залі, калі дэпутаты зацьвярджалі праграму ўраду на 2016-2020-я гады. Прэм’ер Кабякоў заклікаў кіруючыя органы — раённыя, абласныя — карыстацца кітайскім крэдытам. Ён казаў, што кітайцы даюць крэдыт пад невялікі, але на мой погляд даволі значны, працэнт — 6,9% гадавых. Але ён сказаў так: кітайцы вам дадуць крэдыт лёгка пры ўмове, што будуць набываць кітайскую вытворчасьць. Дык вось гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што Лукашэнку патрэбныя грошы, і ён дае такі сыгнал Кітаю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG