Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«МАЗ, як і БелАЗ, як і мотавелазавод, які сёньня боўтаецца, напэўна, яшчэ горш, чым МАЗ і іншыя, — гэта твар нашай краіны», — канстатаваў Аляксандар Лукашэнка, наведваючы 7 красавіка Менскі аўтамабільны завод. Мусіць, лепш і ня скажаш. МАЗ — гэта брэнд, твар Беларусі. І ягоная дэградацыя — гэта адлюстраваньне дэградацыі беларускай прамысловасьці.

У 1993 годзе (апошні год, калі Беларусь жыла без Лукашэнкі) МАЗ вырабіў і прадаў 40 тысяч аўтамабіляў за год. У 2005 г. іх выпускалася ўжо 20 тыс., у 2014 годзе — каля 12 тыс., у 2015 г. з канвэера сышло каля 6 тыс грузавікоў.

Хачу нагадаць, што МАЗ быў ня толькі брэндам Беларусі, але і сымбалем беларуска-расейскай інтэграцыі. Праграма «Саюзны дызэль» шмат гадоў фінансавалася зь бюджэту Саюзнай дзяржавы. Але яе лёс такі ж змрочны, як і праграмы «Саюзны тэлевізар». У 2014 годзе МАЗ стаў самым стратным прадпрыемствам у краіне. 19 чэрвеня кіраўнік дзяржавы выдзеліў на падтрымку МАЗа бюджэтныя грошы. Але гэта мала дапамагло.

Галоўнае, што МАЗ ня мае ніякіх пэрспэктываў. Паводле ацэнак спэцыялістаў, каб вытворчасьць аўтамабіляў была рэнтабэльная, трэба, каб іх выпускалася ня менш як 100 тысяч у год. Кіраўніцтва заводу просіць у Лукашэнкі 427,1 млн даляраў. Справа нават ня ў тым, дзе ўзяць такія грошы. Навучаны горкім досьведам субсыдыяваньня іншых галін і прадпрыемстваў (дрэваапрацоўка, цэмэнтныя заводы і інш.), кіраўнік дзяржавы задае пытаньне: пад якія рынкі збыту вы просіце такія рэсурсы? Адказу няма. Шмат размоваў пра кітайскі крэдыт, які нібыта можа атрымаць МАЗ. Але, акрамя таго, што крэдыты КНР зьвязаныя, дык кітайцы даюць грошы толькі пад акупныя праекты.

Пра гэта сумна казаць, але трагедыя Беларусі ў тым, што беларуская прамысловасьць павольна памірае. Паводле афіцыйнай статысткі, на пачатак 2016 г. 60% прадпрыемстваў нерэнтабэльныя або нізкарэнтабэльныя.

Лукашэнка ня быў бы самім сабою, калі б не дэманстраваў публічны аптымізм: «Калі мы перажывем гэтыя цяжкія часы — а яны рана ці позна скончацца, — нам тады ніхто ня страшны». Але нават калі сусьветныя цэны на нафту вырастуць, гэта наўрад ці ўратуе сытуацыю. Бо расейскі рынак ужо заняты, доля МАЗа там цяпер 6%.

Толькі цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя пасьля зьнікненьня СССР, тут заканчваецца савецкая эпоха

Крах прамысловасьці азначае крок Беларусі ў новую гістарычную рэальнасьць. Толькі цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя пасьля зьнікненьня СССР, тут заканчваецца савецкая эпоха. Увесь гэта час Беларусь як толькі не называлі: «савецкі запаведнік», «парк савецкага пэрыяду», «абломак Савецкага Саюзу» і інш. І мелі рацыю.

Беларусь была самай савецкай рэспублікай у складзе СССР, вітрынай сацыялізму. І насельніцтва, і намэнклятура тут былі адносна шчырэй савецкія, адносна больш верылі ў афіцыйна дэкляраваныя камуністычныя мэты і прынцыпы. (Адзін з доказаў адноснай «сумленнасьці» беларускай намэнклятуры — той факт, што яна так і не адважылася на шырокую «прыхватызацыю» дзяржуласнасьці на пачатку 1990-х гг.)

Дык вось гэтая савецкасьць Беларусі грунтавалася ў значнай ступені на эканамічным падмурку, на створанай падчас СССР прамысловасьці. Індустрыяльная рэвалюцыя ў БССР адбылася пасьля вайны ў кароткія тэрміны, практычна на працягу жыцьця 1–2 пакаленьняў (1950–1970-я гг.). Прычым калі індустрыялізацыю СССР у 1920–1940-я гады суправаджалі велізарныя нягоды для насельніцтва (экспрапрыяцыя сялянства, масавыя рэпрэсіі, падзеньне ўзроўню жыцьця), то індустрыяльная рэвалюцыя ў Беларусі, наадварот, прывяла да прыкметнага павышэньня ўзроўню дабрабыту беларусаў. Гэта быў пэрыяд кардынальнай зьмены сацыяльнай структуры, масавага перасяленьня вяскоўцаў у гарады, далучэньня іх да гарадзкой культуры, да вышэйшых спажывецкіх стандартаў. Таму пэрыяд 70–80-х гадоў ХХ стагодзьдзя ў жыцьці беларускага соцыюму ўспрымаецца сёньняшнім сярэднім і старэйшым пакаленьнем як найлепшы ў іх лёсе. Гэтую эпоху вельмі значная частка беларусаў лічыць сваім «залатым векам», а зусім ня часам таталітарызму і застою. Невыпадкова Беларусь аказалася падчас гарбачоўскіх рэформаў «антыперастроечнай Вандэяй». Крах сацыялізму большасьць беларусаў успрыняла з жалем.

І гэтым эфэктыўна скарыстаўся Лукашэнка. Створаная ім беларуская сацыяльная мадэль грунтавалася на той савецкай прамысловасьці, на дзяржаўных прадпрыемствах. І сутнасьць патэрналісцкай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму палягала ў абслугоўваньні, забесьпячэньні працы дзяржаўнага сэктару прамысловасьці і калгаснага ладу. 20 гадоў гэта ўдавалася.

І вось цяпер разбураецца грунт, аснова, падмурак гэтага савецкага запаведніка, беларускай сацыяльнай мадэлі, а разам зь імі — патэрналісцкай дзяржавы, існага палітычнага рэжыму. Пакуль не зразумела, што ідзе на зьмену ім. Якая будзе новая эканоміка? На якім грунце збудаваная? Ці будзе яе асновай малы і сярэдні бізнэс, ці IT-тэхналёгіі? Вельмі верагодна, што гэты працэс расьцягнецца на шмат гадоў, падчас якіх Беларусь будзе існаваць у выглядзе дэпрэсіўнага рэгіёна, зь якога ўцякае моладзь, краінай сілавікоў і пэнсіянэраў. Вельмі ўдала пра пэрспэктывы краіны на МАЗе выказаўся Лукашэнка: «Калі мы загубім такія вытворчасьці — ну, тады возьмем рыдлёўкі і будзем капаць зямлю, калі нас у сельскую гаспадарку возьмуць». Разумны чалавек, усё ведае загадзя.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG