Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 10 красавіка: 85-я гадавіна суду над Гарэцкім, Дубоўкам, Улашчыкам і іншымі «нацдэмамі», візыт міністра замежных спраў Баўгарыі, фэстываль дзіцячага гумару


 Пісьменьнік Максім Гарэцкі. Апошні фатаздымак. 1937 г.

Пісьменьнік Максім Гарэцкі. Апошні фатаздымак. 1937 г.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск (па 12 красавіка). Візыт міністра замежных спраў Баўгарыі Даніэля Мітава. Заплянаваныя перамовы Мітава з міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімірам Макеем, кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў і наведваньне інфармацыйнага пункту Рады Эўропы ў Менску.

Берасьцейская, Гарадзенская вобласьці. «Куфэрак падарожжаў» запрашае ў падарожжа ў Белавескім кірунку. Прапануецца знаёмства з адным з самых заходніх рэгіёнаў Беларусі, яго архітэктурнай спадчынай, унікальнымі прыроднымі ляндшафтамі. Тэл. (29) 111-73-32 (Антон Астаповіч), (29) 169-48-11 (Юрась Меляшкевіч).

Менск. Першы беларускі фэстываль дзіцячага гумару «Юморинка». Месца правядзеньня — Тэатар юнага гледача (вул. Энгельса, 26).

У гісторыі:

1710 — у Ангельшчыне пачаў дзейнічаць першы ў сьвеце закон аб аўтарскім праве.

1762 — Шклоў атрымаў герб.

1912 — сутыкнуўшыся з айсбэргам, пацярпеў катастрофу найбуйнейшы акіянскі ляйнэр свайго часу «Тытанік». Паўтары тысячы з 2200 ягоных пасажыраў загінулі.

1931 — у Менску адбыліся суды над прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, якую зьвінавачвалі ў антысавецкай дзейнасьці. Сярод засуджаных на пяць гадоў высылкі ў расейскую глыбінку — пісьменьнік Максім Гарэцкі, паэт Уладзімер Дубоўка, гісторыкі Ўладзімер Чаржынскі і Мікола Ўлашчык ды шмат іншых. Для большасьці зь іх высылка скончыцца новым прысудам і расстрэлам.

1938 — на рэфэрэндуме ў Аўстрыі 99% прагаласавалі за далучэньне краіны да Нямеччыны.

1940 — Ісьляндыя атрымала незалежнасьць ад Даніі.

1942 — патоп на Дубравенцы пад Магілёвам, 2 тыс. загіблых.

1972 — падпісаная міжнародная Канвэнцыя аб забароне біялягічнай зброі.

2010 — авіякатастрофа пад Смаленскам, у выніку якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і яшчэ каля 100 прадстаўнікоў польскай палітычнай і вайсковай эліты.

У гэты дзень нарадзіліся:

1583 — Гуга Гроцый, галяндзкі юрыст, дзяржаўны дзеяч, адзін з заснавальнікаў міжнароднага права.

1847 — Джозэф Пуліцэр, амэрыканскі журналіст, заснавальнік Пуліцэраўскай прэміі

1899 — Уладзімер Набокаў, расейскі і амэрыканскі пісьменьнік.

1900 — Гаўрыла Гарэцкі, беларускі геоляг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі.

1905 — Сьцяпан Баркоўскі, удзельнік Слуцкага паўстаньня, літаратуразнаўца, этнограф, вязень ГУЛАГу.

Сяржук Вітушка. Здымак Міхася Раманюка.

Сяржук Вітушка. Здымак Міхася Раманюка.

1965 — Сяржук Вітушка, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, кіраўнік легендарнай менскай «Талакі» — адной з першых напаўпадпольных незалежніцкіх арганізацый у часы СССР.

У гэты дзень памерлі:

1585 — Рыгор XIII, Папа Рымскі, які ўвёў Грыгарыянскі каляндар

1911 — Мікалоюс Чурлёніс, літоўскі мастак і кампазытар.

1954 — Агюст Люм’ер, францускі вынаходнік, старэйшы з братоў Люм’ер — стваральнікаў кінематографа. 2010 — Лех Качыньскі, прэзыдэнт Польшчы

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Мы адкрылі для сябе Беларусь, беларускае. Гэта ёсьць нешта нашае, нешта лепшае, і гэта тое, што ад нас хавалі, што нам не давалі. Гэта нейкая таямніца, якую мы раскрылі і прапануем іншым. Быццам бы на сьметніку раскапалі каштоўнасьць — адцёрлі, адмылі і во — яна зазьзяла!

Сяржук Вітушка

XS
SM
MD
LG