Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 9 красавіка: валянтэры прыбіраюць па ўсёй Беларусі, у Менску «халівар» вакол фэмінізму


Лягатып сусьветнага руху «Let`s Do It!»

Лягатып сусьветнага руху «Let`s Do It!»

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

Падчас маштабнай акцыі «Зробім!» валянтэры больш чым з 30 гарадоў Беларусі выйдуць прыбіраць лясы, берагі рэк ды зоны адпачынку. Узяць удзел у акцыі можа кожны.

Менск наведае Ганна Марыя Андэрс, упаўнаважаная па пытаньнях міжнароднага дыялёгу канцылярыі старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча. Мэта яе візыту — абмеркаваць з прадстаўнікамі беларускіх устаноў, якія займаюцца пытаньнямі гісторыі, актывізацыю польска-беларускага гістарычнага дыялёгу.

У менскай кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а) адбудзецца дыскусія «Халівар з Георгіем Барташам: Фемінізм». Удзельнічаюць Юля Цімафеева, Аляксандра Прывада і Алена Брава.

У гісторыі:

1865 — завяршэньне грамадзянскай вайны ў ЗША, капітуляцыя арміі Поўдня пра Апатамаксе.

1867 — ЗША ратыфікавалі дамову з Расеяй аб набыцьці Аляскі.

1917 — у Менску прайшоў Зьезд Беларускіх нацыянальных арганізацый.

1932 — скончыўся Барысаўскі галодны бунт, антысавецкі выступ працоўных Барысава.

1940 — уварваньне нацысцкай Нямеччыны ў Нарвэгію і Данію.

1946 — у Міхельсдорфе (Нямеччына) з ініцыятывы Натальлі Арсеньневай і Юркі Віцьбіча створанае Беларускае літаратурнае згуртаваньне «Шыпшына».

1966 — Ватыкан адмяніў Індэкс забароненых кніг.

1970 — музыкі The Beatles спынілі супольную працу.

1989 — разгон маніфэстацыі ў Тбілісі, які суправаджаўся забойствам маніфэстантаў.

1991 — Грузія абвясьціла незалежнасьць.

2003 — войскі міжнароднай кааліцыі, кіраванай ЗША, занялі Багдад

2015 — Ва Ўкраіне завялі некалькі крымінальных спраў у дачыненьні да экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча. Пячэрскі раённы суд Кіева завочна арыштаваў яго.

У гэты дзень нарадзіліся:

1802 — Эліас Лёнрат, фінскі фальклярыст, які запісаў і выдаў карэла—фінскі эпас «Калевала».

1821 — Шарль Бадлер, францускі паэт.

1835 — Ялегі Пранціш Вуль, беларускі паэт.

1910 — Ісай Казінец, адзін з кіраўнікоў менскага антынацысцкага падпольля ў часе Другой сусьветнай вайны.

1934 — Леанід Асядоўскі, беларускі мастак

У гэты дзень памерлі:

1553 — Франсуа Рабле, францускі пісьменьнік-гуманіст.

1626 — Фрэнсіс Бэкан, англійскі філёзаф.

1802 — Францішак Станіслаў Гутэн-Чапскі, дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай

2006 — Вадзім Круталевіч, беларускі праўнік, гісторык, сацыёляг

Цытата:

Мая любая, мая шалёная каханка падавала мне абед, а я праз расчыненае акно залі сачыў, як плыве ў небе цуднае Божае дойлідзтва, сатканае з няўлоўных тхненьняў, чароўныя эфэмэрныя збудаваньні. І я сказаў сабе, сузіраючы: «Усе гэтыя дзіўныя відзежы прыгожыя амаль як вялікія вочы маёй каханае красуні, маёй любае, шалёнае, зеленавокае пачвары».

Але раптам я атрымаў моцны ўдар кулаком у сьпіну й пачуў сіпаты, чароўны голас, гістэрычны й нібы ахрыплы ад гарэлкі — голас маёй мілае, любае каханкі: «Будзеш ты есьці нарэшце свой суп, чортаў гандляр аблокамі?!»


Шарль Бадлер, «Суп і аблокі» (Пераклад Андрэя Хадановіча)

XS
SM
MD
LG