Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя кінулі кактэйль Молатава ў кабінэт судзьдзі па справе расейскіх вайскоўцаў. Відэа


Яўген Ерафееў і Аляксандар Аляксандраў у судзе

Яўген Ерафееў і Аляксандар Аляксандраў у судзе

У Галасееўскім раённым судзе Кіева ноччу 8 красавіка гарэў кабінэт судзьдзі Мікалая Дзідыка, старшыні ў працэсе над расейскімі ваеннымі Аляксандрам Аляксандравым і Яўгенам Ерафеевым.

Паліцыя Кіева заяўляе, што разглядае некалькі вэрсіяў падпалу кабінэту судзьдзі, асноўная зь іх — яго прафэсійная дзейнасьць.

У ноч на 8 красавіка невядомыя кінулі бутэлькі зь лёгкаўзгаральныя рэчывам ў будынак суду, у выніку чаго ў кабінэце судзьдзі ўсчаўся пажар. «У выніку часткова выгарэў кабінэт судзьдзі, які зьяўляецца старшынёй у справе расейскіх „грушнікаў“. Па словах судзьдзі, дакумэнты крымінальных вытворчасьцяў не пашкоджаныя», — паведамляе ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеве.

Як паведаміў намесьнік кіраўніка ўпраўленьня Аляксандр Півавар, паліцыя адкрыла вытворчасьць па артыкуле «наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці», якая прадугледжвае пакараньне ад 6 да 15 гадоў. Расьсьледаваньне працягваецца.

Галасееўскі суд 8 красавіка працягнуў разгляд справы расейскіх вайскоўцаў, затрыманых летась на Данбасе, Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева. У мінулым месяцы адваката Аляксандрава Юрыя Грабоўскага знайшлі забітым у Чаркаскай вобласьці. Расьсьледаваньне забойства працягваецца.

16 траўня летась расейскія спэцназаўцы Аляксандр Аляксандраў і Яўген Ерафееў былі затрыманыя ў зоне правядзеньня баявых дзеяньняў на Данбасе паблізу гораду Шчасьце Луганскай вобласьці. Пракуроры прад’явілі абодвум аднолькавыя абвінавачваньні: у незаконным перасячэньні мяжы, і, сярод іншага, абвінавацілі ў забойстве ваеннага. Расейскім спэцназаўцам таксама інкрымінуюць тэрарыстычнай напад на пазыцыі 92-й брыгады, якія ахоўвалі ЦЭЦ у горада Шчасьце. Спачатку Ерафееў і Аляксандраў назваліся расейскімі ваеннымі, але на судзе адмовіліся ад паказаньняў.

XS
SM
MD
LG