Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі ў турме напісаў кнігу пра лепшага сябра Акуліна, той хоча пісаць у адказ


«Бой з сабой» — так называецца кніга і адзін зь вершаў Эдуарда Акуліна, пра якога пісаў праваабаронца-палітвязень Алесь Бяляцкі ў засьценках бабруйскай калёніі.

Кніга ахоплівае падзеі супольнай з Эдуардам Акуліным студэнцкай маладосьці Алеся Бяляцкага, таму фактычна ў ёй два галоўныя героі — паэт-бард і праваабаронца.

У інтэрвію Свабодзе Алесь Бяляцкі расказаў, як па гадзіне на дзень знаходзіў у турме час на літаратурную творчасьць, пра каго яшчэ з сучасных паэтаў трэба выдаць кнігі, а таксама падзяліўся бліжэйшымі творчымі задумамі.

— Чаму вы вырашылі напісаць кнігу пра сябра? Здаецца, гэта ня вельмі распаўсюджана ў нашай літаратуры.

У вышыванках, Гомель, 1980 год

У вышыванках, Гомель, 1980 год

— Гэта кніга-эсэ пра творчасьць беларускага паэта і барда, майго сябра Эдуарда Акуліна. Мы разам вучыліся ў Гомельскім унівэрсытэце на пачатку 80-х гадоў, потым разам працавалі ў музэі Максіма Багдановіча ў Менску ў 90-я гады, разам рабілі беларускую справу — ён больш у літаратуры, я больш у грамадзкай дзейнасьці. Беларуская літаратура як ніякая іншая шчыльна зьвязаная з жыцьцём нашага грамадзтва, у ёй усё пераплецена: і палітыка, і пачуцьці, і эстэтыка, і здрада, і гераізм. Сваім існаваньнем, беларускай моваю, на якой яна ствараецца, беларуская літаратура — ужо ня толькі эстэтычная і культурная зьява, але і зьява грамадзкая і палітычная. Калі вобразна казаць, у левай руцэ, бо я ляўшун, я трымаў бел-чырвона-белы сьцяг свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, а ў правай — пяро, дык Едрусь у правай руцэ — пяро, а ў левай — бел-чырвона-белую гітару.

Ворагі беларушчыны баяцца беларускай літаратуры, спрабуюць увесь час яе цэнзураваць, як у брэжнеўскія часы, маргіналізаваць, як цяпер, ці нават зьнішчыць разам зь пісьменьнікамі, так як гэта было ў 30-я гады. Цяжка знайсьці такую літаратуру, дзе б пісьменьнікі так перасьледаваліся, дзе б столькі творцаў сядзела ў турме, дзе б так кантралявалі кожнае напісанае імі слова. Таму ў творчасьці Едруся Акуліна я бачу сымбалічны прыклад, як нашыя праўдзівыя пісьменьнікі змагаюцца за сваё права пісаць і казаць тое, што яны хочуць, за права на волю для сваёй думкі і адначасна для ўсяго беларускага народу. Едрусь Акулін імпануе мне сваёй цьвёрдай грамадзкай пазыцыяй і чалавечай шчырасьцю, якая спалучаецца зь яркім паэтычным талентам.

Ля помніка Адаму Багдановічу, вёска Халопенічы Крупскага раёна, 1998 год

Ля помніка Адаму Багдановічу, вёска Халопенічы Крупскага раёна, 1998 год

— «Бой з сабой» — яшчэ адна кніга, вялікую частку якой вы напісалі ў турме. Ці можаце вы дазволіць сабе прысьвячаць столькі ж шмат часу літаратурнай творчасьці на свабодзе?

— На волі асабліва часу пісаць ў мяне не было. Амаль увесь час я аддаваў грамадзкай праваабарончай дзейнасьці. І гэта быў сьвядомы выбар паміж пісьменьніцкім заняткам і грамадзкай працай. У Беларусі вельмі не хапае грамадзкага актывізму. Жорсткая гісторыя прывучыла беларусаў адседжвацца і адмоўчвацца. Таму сваім прыкладам даводзіцца бурыць гэтую выгодную для пануючай клікі традыцыю.

У гэтым месяцы, у красавіку, Праваабарончаму цэнтру «Вясна» будзе ўжо 20 гадоў. Таму калі я патрапіў у турму, і ў мяне зьявіўся «вольны» час (такі парадокс: у турме — і «вольны» час), я вырашыў напісаць і пра творчасьць Едруся Акуліна, і пра яго самога, а таксама пра нашае пакаленьне «Тутэйшых», якое прыйшло ў беларускую літаратуру, у грамадзкую дзейнасьць у 80-я гады, якое марыла пра незалежную дэмакратычную Беларусь, і ня толькі марыла, але рабіла ўсё, каб Беларусь стала незалежнай. А потым, у суровае дваццацігодзьдзе адкату ад дэмакратычных прынцыпаў, спробаў здрады незалежнасьці з боку беларускіх уладаў, ізноў працягвала змагацца словам і дзеяй за дэмакратычную і вольную Беларусь. Нам ужо за пяцьдзесят, і можна падводзіць нейкія прамежкавыя высновы. Вось жа мая кніжка і зьяўляецца такой спробаю асэнсаваньня і творчасьці Эдуарда Акуліна і таго драматычнага захапляльнага часу, у які мы жывем.

— Увогуле, ці лёгка пішацца за кратамі?

Эдуард Акулін і Алесь Бяляцкі. Менск, 2009

Эдуард Акулін і Алесь Бяляцкі. Менск, 2009

— Тры разьдзелы кнігі «Бой з сабой» былі напісаныя ў бабруйскай калёніі. Пісалася там надзіва лёгка. Можа таму, што ў псыхалягічным пляне мне было спакойна: я ведаў, чаму і за што я сяджу, з волі да мяне даходзілі вялізныя хвалі падтрымкі і салідарнасьці. Але часу для пісаньня было мала, бо я ж працаваў шэсьць дзён на тыдзень упакоўшчыкам у швейным цэху. Дадайце па дзьве штодзённыя праверкі, абавязковыя паходы ў мясцовы клюб, пастаянныя шыхтаваньні з прычыны і без прычыны, розныя іншыя бытавыя клопаты, вечную напругу ад магчымых правакацыяў. Гадзіну ў дзень я абавязкова імкнуўся проста хадзіць. Цягам дня ў мяне былі недзе адна-дзьве вольныя гадзіны, калі я пісаў лісты і старонку літаратурнага тэксту — небагата, але кожны дзень. Такім чынам за тры гады я прайшоў некалькі тысячаў кілямэтраў, вывернуў, абрэзаў і ўпакаваў некалькі дзясяткаў тысячаў рукавіц і напісаў мо з тысячу старонак розных тэкстаў пра літаратуру, пра наш час і пра жыцьцё. Чацьвёрты разьдзел кнігі я дапісваў ужо на волі.

— Гэтая кніга — прысьвячэньне вашаму сябру, барду Эдуарду Акуліну. Але ці значыць гэта, што яе чытач не даведацца нічога пра вас, вашу маладосьць?

— Пішучы гэтую кнігу, я ставіў перад сабой дзьве задачы. Першая — паказаць выдатную паэзію Эдуарда Акуліна, майго сябра і аднаго зь пляяды выбітных беларускіх паэтаў, якія пачалі пісаць ў 80-я гады, на золку новага беларускага адраджэньня. Паэтаў легендарнага таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», якому, дарэчы, сёлета будзе 30 гадоў. Творчасьць кожнага зь якіх вартая асобнага дасьледаваньня. Назаву тут хаця б яшчэ два прозьвішчы: Анатоль Сыс і Алег Мінкін, але сьпіс гэты значна большы. Без пакаленьня «Тутэйшых», якое патрабуе сур’ёзнага і ўсебаковага асэнсаваньня, не было б такой сёньняшняй беларускай літаратуры.

Праца на рукапісам кнігі Анатоля Сыса, Менск, 2015 год

Праца на рукапісам кнігі Анатоля Сыса, Менск, 2015 год

Эдуард Акулін — адзін зь іх, але ў той жа час ён непаўторны і ўнікальны. Кніга мае назву паводле загалоўку аднаго зь вершаў Едруся, які і надалей вядзе «бой з сабой», што дазваляе ягонай паэтычнай творчасьці не спыняцца ў разьвіцьці.

Другая задача — распавесьці пра час нашае маладосьці, пра нашыя ідэалы, пра той беларускі шлях, які мы абралі для сябе яшчэ ў юнацтве, па якім са здабыткамі і са стратамі крочым далей. Такім чынам я імкнуўся распавесьці і пра паэзію Эдуарда Акуліна, і пра апошнія трыццаць пяць гадоў нашага жыцьця, якое моцна зьнітаванае зь лёсам Беларусі.

— Ёсьць прыказка «Скажы мне, хто твой сябра, і я скажу, хто ты». Як гэта працуе ў выпадку з Акуліным? Што вашае сяброўства кажа пра Алеся Бяляцкага?

— Мы даволі розныя людзі, але ў нас ёсьць і багата агульнага. Мы разам дасьпявалі да беларушчыны, мы разам доўгі час рабілі адну справу, як сябры юнацтва мы добра разумеем і ведаем адзін аднаго. Як становісься старэйшым, дык разумееш, што новыя сябры набываюцца зь цяжкасьцю; пераважна застаюцца тыя, зь якімі пасябраваў у маладосьці. Я ў гэтым шчасьлівы чалавек, бо ў юнацтве меў багата сяброў — беларуская справа аб’ядноўвала нас.

Рок-гурт “Баскі”, вёска Стаўбун Веткаўскага раёна, 1981 год

Рок-гурт “Баскі”, вёска Стаўбун Веткаўскага раёна, 1981 год

— Раней вы апублікавалі ўрыўкі, прысьвечаныя вашаму супольнаму з Эдуардам Акуліным музычнаму гурту. Распавядзіце пра вашыя дачыненьні з музыкай? На якім этапе вы ўсё ж вырашылі адмовіцца ад музыкі на карысьць літаратурнай і праваабарончай дзейнасьці?

— Пра гурт «Баскі», які граў беларускую музыку ў першай палове 80-х гадоў у Гомельскім унівэрсытэце можна будзе прачытаць у кніжцы, але я ніколі ня марыў быць прафэсійным музыкам.

— Якую кнігу пішаце цяпер? Калі яе чакаць?

— Я спарадкаваў некаторыя тэксты, напісаныя яшчэ ў турме, якія, спадзяюся, зьявяцца ў фотаальбоме з умоўнай назваю «Салідарнасьць». Таксама давёў да ладу свой турэмны дзёньнік, можа і ён некалі пабачыць сьвет.

У турме я напісаў два першыя разьдзелы кнігі пра беларускага пісьменьніка Барыса Мікуліча, які адсядзеў у сталінскіх лягерах дзесяць гадоў і памёр у Сібіры ў ссылцы ў 50-я гады. Ён напісаў у лягеры і ў ссылцы вельмі цікавыя ўспаміны «Аповесьць для сябе». Гэта найлепшы ягоны твор, які ён стварыў за сваё жыцьцё. Чыстая шчырая турэмная літаратура. Барыс Мікуліч родам з Бабруйску, ягоны лёс сталінскага вязьня быў мне, лукашэнкаўскаму вязьню, цікавы і блізкі. Багата патрэбных матэрыялаў пра Барыса Мікуліча, ягоных сяброў мне дасылала мая калега Алена Лапцёнак. Але мяне выпусьцілі, і кнігу я не дапісаў. А мушу. У памяць пра ўсю зганьбаваную сталіністамі ды камуністамі беларускую літаратуру, якая тым ня менш існуе наперакор ім.

Акулін: Тое, што кніга пісалася ў турме, ёсьць прыкладам самага высокага сяброўства, якое можа быць

Галоўны герой кнігі «Бой з сабой» і яе рэдактар, літаратар Эдуард Акулін расказаў Свабодзе пра значэньне Алеся Бяляцкага ў сваім жыцьці:

Студэнты, Гомель, 1980 год

Студэнты, Гомель, 1980 год

— Мы пазнаёміліся, калі мне было 16 гадоў, і мы разам паступілі на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту. Больш за тое, мы разам паступілі на падрыхтоўчыя курсы, бо вельмі хацелі паступіць. Калі мы сустрэліся першы раз, пабачыліся — то адбылося сяброўства зь першага позірка. Мне вельмі спадабаўся гэты гарадзкі, вытанчаны юнак. Мяне, вясковага хлопца, Алесь Бяляцкі вельмі ўразіў сваёй манэрай паводзінаў, імкненьнем размаўляць па-беларуску. Мяне, для якога беларуская мова была натуральная, бо я быў зь вёскі, яго жаданьне авалодаць беларускай мовай проста падкупіла. З тых часоў мы не разьвітваліся. У 1981 годзе мы стварылі самы першы беларускі рок-гурт — гралі там тры гады, я пісаў кампазыцыі, Алесь граў на бас-гітары.

Калі мы скончылі ўнівэрсытэт, жыцьцё разьвяло нас ў розныя бакі. Я стаў настаўнічаць у Рэчыцкім раёне, а Алесь паступіў у асьпірантуру. Пасьля я пераехаў жыць у Менск, і тут лёс зноў зьвёў нас разам. Алесь працаваў дырэктарам літаратурнага музэю імя Максіма Багдановіча і запрасіў мяне туды на працу. Я стаў працаваць загадчыкам філіялу музэю «Беларуская хатка» і трымаўся гэтай пасады 11 гадоў. Усе, хто працаваў пад мудрым кіраўніцтвам Алеся, згадваюць яго толькі добрым словам.

Можна казаць, што ў нашай дзейнасьці нашыя шляхі пасьля крыху разышліся: я пайшоў у літаратурны часопіс «Полымя», дзе ўзначаліў аддзел паэзіі, Алесь — у праваабарончую дзейнасьць. Але мы ніколі не парывалі нашыя сяброўскія сувязі. Мы заўсёды сустракаемся на днях народзінаў, на іншых сьвятах, на мітынгах.

Калі Алесь трапіў у турму, ён мог бы там абстрагавацца ад сьвету, але ён не адсяродзіўся. За тры турэмныя гады Алесь напісаў тры кнігі — гэта літаратурны фэномэн. У тым ліку і «Бой з сабой» — мой творчы партрэт. Я, дарэчы, зьяўляюся рэдактарам гэтай кнігі. Я вельмі моцна ўдзячны Алесю за гэтую кнігу. Такіх цэльных манаграфіяў, прысьвечаных творчай асобе было вельмі мала ў нашай літаратуры. Таму я надзвычай ганаруся нашым сяброўствам і ўдзячны Алесю за яго працу. Тое, што кніга пісалася ў няпростых турэмных умовах, ёсьць для мяне прыкладам самага высокага сяброўства, якое можа быць у жыцьці чалавека. І сапраўды Алесь — мой самы лепшы, самы верны сябар.

Вясельле Акуліных, сьведкі - Алесь Бяляцкі і Валянціна Якіменка, 1984 год

Вясельле Акуліных, сьведкі - Алесь Бяляцкі і Валянціна Якіменка, 1984 год

— Няўжо ніколі не прабягаў паміж вамі чорны кот?

— Ніколі. Наадварот. Я памятаю, калі пераехаў у Менск, трэба было будаваць каапэратыўную кватэру, дык Алесь Бяляцкі даў мне ўсё, што можна было аддаць, у тым ліку і заручальныя пярсьцёнкі, каб я заклаў гэта ў ламбард і заплаціў першы ўнёсак за кватэру.

— Чаму кніга называецца «Бой з сабой»? У чым тут сувязь з аднайменным вашым вершам?

— Сюжэт майго верша «Бой з сабой» у тым, як усе, хто ведаў Хрыста, думалі, што ён адной сваёй думкай можа перамагчы любую перашкоду. Ніхто ня мог падумаць, што Хрыстос пойдзе на пакуты для таго, каб уратаваць чалавецтва. Ён узышоўшы на крыж, аб’явіў вайну сабе самому. Той жа самы ўчынак зрабіў Алесь Бяляцкі, калі застаўся ў Беларусі і паўстаў перад судом і атрымаў турэмнае зьняволеньне, будучы ні ў чым не вінаватым. І яшчэ адно — Алесь Бяляцкі мог бы ў турме апынуцца ў страшнай дэпрэсіі, зламацца. Ён пачаў бой з сабой і выйшаў зь яго пераможцам. Кожны з нас, і я ў тым ліку, кожны дзень вядзе бой з сабой, не даючы быту паглынуць нашыя духоўныя ідэалы.

— Ці напішаце вы кнігу пра Алеся Бяляцкага ў адказ?

— Так, я напішу такую кнігу, калі дайду да разуменьня таго, хто такі Алесь Бяляцкі. Я пакуль не дажыў да такога разуменьня. Відаць, Алесь ужо зразумеў, кім ёсьць для яго я.

XS
SM
MD
LG