Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Вольнае паветра» вяртаецца: час рыхтаваць намёты


Архіўнае фота. Фэстываль «Вольнае паветра», 5 ліпеня 2014 году

Архіўнае фота. Фэстываль «Вольнае паветра», 5 ліпеня 2014 году

16 ліпеня на хутары Шаблі, што ў Валожынскім раёне, пройдзе чарговы фэст «Вольнае паветра».

Пра тое, чым будзе сёлетні фэстываль адрозьнівацца ад папярэдніх, і як на яго можна будзе трапіць гэтым годам, распавялі суарганізатары «Вольнага паветра» Ўладзімер Шаблінскі і Васіль Грынь.

Паводле іх слоў, канцэпцыя фэсту грунтуецца на тым, каб паказваць разьвіцьцё беларускага фолку ад ягоных спрадвечных, аўтэнтычных каранёў да сучасных формаў бытаваньня народнай спадчыны ў самых розных яе музычных вырашэньнях, уключна з экспэрымэнтальнымі паказамі ў рэчышчах мэталёвай ці электроннай музыкі.

Васіль Грынь уласную канцэпцыю фэсту абумовіў так:

«Адштурхоўваючыся ад таго, што яшчэ існуе ў абыходзе празь песьні аўтэнтычных выканаўцаў фальклёру, мы хочам увесьці ягоныя здабыткі ў сучасны музычны кантэкст».

Пры гэтым ён падкрэсьліў розьніцу паміж «Вольным паветрам» і штогадовым фэстам фальклёрнай музыкі «Камяніца» тым, што першы адбываецца не ў музэйнай зоне, а на ўлоньні натуральных краявідаў.

Фэстываль «Вольнае паветра», 2014 год

Фэстываль «Вольнае паветра», 2014 год

Цяперашняе «Вольнае паветра» паводле шэрагаў паказчыкаў будзе адрозьнівацца ад папярэдніх фэстаў. Найбольш істотна тое, што ў ім будуць удзельнічаць толькі айчынныя выканаўцы. Рашэньне абумоўленае наступным: за ўдзел замежных артыстаў арганізатары фэсту мусяць аплачваць так званую «гастрольку» памерам у 42 мільёны за кожны дзень фэстывалю.

Паводле Ўладзімера Шаблінскага, толькі ў 2014 годзе арганізатары фэсту выйшлі ў плюс. Іншыя гады траплялі ў адмоўны рахунак.

Што датычыцца ўдзельнікаў фэсту, дык кожнага зь іх сайт http://shabli.by/ мае ад 25 красавіка прадстаўляць асобна штотыдзень. Прынамсі сёлета ў Шаблях можна будзе пачуць беларускі фолк ад ягоных аўтэнтычных узораў ажно да самых сучасных увасабленьняў.

Уладзімер Шаблінскі і Васіль Грынь падкрэсьлілі, што падобных фэстываляў у суседніх зь Беларусьсю краінах штогод адбываецца нашмат больш.

Суарганізатары музычнага фэстывалю “Вольнае паветра” Ўладзімер Шаблінскі (зьлева) і Васіль Грынь

Суарганізатары музычнага фэстывалю “Вольнае паветра” Ўладзімер Шаблінскі (зьлева) і Васіль Грынь

Што ёсьць фальклёр як зьява — вясковая, гарадзкая ў сувязі з «Вольным паветрам» — пытаньне да Васіля Грыня.

«Фраза майго сябра: бабуліны ўнукі, якія пераехалі ў горад, але памятаюць вёску, жывую, не цяперашнюю, дзе адна карова ёсьць на 50 двароў. І тады з усім гэтым ён жыў, з усім побытам, з усімі гумарыстычнымі гісторыямі. Цяперашні фальклёр — гарадзкі, ініцыятарамі якога зрабіліся бабуліны ўнукі, удзельнікі ў тым ліку студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Рух пачынаецца цяпер у горадзе. „Вольнае паветра“ — гэта адно, аднак ёсьць той культурны падмурак, на якім усё стаіць. На маю думку, шмат чаго адраджаецца, у тым ліку й тое, чаго не было 15 гадоў таму».

Уладзімер Шаблінскі ў сваю чаргу камэнтуе:

«Вольнае паветра» — гэта ўжо частка майго хутара. Частка ягонай атмасфэры. Таго мейсца, у якім я жыву ўжо 12 гадоў. Адпаведна, гэта частка мяне. Некалі я сьвядома дыстанцыяваўся ад наладжваньня канцэртаў у рамках гораду, таму што ва ўласным адчуваньні гукавой атмасфэры мне зрабілася цесна. Усё для мяне ўпіраецца ў хвалю гуку. На оўпэн-эйрах яна можа разгарнуцца, паўстае новая энэргетыка, якую я, напэўна, як вампір, спажываю. І безь якой я, відаць, ужо не магу жыць — падсеў, як той на іголку. Таму і гэты фэстываль чакаю зь нецярпеньнем».

Першыя квіткі на фэст «Вольнае паветра» паступілі ў продаж 5 красавіка па кошце 100.000 і разышліся цягам двух дзён. Цяпер кошт складае 200.000, аднак чым бліжэй да 16 ліпеня, тым даражэйшымі яны будуць.

Пры гэтым арганізатары «Вольнага паветра», зважаючы на ўмовы жыцьця, гарантуюць, што кошт квіткоў не перасягне адпаведніка ў 20 даляраў уключна зь бясплатнай паркоўкай для аўтамабіляў і месцам пад намёт.

XS
SM
MD
LG