Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь пагражае забараніць азэрбайджанскай авіякампаніі AZAL палёты ў Менск з-за нізкіх цэнаў


Улады Беларусі апавясьцілі авіякампанію «Азэрбайджанскія авіялініі» (AZAL), што могуць прыпыніць з 15 красавіка палёты паміж Менскам і Баку. Прычына ў палітыцы AZAL, накіраванай на зьніжэньне цэнаў, паведамляе trend.az.

Паводле віцэ-прэзыдэнта AZAL і дырэктара дзяржаўнай адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Арыфа Мамедава, свае прэтэнзіі беларускі бок тлумачыць тым, што AZAL зьнізіў кошт авіябілетаў на шкоду канкурэнту — авіякампаніі «Белавія»

«Літаральна сёньня мы атрымалі ліст ад ураду Беларусі, у якім гаворыцца, што беларускі бок незадаволены ўсталяванымі AZAL нізкімі цэнамі на авіябілеты па маршруце Баку — Менск. Беларускі бок лічыць, што пры рэалізацыі падобнай палітыкі неабходна было ўзгадніць зь ім гэтае пытаньне. У лісьце падкрэсьліваецца недапушчальнасьць стварэньня перашкод для канкурэнцыі зь беларускай авіякампаніяй, інакш рэйсы AZAL па маршруце Баку — Менск будуць прыпыненыя», — сказаў Мамедаў.

Азэрбайджанскі бок не выключае, што на перамовах будзе знойдзены кампраміс, таму кошты квіткоў на кірунку Баку — Менск, можа, і падвысяцца.

Нізкабюджэтны брэнд ЗАТ «Азэрбайджанскія авіялініі» AZALJET пачаў выконваць палёты па маршруце Баку — Менск з 28 сакавіка. Кошт авіябілета ў адным кірунку — ад 49 эўра, туды і назад — ад 98 эўра. У гэты кошт уваходзяць усе падаткі і зборы.

Авіякампанія «Белавія» прапануе авіябілеты на рэйсы Менск — Баку па цане ад 120 эўра ў адзін бок.

XS
SM
MD
LG