Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую грымасу паказалі Ўкраіне нідэрляндцы?


Падлік галасоў на рэфэрэндуме ў Нідэрляндах 6 красавіка 2016

Падлік галасоў на рэфэрэндуме ў Нідэрляндах 6 красавіка 2016

Каліноўскі: У Нідэрляндах ўвечары 6 красавіка завершаны папарэдні падлік галасоў рэфэрэндуму аб ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі Украіны і Эўразьвязу.

Яўка мінімальная ад патрэбнага ўзроўню — 32%, зь іх 61 прагаласаваў супраць. Рэфэрэндум носіць рэкамэндацыйны характар, але яго вынікі напэўна замарозяць уступленьне ў сілу Дамовы аб асацыяцыі, якая з такой цяжкасьцю, шляхам рэвалюцыі і замежнай расейскай інтэрвэнцыі дасталася Кіеву.

Іначай як грымасай заходняй дэмакратыі нідэрляндзкага ўзору гэта назваць нельга, асабліва калі ўлічыць, што Нідэрлянды сталіся адной з самых пацярпелых нацый ад катастрофы майлайзійскага боінга над акупаванай Расеяй часткай Данбасу.

Магчыма, галяндцы, якія прагаласавалі, галасавалі ня супраць Украіны як эўрапейскай дзяржавы, можа яны эўраскептыкі як такія, не давяраюць свайму ўраду, павяліся на пуцінскую прапаганду, розных «ольгінскіх троляў». Гэтаму ўсяму мясцовыя сацыёлягі ўжо далі ацэнкі і яшчэ будуць даваць.

Але факт ёсьць факт. Дэмакратычны ўрад краіны прыслухаецца да вынікаў рэфэрэндуму, але палітыкі будуць раіцца ў рамках усяго Эўразьвязу і весьці перамовы з Кіевам, як далей дзейнічаць.

У Кіеве заявілі, што вынікі рэфэрэндуму ў Нідэрляндах не паўплываюць на практычнае прымяненьне Пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ і на эўрапейскія інтэнцыі Ўкраіны.

Пагадненьне будзе прымяняцца, як і раней, пакуль на часовай аснове. І зона свабоднага гандлю будзе дзейнічаць, і сэктаральнае супрацоўніцтва. «Эўраінтэграцыю Украіны не спыніць» — заявіў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін. Прэзыдэнт Парашэнка назваў вынікі рэфэрэндуму атакай на адзінства Эўропы.

Гэтыя вынікі — знак пэўнага расчараваньня Эўропы украінскімі рэформамі, якія прабуксоўваюць.

Але гэтыя вынікі — знак пэўнага расчараваньня Эўропы украінскімі рэформамі, якія прабуксоўваюць, непераможнай карупцыяй, якая нявечыць аблічча і Эўрамайдану, і Ўкраіны як эўрапейскай дзяржавы.

З другога боку, галяндцы прадэманстравалі стомленасьць эўрапейскімі праблемамі: мігрантамі, фінансавымі каляпсамі Грэцыі, войнамі на пэрыфэрыі Эўрапейскага зьвязу. І украінцы, і эўрапейцы зробяць свае высновы. А якія высновы трэба зрабіць Беларусі, нашаму грамадзтву, дэмакратычная частка якога таксама прагне ў Эўропу?

Дубавец: Рэфэрэндум — адлюстраваньне грамадзкай думкі, а грамадзкая думка фармуецца СМІ — у першую чаргу. Верагодна, 61 адсотак украінскай інфармацыі ў Нідэрляндах выклікаў рашучае нежаданьне аб’ядноўвацца з краінай, дзе вайна, карупцыя і шмат усяго непрыемнага і незразумелага, дзе прачыненыя дзьверы на Ўсход, бо туды ўсунула нагу Расея. Мне здаецца, што ў любой іншай краіне рэфэрэндум аб асацыяцыі з Украінай меў бы па сутнасьці той самы вынік. Але ці гэты вынік зьяўляецца аб’ектыўным адлюстраваньнем украінскай рэальнасьці?

Арыгінальна напісаць пра дасягненьні цяжэй, чым пра нейкую бяду.

Гэтая рэальнасьць вельмі розная, але наўрад ці на 61 адсотак складаецца з нэгатыву. Працуе эканоміка, жыве вялікі народ, незалежныя СМІ і культура, і тых месцаў ва Ўкраіне, якія рашуча ня хочацца наведаць, зусім ня 61 адсотак, а ў дзесяць разоў меней, чым тых, куды хацелася б зьезьдзіць. Проста за апошнія два дзясяткі гадоў СМІ больш пішуць пра нэгатыўнае, чым пра пазытыўнае. Арыгінальна напісаць пра дасягненьні цяжэй, чым пра нейкую бяду. І калі казаць пра ўрокі з гэтага рэфэрэндуму для Беларусі, дык яны ў тым, што мы мусім фармаваць імідж краіны і народу, нашай культуры так, каб 61 адсотак быў пазытыўнай інфармацыі, а нэгатыўная нарасьце сама. І гэта тычыцца абсалютна кожнага беларуса, з чаго будзе брацца адлюстраваньне ў СМІ, сваіх і замежных, і адпаведна ў грамадзкай думцы галяндцаў, што адлюструецца ў рэфэрэндуме як 61 адсотак за асацыяцыю ЭЗ і Беларусі, як бы ўмоўна гэта ні гучала.

Максімюк: Я б хацеў коратка паразважаць пра прычыны, чаму так прагаласавалі нідэрляндцы. Вы сказалі, што яны забаяліся карупцыі, што няма рэформаў. Магчыма, і не хацелі галасаваць праз канфлікт з Расеяй. Але па-мойму гэта не найважнейшыя чыньнікі. У Эўропе таксама ёсьць карупцыя. І зь ёй змагаюцца і ня могуць перамагчы: возьмем такую краіну як Італія, у якой і карупцыя, і мафія. Яна ў Эўразьвязе, і Нідэрляндцы супраць гэтага нічога не маюць. Можна наракаць, што дэмакратыя ва Украіне крыху кульгавая. Але ў параўнаньні з Беларусьсю... Ва Ўкраіне, напрыклад, у парлямэнце прынамсі адна траціна дэпутатаў — гэта апазыцыя. Дык дэмакратыя там не сымбалічная — яна сапраўдная!

Гэта той цывілізацыйны падзел, пра які больш за 20 год таму напісаў Сэмюэль Гантынгтан.

Рэфэрэндум у Нідэрляндах — гэта першае галасаваньне, калі эўрапейцы кажуць нейкай краіне «не». Прыгадаем, калі прымалі ў Эўразьвяз Польшчу, Чэхію, Славаччыну і Румынію, такіх рэфэрэндумаў не праводзілася, усё ішло на ўзроўні ўрадаў. Думаю, самы галоўны псыхалягічны чыньнік тут такі. Нідэрляндцы, людзі заходнія, гледзячы на ўсход, ні Украіну, ні Беларусь, ні Расею ня лічаць сваімі. У тым сэнсе, як лічаць сваёй Польшчу, хоць Польшча не заўсёды была ў Заходняй Эўропе. Гэта той цывілізацыйны падзел, пра які больш за 20 год таму напісаў Сэмюэль Гантынгтан у сваім эсэ пра цывілізацыйныя разрывы ў сьвеце.

Рэфэрэндум у Нідэрляндах — гэта таксама кепскі знак для Беларусі, бо Беларусь у падобнай сытуацыі, культурнай і цывілізацыйнай, як Украіна. А што тычыцца дэмакратыі, дык яна яшчэ значна далей. Беларусь апошнія 20 гадоў празявала і прасьвістала, Беларусь прамарнавала той час, калі Заходняя Эўропа была вельмі пазытыўна настаўленая да такіх краінаў, прыдумляла розныя праграмы збліжэньня з усходам, як Усходняе партнэрства і таму падобнае. Цяпер на Эўропу зваліліся новыя і нечаканыя праблемы — і заходнім урадам ужо не да нашых праблем і пытаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG