Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін назваў Вашынгтон заказчыкам «Панамскіх дакумэнтаў»


Карыкатура ў сувязі са стварэньнем Нацгвардыі ў Расеі
Карыкатура ў сувязі са стварэньнем Нацгвардыі ў Расеі

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін палічыў Вашынгтон заказчыкам публікацый «Панамскіх дакумэнтаў», перадае ТАСС.

«Тое, што за гэтым стаяць, скажам, афіцыйныя асобы і афіцыйныя органы тых самых Злучаных Штатаў, гэта цяпер нам WikiLeaks паказаў», — сказаў расейскі прэзыдэнт.

На думку Пуціна, «калі афіцыйныя асобы Дзярждэпу або адміністрацыі ЗША робяць нейкія хамаватыя заявы, то гэта значыць, што яны абазначаюць сябе як зацікаўленыя асобы», што для расейскіх уладаў «добра, таму што мы разумеем, хто заказчык».

Раней сёньня Пуцін упершыню пракамэнтаваў расьсьледаваньне Міжнароднага кансорцыюму журналісцкіх расьсьледаваньняў, у якім гаворыцца аб датычнасьці кіраўніка расейскай дзяржавы да афшораў. Пра гэта ў чацьвер, 7 красавіка, ён заявіў на мэдыяфоруме «Праўда і справядлівасьць», які трансьляваў тэлеканал «Дождж».

Пуцін заявіў, што публікацыя «панамскіх дакумэнтаў» — спроба разгайдаць сытуацыю ў краіне знутры. Ён растлумачыў, што самы просты спосаб гэта зрабіць — выклікаць у народу недавер да ўлады.

Ён заявіў, што ў «Панамскім дасье» няма прамой спасылкі на тое, што ён валодае афшорамі, «карупцыйнага складніка таксама не існуе».

Тым часам сёньня, 7 красавіка, агенцтва Bloomberg паведаміла, што ўлады ЗША могуць зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі. І падставай для гэтага сталі «панамскія дакумэнты».

Міжнародны кансорцыюм журналісцкіх расьсьледаваньняў 3 красавіка апублікаваў глябальнае расьсьледаваньне аб сакрэтных рахунках прадстаўнікоў сусьветнай эліты. У прыватнасьці, у ім гаворыцца пра зьвязаныя з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным афшоры. Паводле атрыманай журналістамі інфармацыі, у прэзыдэнта Расеі нібыта ёсьць сетка сакрэтных афшораў, у якіх захоўваецца каля двух мільярдаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG