Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кісялёў не адчувае сябе вінаватым за сьмерці на Данбасе


Дзьмітры Кісялёў

Дзьмітры Кісялёў

У Менску пабываў крамлёўскі прапагандыст, гендырэктар інфармагенцтва «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў. Карэспандэнт Свабоды задаў яму свае пытаньні.

Прэсавая канфэрэнцыя Кісялёва адбылася сёньня ў Доме Масквы з нагоды адкрыцьця прэсавага цэнтру «Sputnik Беларусь».

Гендырэктар «России сегодня» Дзьмітры Кісялёў паведаміў журналістам, што сын ягонага старэйшага брата Сяргей, які стала жыве ў Нямеччыне, езьдзіў ваяваць ва Ўкраіну, ваяваў «недзе пад Горлаўкай» і даслужыўся там да пасады намесьніка камандзіра ўзводу.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, на чыім баку ваяваў пляменьнік Сяргей, Дзьмітры Кісялёў нічога не адказаў і пакінуў залю прэсавага цэнтру.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» спытаў, ці адчувае Дзьмітры Кісялёў віну за датычнасьць да сьмерці і паламаных лёсаў шмат каго з удзельнікаў вайны на Данбасе, якія паехалі на гэтую вайну, нагледзеўшыся ягоных тэлепраграмаў?

«Не адчуваю сябе датычным да дзяржаўнага перавароту ва Ўкраіне, да касэтных боепрыпасаў, якія скідваў кіеўскі рэжым на мірныя галовы данецкіх грамадзянаў, да катаваньняў і ваенных злачынстваў, якія праводзілі карныя батальёны ўкраінскіх нацыкаў на ўсходзе Ўкраіны, да грамадзянскай вайны, якая пачалася пры падтрымцы амэрыканцаў», — адказаў Дзьмітры Кісялёў і далей пачаў вучыць журналіста дакладнасьці.

Карэспандэнт Свабоды запытаў Дзьмітрыя Кісялёва, ці зьбіраецца ён распытаць прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна пра магчымую датычнасьць таго да панамскага афшорнага скандалу?

Свой адказ спадар Кісялёў пачаў прэтэнзіяй:

«Рады бачыць тут Радыё Свабода, калегаў, якія пасьля таго, як Уладзімер Макей, міністар замежных спраў Беларусі, апублікаваў на сваім рэсурсе фатаздымак нашай сустрэчы, дык калегі Радыё Свабода сказалі, што мы ня ведаем, што агенцтва зрабіла тут у Беларусі, але яно ўяўляе небясьпеку. То бок я бачу ў гэтай пазыцыі Радыё Свабода шчырую перадузятасьць. Яшчэ нічога няма, а ўжо кажуць пра нейкую небясьпеку. Гэта мне нагадала анэкдот».

Далей Кісялёў распавёў анэкдот пра мытніка і даму, у якім выкарыстаў слова «прыбор».

Анэкдот ад Кісялёва: «Мытнік аглядаў валізку адной дамы. Ён сказаў ёй: „Пачакайце, тое, што вы тут везяце, вы можаце перапрадаць, і гэта ўжо будзе спэкуляцыя“. На што дама яму сказала: „Калі ў вас, пардон, ёсьць „прыбор“, дык я вас абвінавачваю ў згвалтаваньні“. Прыкладна па такой жа лёгіцы дзейнічае Радыё Свабода».

Не атрымаўшы адказу, карэспандэнт Свабоды мусіў перапытаць — дык ці зьбіраецца Кісялёў распытваць пра панамскі афшор у Пуціна?

Кісялёў занэрваваўся і дадаў, што не зьбіраецца гэтага рабіць, бо «няма ніякіх дакумэнтаў, у мяне няма падстаў, у мяне поўны давер да нашага прэзыдэнта».

Карэспандэнт газэты «Народная Воля» запытала, ці разглядае Кісялёў Беларусь як частку «гэтак званага славутага „русского мира“»?

«Я не лічу „русский мир“ „гэтак званым славутым“, бо мы жывём у ягонай прасторы, слава Богу, і дай Бог яму здароўя. Бо я лічу, што „русский мир“ робіць акультурваючае ўзьдзеяньне на сусьветную цывілізацыю, гэта бачна ў Сырыі ды іншых месцах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG