Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска на рэфэрэндуме ў Амстэрдаме: Галасаваньне было зусім не пра Ўкраіну


Дар’я Слабчанка, якая ўжо некалькі год жыве ў Амстэрдаме, 6 красавіка ўзяла ўдзел у назіраньні за ходам галасаваньня і падлікам галасоў на рэфэрэндуме аб ратыфікацыі пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам.

Назіральніца расказала Свабодзе, як перад рэфэрэндумам працавала расейская прапаганда і чаму для назіраньня на ўчастку ў цэнтры Амстэрдама ня трэба было акрэдытацыі.

— Ці моцна была заўважная расейская прапаганда падчас падрыхтоўкі рэфэрэндуму?

Дар'я Слабчанка

Дар'я Слабчанка

— Расейская прапаганда, натуральна, больш працавала на Расею. І таму закранула ня толькі Ўкраіну, але і нас, бо нашы людзі таксама глядзяць праграму Кісялёва. Тут ня тое што была расейская прапаганда — расейцы дапамагалі лягеру праціўнікаў асацыяцыі. У рыторыцы прыхільнікаў асацыяцыі «Расея» таксама гучала часта, галяндцам распавядалі, што чакае Ўкраіну, калі Эўропа не падтрымае гэтую краіну. Ну, і былі постэры з Пуціным, які цалуецца зь Вільдэрсам і перамалёўвае мапу — ад кампаніі «за».

— Ці ўвогуле людзі ў Галяндыі ведаюць шмат пра Ўкраіну, Беларусь, Расею?

— Тое, што Расея таксама гучала ў дыскусіях пра Асацыяцыю, акурат і сьведчыць пра тое, што людзі даволі мала ведаюць і пра Ўкраіну, і пра Беларусь, і часта разглядаюць нашы краіны праз прызму геапалітычных інтарэсаў. Недастатковае веданьне Ўкраіны, бо ўвага да яе зьявілася, толькі калі пачаўся Майдан і пасьля расейскай агрэсіі, і абумовіла агрэсіўную кампанію супраць — калі ў бок Украіны сыпаліся агрэсіўныя абвінавачаньні, а галяндцы ня мелі дастатковых ведаў, каб крытычна іх успрымаць. Пра Беларусь звычайна ведаюць: Чарнобыль, дыктатура, сябры Расеі. З пазытыўнага могуць назваць спартоўцаў ды некаторых сьпевакоў, якія ўдзельнічалі ў Эўрабачаньні.

«МайДам» — мітынг на цэнтральнай плошчы Амстэрдама ў падтрымку Ўкраіны

«МайДам» — мітынг на цэнтральнай плошчы Амстэрдама ў падтрымку Ўкраіны

— На вашу думку, што абумовіла вынікі рэфэрэндуму?

— Вынікі рэфэрэндуму абумовіла тое, што ён быў зусім не пра Ўкраіну. Ініцыятары рэфэрэндуму не хаваюць, што іх мэта — стасункі Нідэрляндаў з Эўразьвязам. Гэта жаданьне пакараць уласны ўрад і брусэльскую эліту. І шмат хто галасаваў «супраць» менавіта з гэтых памкненьняў. Адна жанчына па тэлевізары сказала, што яна супраць, бо ёй не падабаецца, што зьніклі бясплатныя плястыкавыя пакункі з крамаў, таму Эўразьвяз — гэта кепска. Украіна ў гэтым выпадку проста стала ахвярай эўраскептычных настрояў.

— Як праходзіла галасаваньне на ўчастках? Ці можна параўнаць зь беларускімі выбарамі?

— Галасаваньне на ўчастках праходзіла вельмі прыязна. Гэта працоўны дзень, таму людзі зьяўляліся збольшага ў гадзіны пік. Працэс нельга нават параўноўваць зь Беларусьсю. Я проста зайшла і папрасіла застацца паназіраць, мяне вельмі цёпла сустрэлі, усе працэдуры былі празрыстыя. Хаця ў мяне не было ніякай акрэдытацыі, мне дадаткова прадэманстравалі, што скрыня была зачыненая, што ўнутры не засталося паперак. Больш за тое, кожны ахвотны галяндзец можа прыйсьці і дапамагчы з падлікам галасоў. Ніякага напружаньня ці недаверу. Я назірала ў самым цэнтры Амстэрдаму, і на маім участку прагаласавалі зь вялікім адрывам «за». Але і агулам вынікі па Амстэрдаме прыхільныя да Ўкраіны.

Падчас галасаваньня на выбарчым участку ў Амстэрдаме

Падчас галасаваньня на выбарчым участку ў Амстэрдаме

Бюлетэні для галасаваньня

Бюлетэні для галасаваньня

Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў

Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG