Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміраць не сьпяшаюся...» — магілёўскі бомж пра сваю «сьмерць» і «ўваскрэсеньне»


Сёлета ў лютым героя свабодаўскіх рэпартажаў пра бяздомных 78-гадовага бадзягу Юрыя Іванавіча «пахавалі».

Тыя, хто знаў старога, сьцьвярджалі: яго зьнясіленага выцягнулі з каналізацыйнай трубы, у якой ён жыў, і ў шпіталі бадзяга сканаў. Два месяцы бяздомнага лічылі памерлым.

Сваім раптоўным зьяўленьнем у першыя дні красавіка Юры Іванавіч зьдзівіў многіх. За колькі дзён стары наноў абжыў сваю каналізацыйную трубу, нацягаўшы туды зімовай адзежы.

Бяздомны просіць не даваць веры чуткам, што яго ледзь жывога выцягвалі з трубы. Настойвае: вылез сам, аднак быў дужа слабы, таму забралі ў шпіталь.

«Мяне там ня вылечылі. Як балелі ногі, сьпіна ды рукі, гэтак і баляць. Пальцы апухаюць», — кажа Юры Іванавіч.

«Па мяне ў лютым прыяжджала міліцыя, якая выклікала хуткую дапамогу. Яна мяне завезла ў бальніцу. Прабыў там я нядоўга. У аддзяленьні забаранялі курыць. Трэба было з чацьвёртага паверху спускацца ў двор, дык я настояў, каб мяне выпісалі».

Двухмесячныя прыгоды Юры Іванавіч апавядаў, нетаропка зацягваючыся тытунём

Двухмесячныя прыгоды Юры Іванавіч апавядаў, нетаропка зацягваючыся тытунём

Пра двухмесячныя прыгоды бадзяга апавядаў журналісту нетаропка, зацягваючыся тытунёвым дымам ад назьбіраных акуркаў.

Добрыя людзі, казаў ён, пасьля бальніцы прытулілі яго ў кватэры аднаго выпівохі. Зь ім стары перабыў рэшту лютага ды ўвесь сакавік.

«Мяне ня раз хавалі, — заяўляў Юры Іванавіч. — У вайну хлеба давалі па картках на сем чалавек нашай сям’і няшмат, і тады думалася, што ўсе памром, але неяк перажылі тыя часы. Цяпер людзі жывуць небагата, але пакуль хлеба ўдосталь. Я тут усе трубы ў навакольлі абжыў ужо. Многія ведаюць мяне і дапамагаюць».

«Пасьля двух месяцаў, як дабраўся сюды ды выбраўся ў мікрараён, тыя, хто знаў мяне, дзівіліся, што я жывы. Пыталі: „Юры, ці ты гэта? Чулі, што ты памёр“. А я ім: „Ня верце, жывы я“, — кажа бадзяга. — Адна жанчына распытала мяне, дзе быў, дый дваццаць тысяч рублёў дала. Відаць, ня час паміраць мне. Але, напраўду, ужо і надакучыла гэтак жыць. Цяжка старому выжываць стала. Бадзяюся па сьвеце ўжо гадоў дваццаць пяць. Колькіх бамжоў перажыў: і маладых, і старых, і мужчын, і жанчын».

Пажыткі старога бамжа

Пажыткі старога бамжа

Юры Іванавіч сьцьвярджае, што за апошнюю зіму ведае пра дваіх бамжоў, якія замерзьлі. Пра іх стары кажа будзённа, без асаблівых эмоцыяў.

«Толік тут жыў недалёка. 2 студзеня, у самыя маразы, дужа, відаць, выпіў і акалеў. Пасьля Дзімка зь Лёшкам пілі ля мяне. Лёшка дык ня дужа напіўся, а Дзімка... Гэтак і памёр. Яму было 27 гадоў. Малады яшчэ. Піў моцна, але мала еў. Мо і з голаду памёр, а не ад марозу».

«Вырвацца з бадзяжнага жыцьця можна, але ня кожнаму ўдаецца, — кажа Юры Іванавіч. — Як прывыкнеш, дык, лічы, няма чалавека. Маладых цяпер нямала бамжуе. Вось згаданыя ўжо Дзімка ды Лёшка. Лёшку — дык я яго даўно ня бачыў, мо зьехаў куды. А мо і памёр».

Юры Іванавіч вылазіць са свайго жытла

Юры Іванавіч вылазіць са свайго жытла

Невысокі згорблены стары штодня абыходзіць з кійком навакольле ў пошуках спажывы. Часта жабруе ля крамаў.

«Грошы даюць, курыць даюць, яды перападае. Грошы як назьбіраю, то ў краму іду: „чарніла“ абавязкова куплю ды закускі якой. Калі кампаніі выпіваюць і мяне бачаць, дык нярэдка частуюць. Мяне многія ведаюць: спагадаюць ды дапамагаюць. Я столькіх людзей ня ведаю, колькі мяне».

Зьнясіленага Юрыя Іванавіча выцягнулі з трубы 13 лютага. Як апавядаюць бяздомныя, якія дапамагалі міліцыянтам яго ратаваць, ён некалькі дзён не вылазіў са свайго «жытла». Думалі, што памёр, бо не адзываўся з трубы.

Юры Іванавіч — мясцовая «легенда» бадзяжніцтва

Юры Іванавіч — мясцовая «легенда» бадзяжніцтва

Гісторыю свайго бадзяжніцтва Юры Іванавіч пераказвае блытана. Нібыта на пачатку 1990-х з далёкага Ўралу прыехаў у Магілёў да сына. Сын купіў яму ў вёсцы дом, але, не дачакаўшыся зімы, бацька яго прадаў і вярнуўся назад — на Ўрал. Перабыўшы зіму, прыехаў зноў у Беларусь. Ад таго часу і бадзяецца.

Пашпарта ў Юрыя Іванавіча няма, пэнсіі таксама. Стары ня ўтойвае, што чужыя людзі не аднойчы спрабавалі даць яму прытулак, але такія намаганьні сканчаліся няўдачаю. Юры Іванавіч упарта вяртаўся да звыклага яму бадзяжніцтва.

У свае 78 год ён найстарэйшы бомж у Магілёве. Некаторыя з магілёўцаў называюць яго мясцовай «легендай бадзяжніцтва».

XS
SM
MD
LG