Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

4 прычыны, чаму галяндцы падарвалі асацыяцыю Ўкраіны і Эўразьвязу


На думку ўкраінскага палітоляга Ўладзімера Фясенкі, адмоўны імідж Украіны — далёка ня самая значная прычына, чаму ў Нідэрляндах прагаласавалі супраць ратыфікацыі пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам.

Экспэрт назваў у інтэрвію Свабодзе чатыры прычыны, якія прадвызначылі вынікі галасаваньня на рэфэрэндуме ў Нідэрляндах. Ён кажа, што нежаданьне ратыфікаваць Пагадненьне можна было прадбачыць і да дня галасаваньня.

Першая прычына. Эўраскептыцызм

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

«Галоўнае, што вызначыла ход рэфэрэндуму ў Нідэрляндах, — тое, што гэта было галасаваньне ня супраць Кіева, а супраць Брусэля. Рэфэрэндум быў абумоўлены эўраскептычнымі настроямі, і, дарэчы, ня толькі ў Нідэрляндах. Украінская тэма стала нагодай паказаць дулю Брусэлю».

Другая прычына. Расейская прапаганда

«Наступны па значнасьці фактар, які паўплываў на вынікі галасаваньня, — гэта расейская прапаганда і актыўныя дзеяньні Расеі. Высьветлілася, што нідэрляндзкая дэмакратыя аказалася недастаткова падрыхтаваная да дзеяньня брудных расейскіх тэхналёгіяў. У Нідэрляндах актыўна працавалі расейскія грошы, каб паўплываць на шэраг палітычных і грамадзкіх сіл. Расейцы ўдала скарысталіся эўраскептычнымі настроямі, якія ўзмацніліся ў нідэрляндзкім грамадзтве, і далей запрацавалі звыклыя мэханізмы — расейскія грошы на правядзеньне рэфэрэндуму і брудныя і агрэсіўныя расейскія тэхналёгіі. У якасьці прыкладу можна ўзгадаць хаця б ролік з фэйкавым батальёнам „Азоў“ https://www.youtube.com/watch?v=Y1UA6-8RCfA, у якім гучаць адкрытыя пагрозы ў бок галяндцаў і іншых эўрапейцаў. Уся гэтая прапаганда біла на эмоцыі, і на кагосьці гэта, вядома, паўплывала».

Трэцяя прычына. Міграцыйны крызіс

«Варта не забываць пра міграцыйны крызіс у Эўропе, які актуалізаваў даўнія страхі шматлікіх заходніх эўрапейцаў наконт імавернага пашырэньня Эўразьвязу. Такім чынам, пагадненьне аб асацыяцыі шмат хто зразумеў як уступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз».

Чацьвёртая прычына. Кепскі імідж Украіны

«Украінскія праблемы — нэгатыўны вобраз Украіны, вайна, карупцыя. Афшорны скандал тут ня стаў вырашальным, але ён вельмі добра лёг на ўгноеную глебу, на тыя стэрэатыпы, якія ўжо існавалі ў эўрапейскім грамадзтве».

Наступствы для Кіева і Брусэля

Што тычыцца наступстваў рашэньня рэфэрэндуму, то Ўладзімер Фясенка перакананы, што яны будуць больш сур’ёзныя не для Кіева, а для кіраўніцтва Эўразьвязу:

Для Кіева гэта непрыемная інфармацыя, але з пункту гледжаньня прававых і палітычных наступстваў гэта большая праблема для нідэрляндзкага кіраўніцтва і асабліва для Брусэля. Таму што гэтае галасаваньне можа падарваць самі асновы прыняцьця і ўзгадненьня рашэньняў у Эўразьвязе.

«Для Кіева гэта непрыемная інфармацыя, але з пункту гледжаньня прававых і палітычных наступстваў гэта большая праблема для нідэрляндзкага кіраўніцтва і асабліва для Брусэля. Таму што гэтае галасаваньне можа падарваць самі асновы прыняцьця і ўзгадненьня рашэньняў у Эўразьвязе. Вось што рабіць, калі адна краіна не ратыфікуе пагадненьне? Адказу на гэтае пытаньне няма. А шукаць яго давядзецца ня Кіеву, а Брусэлю».

Што тычыцца Ўкраіны, то, лічыць палітоляг, ніякай катастрофы не адбылося.

«Па-першае, пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю працягне дзейнічаць незалежна ад таго, ці ратыфікавана яно ў поўным аб’ёме. Калі Нідэрлянды будуць настойваць на пераглядзе гэтага пагадненьня — нічога страшнага, будзе нагода зрабіць гэта з улікам нашых інтарэсаў. Па-другое, рэфэрэндум аніяк не паўплывае на рашэньне пра адмену візаў для ўкраінцаў, якое будзе прынята ўжо летам».

Уладзімер Фясенка падкрэсьлівае, што рэфэрэндум у Нідэрляндах паказаў украінцам — сёньня іх у Эўропе не жадаюць бачыць:

«Галоўная праблема для нас — тое, што частка эўрапейцаў ня хоча бачыць Украіну ў складзе Эўразьвязу. Гэта так, але гэта таксама не навіна, гэта было вядома і без рэфэрэндуму. На пэрспэктыву гэта будзе праблемай. Але калі Ўкраіне ўдасца ў бліжэйшыя 10 год правесьці пасьпяховыя рэформы, якія дазволяць сфармаваць устойлівую дэмакратыю і прававую дзяржаву, пераадолець карупцыю, прадэманстраваць эканамічны рост, — ня мы будзем прасіцца ў Эўразьвяз, а нас туды будуць запрашаць. Калі ўсё застанецца так, як цяпер, то ў нас ня будзе шансаў на ўступленьне ў Эўразьвяз».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG