Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма міру пад алівамі, як калісьці казалі ў савецкай тэлевізіі... Толькі падціхла ва Ўкраіне, зноў заіскрыла ў Карабаху. Спытаеце, якое дачыненьне мае Карабах да Беларусі? Мае...

Гэтая гісторыя здарылася ў Віцебску гадоў пятнаццаць таму. Я стаяў на мосьце празь Дзьвіну каля Коласаўскага тэатру і глядзеў, як пад мостам, са скрыгатам наяжджаючы адна на адну, магутным поступам рушаць крыгі. Сьвяціла сонца, быў, як цяпер, пачатак красавіка. Неўзабаве побач спыніўся чалавек.

– Пацанамі мы каталіся на крыгах, толькі не па Дзьвіне, а па Дняпры. Я магілёўскі. Саскоквалі на бліжэйшую да берага вялікую крыгу і йшлі на ёй да нейкага зручнага месца, каб там зноў саскочыць на бераг. Лічылася вялікім шыкам так праехаць.

– Небясьпечна, – прамовіў я.

– Бывала, пажарныя здымалі, бывала й танулі, – адказаў чалавек. – Дурная забава, але ж пацаны. Кроў гуляе, кайф, адрэналін, аўтарытэт.

– Такая моц ня тое што чалавека, бывае, масты трушчыць, як кардонкі, – заўважыў я.

– Чалавек, бывае, таксама масты трушчыць. Я, прынамсі, у сваім жыцьці натрушчыў, – выдыхнуў ён.

– Вайсковец?

– Але... Пэўным чынам...

– Віцебская мабільная брыгада?

– Не, – пасьміхнуўся чалавек.

Высьветлілася, што імя яго Віктар, што ён прыехаў з Магілёва да вайсковага сябра, зь якім служыў у васьмідзясятых пад Астраханьню, ня бачыліся шмат гадоў. Цяпер кіруецца, як і я, да вакзалу. Едзем мы на адным цягніку і ў нас ёсьць жаданьне й трошкі часу, каб па дарозе завітаць у краму і набыць неабходнае для нясьпешнай размовы двух выпадковых спадарожнікаў, аднаму зь якіх неабходна выгаварыцца, а іншы гатовы слухаць.

У цягніку Віктар папрасіў у правадніцы дзьве шклянкі, зачыніў дзьверы купэ і адкаркаваў пляшку.

– 1993 год. Растоў. Я яго не адразу пазнаў у тым кафэ пры аэрапорце. Вясна, як зараз. Цёпла толькі. Віно чырвонае. Сядзіць у камуфляжы, на мяне глядзіць і пасьміхаецца. Пасьля дзембеля гадоў сем-восем мінула. Ён быў снайпэрам, снайпэры збольшага флегмы. Я да яго першым кінуўся абдымацца.

– Саныч, – крычу, – ты?!

А ён мне: Пяцёрачка, трэба ж дзе перасякліся?!

У яго мянушка Саныч была, бо Аляксандар Аляксандравіч Александровіч. У мяне – Пяцёрачка, бо пятая ДРГ (дывэрсійна-разьведвальная група), пяты нумар разьліку, і калі падрыў добра выходзіў на вучэньнях, я любіў казаць: на пяцёрачку атрымалася.

Наш дывізіён глыбіннай разьведкі сярод стэпу стаяў, толькі стэп і бахча побач. Ганялі нас няшчадна, калі не было вучэньняў, на варту ў каравул. Я падрыўніком, ён снайпэр, але ў іншай ДРГ. Трымаліся мы разам, бо землякі былі.

Паўспаміналі ў тым кафэ войска, як ад «дзядоў» адбіваліся сьпіна да сьпіны, як прыкрывалі адно аднаго, калі хто трапляў у сытуацыю, як сьпірт тырылі мэдычны і ў кавунах хавалі на бахчы. Выразалі сярэдзіну ў кавуне і залівалі туды. Так да дзембеля нас і не злавілі ні разу...

Калі высьветлілася, што я на рэйс да Ерэвана, а ён да Баку, мы зразумелі ўсё бяз словаў.

Пасьля войска неяк згубіліся-разышліся, але падобнымі шляхамі крочылі. І ў яго, і ў мяне няўдалы шлюб, дзеці, беспрацоўе, распад Саюзу і наш прапар Тарчкоў, па мянушцы Тарчок. Інструктар па баявой. Мэнэджар-б... Па розныя бакі нас падпісаў. Мяне за армян, яго за азераў. Ён страляў, я ўзрываў...

Сьвяціла сонца, мы выпівалі й гаварылі. Пра гэтую ня нашу вайну, якая апынулася абсалютна нашай. Аказалася, што дзейнічалі мы амаль на адным і тым жа ўчастку фронту. Ведалі прозьвішчы й пазыўныя камандзіраў, апэрацыі, у якіх удзельнічалі, дзяліліся ўражаньнямі пра вайсковы быт, жахі, атмасфэру. Параўноўвалі. Сышліся на тым, што ня дай бог у нас...

Ён першы ляцеў, на паўгадзіны, але раней. Калі рэйс на вылет абвесьцілі, мы абняліся і ён кажа:

– Пяцёрачка, калі ўбачу цябе ў прыцэл, то жывы будзеш. Ня стрэльну.

– А я яму ў адказ, маўляў, Саныч, ты ж ведаеш маю спэцыялізацыю, я табе такога не магу паабяцаць... Паціснулі рукі й разышліся-пайшлі, як тыя крыгі, кожны да свайго берагу…

Я ваяваў яшчэ прыкладна з паўгода. Мініраваў і ўзрываў, узрываў і мініраваў. Перавалы, скалы, бліндажы, масты... Аднаго разу паведамілі, што на мосьце, дзе я працаваў, ледзь ня рота правалілася іхная, і я адразу Саныча згадаў, каб толькі ня ён там праваліўся... Пасьля раненьне. Выбухнуў запал ад міны. Руку пакалечыла, косткі зьбіралі, пальцы прышывалі. Але сабралі й прышылі, дзякуй богу.

Восень, ляжу ў шпіталі на выпіску ўжо, думаю, што далей рабіць, падпісвацца яшчэ ці не? Я да таго часу зь перапынкамі каля году там адбыў... А тут раптам па тэлевізары навіны зь Югаславіі былой паказваюць, як падарвалі стары мост у Мостары... Горад такі ў Босьніі. Як зараз памятаю, дзявятага лістапада. Гляджу, як пайшла дымам прыгажосьць, што стаяла чатыры стагодзьдзі, і думаю сабе, што я тут раблю, у Карабаху? Што я тут забыў, грошы? Масты ня ўсе паўзрываў? Навошта?..

Дадому прыехаў, пакуль тое-сёе, аклямаўся трошкі... На будоўлю ў Маскву пару-тройку разоў выправіўся, грошай падзарабіў... Але аднойчы неяк ня сьпіцца ўначы, выйшаў у двор, гляджу на неба, то хмары, то зоркі, і раптам зноў пра Саныча... Цягне мне гэта... Няяснасьць. Невядомасьць. З таго часу шукаю. У Віцебск во прыехаў, бо адрас далі, дзе нібыта ён мог бы быць... Але не знайшоў пакуль... Як лічыш, знайду?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG