Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маглі рабочыя ўзяць штурмам дом па Карла Маркса?


Гэтымі днямі спаўняецца 25 год страйку рабочых у Менску ды іншых беларускіх гарадах, які ўвайшоў ў гісторыю як страйк, які нанёс магутны ўдар па таталітарнай камуністычнай сыстэме. Прапануем вашай увазе фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка “Дзевяноста першы”, якая выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды”.

-- Ты паглядзі, як апранулася, які плашчык чысьценькі! А пастаяла б каля станка, была б не такая прыгожая. Пойдзеш, чысьценкая, працаваць на завод? Адчуеш, што такое працоўны рубель!.

Словы пажылой жанчыны падхапілі іншыя, і Галіне спачатку хацелася ўвогуле зьбегчы ад гэтых раззлаваных людзей назад, у гарсавет. Як зарабляецца рубель, яна ведала з дзяцінства, але, працуючы ў адукацыі, атрымлівала куды менш за тых, хто цяпер запоўніў плошчу Леніна.

-- Я дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка. Я прыйшла да вас, аб спытаць, што вы хочаце. Цяпер у нас ідзе сэсія, і калі вы вылучыце пяць чалавек, і паспрабую іх правесьці на сэсію.

Галіна Вашчанка была першай з дэпутатаў гарсавету, хто выйшаў на плошчу да рабочых у першы дзень, калі ў красавіку 91-га рабочыя прыйшлі да Дому ўраду (канешне, калі не лічыць лідэра страйкаму Сяргея Антончыка, які адначасна быў дэпутатам і ВС і менгарсавету).

Ніякіх канкрэтных прапаноў рабочыя ня выказалі і выйшлі з залі з высока ўзьнятымі галовамі

Праз дваццаць гадоў Галіна дакладна памятае тыя дыялёгі на плошчы, і ў сваёй кнізе “Беларусь у сэрцы” прыгадвае, як правяла некалькі рабочых праз міліцэйскі пост на чацьверты паверх, у залю паседжаньняў гарсавету. Распавядае, як падыходзілі гэтыя людзі да трыбуны, гаварылі пра высокія цэны і пра цяжкую сваю працу. Але ніякіх канкрэтных прапаноў рабочыя ня выказалі і выйшлі з залі з высока ўзьнятымі галовамі.

Плошча Леніна, 4 красавіка 1991 г.

Прыгадвае Галіна і тое, як нейкая жанчына, калі вялізная калёна рушыла да плошчы Перамогі да тэлецэнтра, каб запатрабаваць прамога тэлеэфіру, сказала "Трэба сёньня дамагацца ад ураду ўсяго, бо сёньня мы, рабочыя, пойдзем за вамі і, калі трэба, разьнясем гэты тэлецэнтар па цагліне. Заўтра можа быць позна, няўжо ж вы гэтага не разумееце?".

У наступныя дні колькасьць рабочых на плошчы сапраўды паменела.

Пазьней мы вернемся да таго, што можна было б зрабіць у першыя дні ( у сваёй кнізе "Беларусь у сэрцы” Галіна піша, што ў першы дзень мы нічога не дамагліся: катастрафічна не хапала лідэра"), а зараз -- пра тое, чаго ўдалося дамагчыся.


Якую ролю адыграў БНФ?


“Да чыстага парыву рабочых прымазаліся тыя, хто шукае выгоды для сябе… У дзеяньнях страйкаму адчуваецца рука ўмелых арганізатараў.. “ – сказаў у тыя красавіцкія дні, выступаючы па беларускім тэлебачаньні, першы намесьнік старшыні ВС Шушкевіч (у іншым інтэрвію ён канкрэтызаваў “арганізатараў” – дэпутаты апазыцыі БНФ). Шушкевіч фактычна выконваў функцыі фармальнага кіраўніка дзяржавы, бо адразу пасьля пачатку страйкаў Дземянцей захварэў.

Пакінуўшы ў баку своеасаблівую лексыку (“прымазаліся”, “выгоды для сябе”), запытаюся: а што тады ёсьць майстэрства палітыка, як ня здольнасьць заахвоціць сваімі ідэямі найбольш актыўную, у пэўны гістарычны момант,частку грамадзтва? Тут пытаньне крытэрыю – ці слушная, апраўданая ідэя. Вылучыўшы ідэю незалежнасьці, БНФ на чале з Зянонам Пазьняком пасьлядоўна дамагаўся сваёй мэты, і было б проста недаравальна не выкарыстаць шанец, які з’явіўся ў красавіку 1991-га.

У першы дзень страйк быў “каўбасным”: рабочыя выйшлі з заводзкіх цэхаў выключна эканамічнымі патрабаваньнямі Наступнага дня, калі яны прыйшлі да Дому ўраду, ўжо вылучылі патрабаваньні палітычныя - дэпартызацыі і новых выбараў. А ўжо праз некалькі дзён адным з галоўных лёзунгаў страйкоўцаў было -- наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

І гэта -- вынік працы з лідарамі рабочага руху актывістаў БНФ, найперш - дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі.

На пляц перад Домам ураду рабочыя таксама пайшлі па шляху, пракладзеным БНФ

“Якую ролю ў красавіцкіх падзеях адыграў БНФ? Немалую, - сьцьвярджаў у тыя дні ў “Навінах БНФ” Юры Дракахруст. – Па-першае, спрацавала двухгадовая дзейнасьць БНФ, мітынгі, выступы ў друку, праца апазыцыі ў ВС Рэспублікі. За гэты час БНФ так і ня стаў масавым рухам. Шырокія сацыяльныя пласты нібы й ня слухалі праграмы мераў па выхадзе з крызісу (і не маглі слухаць: праграмы БНФ не надрукавала ніводная афіцыйная газэта, іх замоўчвалі радыё і тэлебачаньне – С.Н.), заклікаў да стварэньня структураў уплыву, у тым ліку й страйкамаў. Як высьветлілася, ня слухалі, але нешта пачулі. І калі падышоў час, прыгадаліся й меры й перамовы й словы… Патрабаваньні страйкамаў падобныя на праграмныя мэты БНФ. На пляц перад Домам ураду рабочыя таксама пайшлі па шляху, пракладзеным БНФ. .. апрача таго, БНФ паўплываў, так-бы мовіць, арганізацыйна. У 1988 годзе ён абудзіў да грамадзянскага жыцьця розных людзей, аб’яднаных непрыняцьцем таталітарызму. Групы БНФ маглі быць вельмі маленькімі – некалькі чалавек на велічэзны завод, але яны былі амаль паўсюдна.. Калі ж пачаліся страйкі, сябры БНФ апынуліся на сваім месцы. Многія зь іх увайшлі ў страйкамы, сталі іхнімі лідэрамі. Яны адразу надалі руху арганізаваныя формы. Палітычны досьвед сяброў БНФ на заводах дапамог рабочым у іхняй барацьбе”.

Сяргей Антончык выступае на паяджэньні страйкаму. Зьлева -- Алесь Галькевіч. 1991 г. Выкадроўка з кінастужкі.


Ня буду хаваць: сфармуляваць палітычныя лёзунгі рабочым дапамаглі актывісты БНФ (уласна, сустаршыні стайкаму Сяргей Антончык, Георг Мухін, Генадзь Быкаў, Іван Юргевіч былі членамі БНФ і ўваходзілі ў “фронтаўскія” выбарныя ворганы, немалую ролю адыграў і член Сойму БНФ Віктар Івашкевіч).

Але магу сьведчыць: у тыя дні навязаць што-небудзь рабочым бяз іхняга жаданьня было абсалютна немагчыма (функцыянэры кампартыі, якая выступала за захаваньне СССР, так і ня здолелі гэтага зрабіць з дапамогай ўсёй сваёй прапагандысцкай машыны і “гэбэшнай” агэнтуры).
У чым жа прычына таго, што, вылучыўшы надзённыя палітычныя лёзунгі, страйк, нягледзячы на ягоную маштабнасьць, як гэта ні парадаксальна, ня меў выразнага, канкрэтнага палітычнага выніку?


З лідэрамі страйку было ня проста


І тут я павінен сказаць пра тое, што не казалася публічна ўсе гэтыя 20 гадоў – пра нашыя асабістыя ўзаемаадносіны зь некаторымі лідарамі страйку.

Так, на чале страйкаму сталі актывісты рабочага руху, якія адначасна былі і актывістамі БНФ.

Але многія са страцкамаўцаў рэўнасна ставіліся да спробаў дэпутатаў Апазыцыі БНФ ўзначаліць рабочы пратэст. “Вы – палітыкі, мы – рабочыя”. Здавалася б, натуральна: калі б нехта з лідэраў страйкаму вырашыў параіць мне, журналісту, як трэба пісаць артыкул, баюся, што вытрымкі ў мяне хапіла б хвіліны на дзьве. Але тут была сфэра не вытворчая, тэхналягічная, а – палітычная, дзе падзел на “клясы” выглядаў неканструктыўна. Да таго ж, палітычнага вопыту ў нас было непараўнальна больш.

Адыгралі ролю і амбіцыі: яшчэ ўчора лідэры страйкамаў былі нікому не вядомыя, а сёньня яны – у цэнтры ўвагі, ад іхняга слова залежыць, куды пойдзе за імі сотня тысяч людзей, што зьбіраецца на плошчы, і таму зь імі перамаўляюцца кіраўнікі Вярхоўнага Савету і ўраду.

З некаторымі лідэрамі рабочага руху даводзілася прымяняць розныя дыпляматычныя прыёмы

У мяне не было ніякіх праблемаў у стасунках з Сяргеем Антончыкам, але вось з некаторымі іншымі лідэрамі рабочага руху, якія не былі дэпутатамі ВС, даводзілася прымяняць розныя дыпляматычныя прыёмы, каб барані Божа не закрануць іх амбіцыі, і адначасна -- дамагчыся патрэбнага нам палітычнага выніку. Часам гэта ўдавалася, часам -- не.

Ну вось хоць бы такі прыклад.

Калі першапачатковая дамова страйкаму з уладамі аб прадастаўленьні штодня эфірнага часу парушылася, рабочыя 10 красавіка аднавілі страйк. У Дом урада накіравалася дэлегацыя, і Сяргей Антончык папрасіў мяне пайсьці зь імі.

Перамовы вёў першы намесьнік старшыні ВС БССР Станіслаў Шушкевіч.

Перамовы лідэраў страйкаму з першым намесьнікам старшыні ВС БССР С. Шушкевічам. 10 красавіка 1991 г.

У нейкі момант, калі я пабачыў, што Шушкевіч вядзе гутарку ўбок ад тэмы, мне давялося ўзяць слова і сказаць, як тэхнічна мусіць выглядаць прадстстаўленьне эфіру (усё ж, я быў у той момант адным з кіраўніком парлямэнцкай камісіі па СМІ, а ў якасьці каардынатара апазцыі БНФ займаўся “выбіваньнем” тэлеэфіру, так што досьвед стасункаў з кіраўніцтвам Дзяржтэлерадыё меў багаты). Акрамя некаторых тэхнічных момантаў, я прапаноўваў, каб страйкамаўцы самі выбіралі, хто сядзе перад тэлекамэрамі (такім чынам, разам з рабочымі селі б і дэпутаты Апазыцыі БНФ, а па вяртаньні з ЗША і Пазьняк; паўгадзіны эфіру штодня маглі б кардынальна паўплываць на грамадзкую сьвядомасьць).

Станіслаў Станіслававіч адчуў небясьпеку. Мушу прызнаць, што Станіслаў Станіслававіч на пасадзе віцэ-спікера навучыўся “асаджаць” апанэнтаў (асаблівае часта ён рабіў гэта ў адносінах да нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ).
Шушкевіч запытаўся, у якой якасьці я, уласна, тут знаходжуся: калі як журналіст – дык павінен занатоўваць і маўчаць, калі палітык – дык якое дачыненьне маю да рабочага руху? Для мяне такая тактыка Шушкевіча не была ў навіну, але страйкамаўцы разгубіліся.

У ідэале, далей гутарка павінна была б ісьці наступным чынам: страйкамаўцы павінны былі б сказаць, што мы даверылі гэтаму дэпутату весьці перамовы аб эфіры ад нашага імя, і мы падрымліваем ўсё, што ён вам скажа.

І Сяргей Антончык паспрабаваў давесьці, што гэта яны, страйкамаўцы, запрасілі мяне на перамовы, але падтрымкі з боку іншых удзельнікаў сустрэчы не было. Давялося маўчаць. Страйкамаўцы пагадзіліся на тое, што ім прапанаваў Шушкевіч (ён нават даў “пісьмовыя гарантыі” – але і палітычна, і юрыдычна гэта была пустая паперка), і ў выніку рабочых пазбавілі нават тых 5 хвілінаў эфіру, якія яны мелі.

Штурм ЦК?


Як можна было б скарыстаць першыя два дні страйку, калі рабочыя прыйшлі да Дому ўраду?

Між іншым, ад пачатку рабочыя прыйшлі ня ў тое месца, дзе насамрэч у той час прымаліся рашэньні – ва ўсялякім разе, у дні, калі не было сэсіі ВС. Зусім ня ў Доме ўраду знаходзіўся цэнтар прыняцьця палітычных рашэньняў, а ў ЦК КПБ, ў будынку па Карла Маркса (цяпер там месьціцца адміністрацыя прэзыдэнта). Кампартыя кантралявала Вярхоўны Савет, ўсё кіраўніцтва ўраду уваходзіла ў склад ЦК КПБ і падпарадкоўвалася рашэньням Бюро ЦК
Падпарадкоўваўся ім і старшыня ВС Дземянцей. У першыя ж дні страйку Дземянцей захварэў, і выконваць абавязкі фармальнага кіраўніка дзяржавы пачаў ягоны намесьнік Шушкевіч. У адрозьненьне ад Дземянцея, ён не ўваходзіў у склад ЦК, але ў дні страйкаў дзейнічаў, як выглядала, у поўнай адпаведнасьці з інтарэсамі штабу камуністаў.

Дык як можна было б скарыстаць інакш і больш эфэктыўна першыя два дні страйку, калі рабочых зьбіралася больш за сто тысяч?

Першае, што ўяўляецца – гэта перанакіраваць стотысячны натоўп рабочых да “штабу партыі рабочага кляса”, да будынку ЦК. Падаецца, гэта было рэальна, шкада, што такая думка не прыйшла ў галаву рабочым лідэрам.

Але дапусьцім -- прайшлі па праспэкце і падышлі да дому па Карла Маркса.

Але – што далей?

Штурм?

Уявіце эфэктнае відовішча: рабочыя зьмінаюць дзяжурных міліцыянтаў (у ЦК стаялі толькі два чалавекі на кожным з двух уваходаў), сотні людзей запаўняюць фае, падымаюцца на пяты паверх – і вось ён, кабінэт першага сакратара ЦК Малафеева. Ну што, таварыш Малафееў, лідэр партыі рабочага кляса, народны дэпутат СССР – уніз, на плошчу, да рабочых, да народа! Ды не праз вакно, і не на ліфце ( раптам ліфт пацуковым ходам спалучаны з мэтро, дык уцячэш) – па лесьвіцы, ножкамі, ножкамі!...

Выцягнулі б кіраўнікоў ЦК на плошчу, а сэйфы б у кабінэтах ускрылі б, паказалі б усяму сьвету, чаго вартая “партыя пралетарыяту”.

Дык -- ці рэальна маглі рабочыя ўзяць штурмам ЦК?

Мой адказ – так, маглі.

А вось на якое пытаньне ў мяне няма адназначнага адказу – якія наступствы меў бы штурм.

Шушкевіч адмовіў і сказаў, што ва ўлады ёсьць іншыя сродкі. У Воршу быў пасланы спэцназ

Для мяне бясспрэчна, што супраць рабочых былі б прымененыя міліцыя і войскі (калі 24 красавіка аршанскія чыгуначнікі селі на рэйкі, і Сяргей Антончык прыйшоў да Шушкевіча прасіць тэлеэфіру, каб зьвярнуцца да аршанцаў – Шушкевіч адмовіў і сказаў, што ва ўлады ёсьць іншыя сродкі. У Воршу быў пасланы спэцназ). І нават калі ўявіць, што целаахоўнік Малафеева (як першага сакратар ЦК ён яго меў) не прымяніў бы зброю (па інструкцыі быў абавязаны, але што зробіш пісталетам супраць натоўпу?) – у наступныя дні Менск быў бы ў рэжыме надзвычайнага становішча (пазьней стала вядома, што ў сутарэньні Дому ўраду недзе 10-111 красавіка былі ўведзеныя сотні спэцназаўцаў, якіх прывезьлі ці то з Сярэдняй Азіі, ці то з Каўказу). Ну, а на што здольныя былі савецкае войска і КДБ, за тры месяцы да страйкаў паказалі падзеі ў Літве. Мне падаецца таксама, што пад абаронай войскаў камуністычныя дэпутаты адчувалі б сябе ўпэўненымі, а не разгубленымі, і ў жніўні, калі ўдалося прыняць незалежнасьць.

Хвілінны эфэкт ад штурму будынку ЦК быў бы сьцёрты танкамі на менскіх вуліцах.

Адзіная мадэль паводзінаў, якая бачыцца мне рэальнай і дарэмна не скарыстанай у той сытуацыі, -- гэта каб рабочыя прыйшлі да ЦК, ўзялі будынак ў аблогу і дамагаліся выкананьня сваіх эканамічных і палітычных патрабаваньняў. Дзеля рэалізацыі такіх патрабаваньняў існаваў толькі адзін мэханізм – прыняцьце адпаведных рашэньняў Вярхоўным Саветам. А значыць, неабходна было склікаць нечарговую сэсію.

Бяз Пазьняка

“Адсутнасьць у Менску ў гэтыя крытычныя дні лідэра Фронту й дэпутацкае апазыцыі ў ВС БССР сп. Зянона Пазьняка мае вельмі адмоўныя наступствы. Апазыцыя ў ВС БССР выглядае ў гэтыя дні крыху бездапаможна, нават да простай думкі пра збор подпісаў з патрабаваньнем склікаць пазачарговую сэсію яна прыйшла са значным спазьненьнем” – пісаў у “Навінах БНФ” Юры Дракахруст.

Я прыводжу гэтую цытату, каб часткова пагадзіцца з першай высновай (пра Пазьняка), і аспрэчыць другую (пра Апазыцыю). З другой і пачну.

Цяжка сказаць, на падставе чаго Юры зрабіў тады сваю выснову пра дэпутатаў. 4 красавіка, калі рабочыя ўпершыню выйшлі да Дому ўраду, мяне ў Менску не было – але праз некалькі дзён я вярнуўся зь Віцебску менавіта таму, што, як мне сказаў нехта з калег па Апазыцыі (здаецца, Валянцін Голубеў, а можа Галіна Сямдзянава – цяпер і не ўзгадаю) -- трэба рыхтавацца да сэсіі.

Праект заявы дэпутатаў Апазыцыі БНФ, красавік 1991. З архіву С. Навумчыка.


У мяне захаваўся чарнавік заявы Апазыцыі БНФ – пачатак напісаны рукой Голубева, працяг – маёй. Аднак проста заявіць пра неабходнасьць скліканьня пазачарговай сэсіі недастаткова, трэба сабраць подпісы дэпутатаў.

Захаваўся і машынапісны арыгінал заявы з подпісамі дэпутатаў пад патрабаваньнем аб скліканьні сэсіі – менавіта мне (адразу пасьля прыезду з Віцебска) давялося зьбіраць тыя подпісы. Гэта прыблізна 6-7 красавіка, ня думаю, што гэта “значнае спазьненьне”.

Зьбіраць подпісы было ня проста: большасьць дэпутатаў раз’ехалі, давялося “сесьці на тэлефон” – але, нават атрымаўшы згоду, трэба было здабыць і арыгінал подпісу, бо толькі ён меў юрыдычную сілу.

Мы патрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі з наданьнем на ёй канстытуцыйнай сілы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце

У Заяве мы патрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі з наданьнем на ёй канстытуцыйнай сілы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прыняцьця рашэньняў аб дэпартызацыі, аб грамадзянстве Беларусі, аб прыватнай уласнасьці на зчямлю, аб вайсковай службе, а таксама аб сфармаваньні кааліцыйнага ўраду народнага даверу і аентыкрызысным бюджэце. Таксама, мы прапаноўвалі прыняць распрацаваны намі новы закон аб выбарах на шматпартыйнай аснове.

Заява дэпутатаў Апазыцыі БНФ з нагоды страйкаў. Красавік 1991. З архіву С. Навумчыка


16 красавіка я перадаў у прэсу гэтую заяву, пад якой было 25 дэпутацкіх подпісаў; да 30 красавіка гэтая колькасьць іх дасягнула 40. Для скліканьня сэсіі патрэбна было мінімум 115 подпісаў.

Цяпер пра лідэра БНФ і дэпутацкай апазыцыі.

Вашынгтон цалкам падтрымліваў Гарбачова і чуць не жадаў ні пра які сувэрэнітэт рэспублік

Пазьняка сапраўды ў Беларусі ў красавіку не было – разам з дэпутатамі Лявонам Баршчэўскім і Уладзімерам Заблоцкім ён быў на амэрыканскім кантынэнце. Гэтая паездка рыхтавалася беларускай дыяспарай ЗША і Канады і мела дзьве мэты. Першая -- як яе вызначыў Пазьняк, “зламаць эканамічную блякаду вакол Беларусі”, давесьці амэрыканскім палітыкам пазыцыю БНФ адносна пэрспэктыў існаваньня СССР і права беларусаў на незалежную дзяржаву (Вашынгтон цалкам падтрымліваў Гарбачова і чуць не жадаў ні пра які сувэрэнітэт рэспублік, акрамя прыбалтыйскіх). Другая – распавесьці заходняму грамадзтву пра вынікі Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі (дапамога пацярпелым ужо была наладжана дыяспарай, ужо дзейнічаў у Канадзе фонд на чале з Івонкай Сурвілай, аднак маштаб катастрофы вымагаў дзяржаўнай дапамогі).

Інфармацыя пра выхад рабочых да Дому ўраду 4 красавіка да Пазьняка дайшла (з улікам розьніцы паміж менскім і амэрыканскім часам), калі страйкам вырашыў ўзяць паўзу і даць кіраўніцтву БССР час на вывучэньне патрабаваньняў рабочых. Я ў тыя дені з Пазьняком не размаўляў – хатняга тэлефона ў мяне не было, з Вярхоўнага Савету званіць у Амэрыку мы не маглі. Пазьняк звычайна тэлефанаваў на кватэру Валянціну Голубеву, які даваў падрабязную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Як потым мне расказваў Пазьняк, ён адразу пачаў высьвятляць, як можна было б вярнуцца ў Менск. Аказалася, што зрабіць гэта вельмі складана – трэба было замаўляць білеты, прычым вяртацца даводзілася б праз Маскву альбо Ленінград (прамых рэйсаў з амэрыканскага кантынэнту ў Менск тады не было). Зяняло б гэта ўсё, у лепшым выпадку, пяць-шэсь дзён. Акрамя таго, гэта азначала – парушыць усе дамоўленасьці ў Кангрэсе, дзярждэпартамэнце, іншых урадавых і грамадзкіх установах. Арганізатары паездкі пераканалі Пазьняка, што рабіць гэта ня варта.

Была і яшчэ адна прычына не спыняць візыт: паступова страйк ішоў на спад. Самы “пік” (па колькасьці тых, хто выйшаў на вуліцы) прыйшоўся якраз на 4 красавіка.

Канешне, Пазьняк зь ягонай выключнай палітычнай інтуіцыяй, аналітычнымі здольнасьцямі, уменьнем мабілізаваць прыхільнікаў і блякаваць апанэнтаў (калі не ўдалося іх пераканаць) – мог бы зрабіць так, што страйк меў бы палітычны вынік. Гэта значыць – былі б выкананыя палітычныя патрабаваньні (незалежнасьць, дэпартызацыя, новыя выбары).

Але, зноў жа -- дзеля гэтага павінна была быць склікана нечарговая сэсія Вярхоўнага Савета, а склікаць яе мог толькі Прэзыдыюм ВС альбо старшыня ВС.

Але тыя дні ў Менску быў чалавек, які валодаў значна большымі, чым Пазьняк, палітычнымі і адміністрацыйнымі магчымасьцямі і фактычна кіраваў Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савета. І, строга кажучы, выконваў функцыі старшыні ВС замест Дземянцея, які хварэў.

Гэта – першы намесьнік старшыні ВС БССР Станіслаў Шушкевіч. Усе свае дзяржаўныя “пасады” (народны дэпутат СССР у 1989-ым, , народны дэпутат БССР і першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета БССР у 1990-ым) ён атрымаў дзякуючы падтрымцы БНФ. І мы мелі права разьлічваць на ягоную падтрымку.

Аднак Шушкевіч стаў на бок камуністычнага кіраўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG