Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь апынулася ў пастцы братняй інтэграцыі — экспэрт пра сустрэчу Макея і Кісялёва


Уладзімер Макей і Дзьмітры Кісялёў

Уладзімер Макей і Дзьмітры Кісялёў

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся ў Менску з гендырэктарам дзяржаўнага расейскага агенцтва «Россия сегодня» Дзьмітрыем Кісялёвым.

Паводле беларускага МЗС, абмяркоўвалася функцыянаваньне карпункта агенцтва ў Беларусі, а таксама правядзеньне сумесных мерапрыемстваў.

Макей пацьвердзіў «адкрытасьць МЗС Беларусі да ўзаемадзеяньня з прадстаўнікамі СМІ, у тым ліку з „Россия сегодня“».

Паводле беларускага МЗС, Кісялёў падкрэсьліў цікавасьць расейскага агенцтва да асьвятленьня падзей у Беларусі, да супрацоўніцтва зь беларускімі дзяржаўнымі органамі і СМІ «як у двухбаковым фармаце, так і ў кантэксьце інтэграцыйных абʼяднаньняў».

7 красавіка Кісялёў прыме ўдзел у адкрыцьці мультымэдыйнага прэс-цэнтра Sputnik у Менску, дасьць прэс-канфэрэнцыю.

Дазвол на працу ў Беларусі карпункт «Россия сегодня» атрымаў у канцы 2014 году. Неўзабаве ў Менску пачала працу беларуская рэдакцыя створанага агенцтвам навінавага праекту пад назвай Sputnik.

Агенцтва «Россия сегодня» створана ў сьнежні 2013 году згодна з указам расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Класкоўскі: «Усё гэта можа спрацаваць супраць беларускай незалежнасьці»

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Камэнтуючы Свабодзе візыт Дзьмітрыя Кісялёва ў Менск, палітоляг, мэдыякрытык Аляксандар Класкоўскі адзначыў:

«Што тычыцца інтарэсу Масквы, то тут збольшага ўсё зразумела, таму што пасьля таго, як Расея пачала „паўставаць з каленяў“, яна часткай сваёй экспансіі стала выкарыстоўваць вось такую інфармацыйную агрэсію. І падчас канфлікту ва Ўкраіне мы гэта ўбачылі ва ўсёй „прыгажосьці“, калі часткай гібрыднай вайны стала вайна інфармацыйная. І той самы Кісялёў стаў сымбалем такой вось бруднай прапаганды, выкарыстаньня фэйкаў і іншых прыёмаў, якія абсалютна несумяшчальныя з прынцыпамі журналістыкі.

Што тычыцца беларускага боку, то ён апынуўся ў пастцы братняй інтэграцыі. Ужо даўно і беларускае кіраўніцтва зразумела, што гэта пастка. А пасьля Крыму тут добра пачалі чухаць патыліцу, прымерваць гэты сцэнар на сябе і думаць як бы адгарадзіцца. Але ўжо шмат падпісана дамоваў, і таму адгарадзіцца цяжка. Таму, можа, і з крывымі ўсьмешкамі, але беларускія функцыянэры мусяць прымаць у прыватнасьці вось гэтага Кісялёва і даваць згоду, каб у той ці іншай форме прысутнічалі іх, умоўна кажучы, філіялы. Я не магу сказаць, што сёньня той самы Sputnik вядзе нейкую відавочна падрыўную працу ў Беларусі. Але ўсё адно гэта дэ-факта частка прапагандысцкага апарату Расеі і ў нейкіх надзвычайных умовах усё гэта можа спрацаваць супраць беларускай незалежнасьці. Таму гэты прыклад інфармацыйнай сфэры таксама ілюстрацыя таго, што так званая братняя інтэграцыя — гэта бомба запаволенага дзеяньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG