Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей і Кісялёў абмеркавалі працу ў Беларусі агенцтва «Россия сегодня»


Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей 6 красавіка сустрэўся з генэральным дырэктарам міжнароднага інфармагенцтва «Россия сегодня» Дзьмітрыем Кісялёвым, які прыбыў у Менск, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, на сустрэчы абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў рамках інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, а таксама пытаньні, якія датычаць працы карпункту МІА «Россия сегодня» ў Беларусі.

Макей заявіў, што МЗС адкрытае для ўзаемадзеяньня з прадстаўнікамі СМІ, у тым ліку з супрацоўнікамі інфармагенцтва «Россия сегодня». У сваю чаргу Кісялёў падкрэсьліў, што агенцтва зацікаўленае ў асьвятленьні падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі, а таксама ў супрацоўніцтве зь беларускімі дзяржаўнымі органамі і СМІ «як у двухбаковым фармаце, так і ў кантэксьце інтэграцыйных аб’яднаньняў».

7 красавіка Дзьмітры Кісялёў возьме ўдзел у адкрыцьці мультымэдыйнага прэс-цэнтру Sputnik у Менску, фотавыставе «Інтэграцыя ў асобах», прысьвечанай 20-годзьдзю падпісаньня дамовы аб утварэньні «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі», і дасьць прэс-канфэрэнцыю.

Дазвол на працу ў Беларусі карпункт МІА «Россия сегодня» атрымаў у канцы 2014 году. Неўзабаве ў Менску пачала працу беларуская рэдакцыя створанага агенцтвам навіннага праекту пад назвай Sputnik.

Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва «Россия сегодня» створанае ў сьнежні 2013 году на базе інфармагенцтва РИА Новости згодна з указам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Асноўным напрамкам дзейнасьці агенцтва зьяўляецца асьвятленьне дзяржаўнай палітыкі Расеі і расейскага грамадзкага жыцьця за мяжой. Гендырэктарам новага агенцтва быў прызначаны вядучы тэлеканалу «Россия 1» Дзьмітрый Кісялёў, вядомы сваёй праўладнай пазыцыяй, а таксама адыёзнымі рэпартажамі, у тым ліку пра апошнія падзеі ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG