Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзнаму актывісту ў Слоніме не працягнулі кантракт за тры гады да пэнсіі


Міхаіл Сошка, здымак Яўгена Валадашчука

Міхаіл Сошка, здымак Яўгена Валадашчука

Міхаіл Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы 30 гадоў. Апошнія некалькі гадоў ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу і стаў сябрам прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, пачаў займацца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.

З панядзелка Міхаіл Сошка не працуе на прадпрыемстве, якому аддаў трыццаць гадоў свайго жыцьця. Былы кіраўнік прадпрыемства Анатоль Суботка матываваў непрацяг працоўнага кантракту з Сошкам тым, што той не ўваходзіць у афіцыйны прафсаюз. А менавіта з гэтай структурай адміністрацыя мае дамову, паводле якой аўтаматычна працягваецца кантракт з працоўнымі, якім да пэнсіі застаецца тры гады.

Перад звальненьнем Сошкі сябры прафсаюзу РЭП зладзілі пікет перад прахадной камвольна-прадзільнай фабрыкі ў яго абарону, але гэта ніяк не паўзьдзейнічала на адміністрацыю. Лідэр прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч напісаў ліст прэмʼер-міністру Андрэю Кабякову з просьбай разабрацца ў самавольстве наймальніка, але і гэта не дало плёну.

— Я цяпер застаўся бяз працы, а ў Слоніме наагул няма куды пайсьці. Мне знаёмыя сказалі, што ў Цэнтры занятасьці нават на ўлік адмаўляюцца ставіць. Але я ня згодны з рашэньнем адміністрацыі фабрыкі і буду адстойваць свае правы ў судзе. Мяне звольнілі за маю грамадзкую дзейнасьць, якая не спадабалася старшыні райвыканкаму. Вось так проста могуць у нас ламаць чалавечыя лёсы, нягледзячы на тое, што да пэнсіі засталося толькі тры гады, і ня ўлічваючы таго, што я ўсё жыцьцё аддаў гэтай фабрыцы. І, дарэчы, звольнілі толькі мяне, хоць многім нават у пэнсійным веку кантракт працягнулі.

Сошка, паводле актывістаў, як прафсаюзны дзеяч ня раз заступаўся за правы іншых рабочых на прадпрыемстве. Як сябра прафсаюзу РЭП разам зь іншымі актывістамі зь Беларусі наведваў Швэцыю на запрашэньне калегаў з прафсаюзу IF Metall. Па вяртаньні ў Слонім хацеў падзяліцца вопытам з рабочымі камвольнай фабрыкі, за што атрымаў спагнаньне.

XS
SM
MD
LG