Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты міжнароднага каледжу ў Армэніі ў бясьпецы — адміністрацыя UWC Dilijan College


UWC Dilijan College

UWC Dilijan College

Адміністрацыя міжнароднага англамоўнага каледжу ў армянскім горадзе Дыліжан, дзе навучаюцца прадстаўнікі блізу 60 краінаў сьвету, уключна зь Беларусьсю, запэўнівае бацькоў, што іх дзеці ў бясьпецы і не рызыкуюць пацярпець ад эскаляцыі напружанасьці ў Нагорным Карабаху.

Армэнія першай з постсавецкіх краінаў далучылася да руху Каледжаў аб’яднанага сьвету (United World Colleges). Двухгадовая сыстэма перадунівэрсытэцкага навучаньня ўжо адаптаваная ў паўтара дзясятках дзяржаваў на ўсіх кантынэнтах — ад ЗША і Коста-Рыкі да Свазыленду і Сынгапуру. Пра аднаго зь беларускіх удзельнікаў праграмы, Мікіту Жылінскага, Свабода падрабязна расказвала год таму.

Курортны Дыліжан раскінуўся ў маляўнічым кутку нацыянальнага парку недалёка ад возера Севан. Увосень 2014 году блізу 100 студэнтаў прыехалі сюды з паўсотні краінаў, такое ж стракатае геаграфічнае прадстаўніцтва і сярод настаўнікаў. Летась дадалося яшчэ каля сотні першагодкаў. Зь Беларусі цяпер тут трое маладых людзей.

Сёлета пры канцы траўня адбудзецца першы выпуск студэнтаў, якія пасьля гэтага разьедуцца па ўнівэрсытэтах усяго сьвету. Аднак гэтую падзею можа азмрочыць няпэўная сытуацыя ў рэгіёне — паміж войскамі Армэніі і Азэрбайджану адбываецца збройнае супрацьстаяньне. З прычыны эскаляцыі нагорна-карабаскага канфлікту кіраўніцтва UWC Dilijan College зьвярнулася да бацькоў навучэнцаў і сябраў нацыянальных камітэтаў Каледжаў аб’яднанага сьвету:

«Вы можаце быць упэўненымі: мы знаходзімся на бясьпечнай адлегласьці ад зоны канфлікту, таму ўсе, хто знаходзіцца ў UWC Дыліжану, таксама ў бясьпецы... Як вядома, падзеі ў Нагорным Карабаху за апошнія дні былі драматычныя. Нашы думкі ўвесь час з тымі, хто апынуўся ў эпіцэнтры гэтага супрацьстаяньня. Мы вельмі ўважліва сочым за разьвіцьцём падзеяў і застаёмся ў пастаянным кантакце з кіраўніком IDeA (фонд „Ініцыятывы дзеля разьвіцьця Армэніі“ — мясцовы фундатар дыліжанскага каледжу. — РС), які мае надзейныя крыніцы інфармацыі і трымае нас у курсе таго, што адбываецца.

Для тых, хто ня вельмі добра абазнаны адносна тэрыторыі, дзе ўзьнікла напружаная сытуацыя, паведамляем: канфлікт адбываецца на лініі судакрананьня Нагорнага Карабаху і Азэрбайджану. Ні на якіх іншых участках сутычак не зафіксавана. Але паколькі гэта шырока асьвятляецца міжнароднымі інфармацыйнымі агенцтвамі, мы разумеем, што некаторыя сем’і і нацыянальныя камітэты занепакоеныя сытуацыяй, асабліва калі ня ведаюць, наколькі вобласьць канфлікту аддаленая ад каледжу. У вас няма прычынаў для трывогі, вы можаце быць упэўненыя, што мы далёка ад любой небясьпекі і ўвесь час сочым за разьвіцьцём сытуацыі. Вядома, многія з нашых армянскіх студэнтаў і супрацоўнікаў маюць сяброў і сем’і ў рэгіёне канфлікту або ў арміі, таму ўсе нашы думкі зь імі».

Студэнты UWC Dilijan College з розных куткоў сьвету. Ілюстрацыйнае фота

Студэнты UWC Dilijan College з розных куткоў сьвету. Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на дасягнутае 5 красавіка пагадненьне паміж Армэніяй і Азэрбайджанам аб замірэньні ў зоне карабахскага канфлікту, пэрманэнтныя абстрэлы па лініі сутыку працягваюцца. Пры гэтым бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў наўмысных правакацыях, а таксама прад’яўляюць прэтэнзіі да зьнешніх сілаў, пазыцыі якіх ідуць уразрэз з афіцыйнай палітыкай Ерэвана ці Баку.

У прыцэле крытыкі апынулася і кіраўніцтва Беларусі, якое, з гледзішча Армэніі, патурае «агрэсіўным дзеяньням Азэрбайджану». Так, з адкрытым лістом да амбасадара Беларусі ў Армэніі Ігара Назарука зьвярнуўся папулярны армянскі актор, тэлевядоўца, старшыня Ўсеармянскай геаграфічнай асацыяцыі Рафаэл Аванісян:

Кароткая памяць, паважаны амбасадар, — доля няўдзячных. І прадаваць яе, гэтую памяць, за слоік азэрбайджанскай ікры — ці ёсьць правільна? Падумайце пра гэта.

«Як грамадзянін краіны, у якой праходзіць ваша дыпляматычная місія, хацеў бы праінфармаваць, што Армэнію і Беларусь зьвязвае ня толькі партнэрства па СНД, АДКБ, Эўразійскім, Мытным ды іншых саюзах. Хутчэй за ўсё, вы, а магчыма і Аляксандар Лукашэнка, ня ў курсе, што ў барацьбе за вызваленьне беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі тысячы армянаў. Іх імёны сёньня ўвекавечаныя на вайсковых могілках, а таксама на галоўнай мэмарыяльнай пліце Брэсцкай крэпасьці. Кожнае чацьвёртае прозьвішча там — армянскае. Іх імёны і фатаграфіі можна знайсьці ў музэях па ўсёй Беларусі, гэтыя людзі загінулі ў тым ліку і за Вашу з Лукашэнкам свабоду, паважаны Ігар Васільевіч.

Магчыма, Вы ня ведаеце і таго, што вашу рэспубліку вызваляў галоўнакамандуючы 3-м Беларускім фронтам Іван Баграмян. Пасаджанае ім дрэва і мэмарыяльная дошка стаяць у менскім парку недалёка ад вуліцы Мясьнікяна, які прысьвяціў частку свайго жыцьця Беларусі. Кароткая памяць, паважаны амбасадар, — доля няўдзячных. І прадаваць яе, гэтую памяць, за слоік азэрбайджанскай ікры — ці ёсьць правільна? Падумайце пра гэта. І калі хопіць духу, нагадайце вашаму цудоўнаму „бацьку“ пра тое, што зрабілі армяне для краіны, у якой ён цяпер самы галоўны».

У сваю чаргу, азэрбайджанскія грамадзкія дзеячы заклікаюць усясьветную супольнасьць «фільтраваць» заявы сваіх непрымірымых апанэнтаў у Армэніі, называючы іх «бясьсільнай гістэрыкай агрэсара». Палітык, дэпутат Мэджлісу Рахім Мусабекаў так тлумачыць нібыта прыхільнасьць Менску да Баку:

Беларускае МЗС выступіла не на баку Азэрбайджану, а на баку міжнароднага права.

«Беларускае МЗС выступіла не на баку Азэрбайджану, а на баку міжнароднага права. Трэба прыводзіць сваю пазыцыю ў адпаведнасьць зь міжнародным правам, і тады беларускае МЗС і Беларусь увогуле будзе падтрымліваць армянаў. Дакладней, не армянаў, а міжнароднае права. А тое, што інтэрпрэтуюць гэта як непасрэдную падтрымку Азэрбайджану, дык яны заўсёды недзе шукаюць вінаватых. Хоць мы, канечне, удзячныя Беларусі. І ня толькі Беларусі, а ўвогуле ўсім краінам, якія займаюць у гэтым пытаньні прынцыповую пазыцыю.

Той жа самы старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы выступіў з заявай, што бакам неабходна спыніць агонь, але разам з тым артыкуляваў: Армэнія мусіць выканаць рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН і вывесьці свае войскі. Прынамсі, заявіць пра тое, што — так, у адпаведнасьці з пагадненьнем і графікам яны гатовыя гэта зрабіць. Зрэшты, як на маю думку, пазыцыя Ерэвана ў большай ступені будзе залежаць ад таго, як сябе павядзе Расея: самастойна Армэніі вытрымаць ваеннае сутыкненьне з Азэрбайджанам, чыё насельніцтва ўтрая большае, чыя эканоміка ў восем разоў мацнейшая, чые Ўзброеныя сілы нашмат больш баяздольныя за армянскія, ня ў стане. І шмат у чым гэта залежыць ад таго, ці наставяць іх на розум з Масквы, ці наадварот».

Напярэдадні Баку і Сьцепанакерт апублікавалі дадзеныя пра страты за чатыры дні збройнага супрацьстаяньня. Улады самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі паведамілі пра гібель 29 вайскоўцаў, 28 прапалі бязь вестак, яшчэ 72 салдаты былі параненыя. Страты азэрбайджанскай арміі — 31 вайсковец.

XS
SM
MD
LG