Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіліся судовыя канвэеры — за мітынг прадпрымальнікаў, пікет у абарону Саўчанкі і Дзень Волі


6 красавіка ў Маскоўскім раённым судзе Менску пачаліся суды за мітынг прадпрымальнікаў, які адбыўся на плошчы Незалежнасьці 14 сакавіка.

Лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку судзіла судзьдзя Тацяна Матыль, якая да адмены санкцыяў Эўразьвязу была ў сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША. Анатоль Шумчанка на паседжаньні не адмаўляў, што браў удзел у мітынгу каля Міністэрства падаткаў і збораў ды перадаў у міністэрства заявы прадпрымальнікаў, якія патрабавалі адмены ўказу Лукашэнкі № 222. Пастанову адносна справы Анатоля Шумчанкі ў судзе абвесьцяць а 14-й гадзіне.

Пасьля абеду за той жа мітынг прадпрымальнікаў пачнуць судзіць таксама былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і былога палітвязьня Паўла Севярынца.

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«У суд не зьбіраюся, навошта губляць час», — сказаў напярэдадні Павал Севярынец карэспандэнту Свабоды. Паводле атрыманых позваў, заўтра, 7 красавіка, Паўла Севярынца будуць судзіць за пікет у падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Цэнтральным судзе Менску, а 9 красавіка — за несанкцыянаванае шэсьце на Дзень Волі. «Таксама будуць судзіць у Цэнтральным судзе Менску, хоць пратаколы складалі міліцыянты зь Ленінскага РУУС», — паведаміў Павал Севярынец. Паводле Севярынца, ён ужо мае штрафаў на суму каля 25 мільёнаў рублёў.

За пікет салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай на 7 красавіка выклікаюць у Цэнтральны раённы суд Вольгу Мікалайчык, Натальлю Саматыю, Яўгена Батуру. 8 красавіка ў тым жа Цэнтральным судзе за Дзень Волі будуць судзіць таксама грамадзкіх актывістаў Леаніда Кулакова, Мікалая Коласа.

Леанід Кулакоў

Леанід Кулакоў

«Мікалаю Коласу прыйшла позва з пратаколам за Дзень Волі, хоць ён у шэсьці ня браў удзелу, а прыйшоў толькі да кінатэатру „Кастрычнік“. Відавочна, што міліцыянты па знаёмых тварах на сваіх відэа вызначаюць, каго судзіць. Вось мяне таксама будуць судзіць за Дзень Волі, хаця за што? Атрымліваецца, цяпер трэба браць дазвол, каб ускласьці кветкі да помнікаў беларускім паэтам Купалу і Коласу? Гэта ж нонсэнс, помнікі дзеля таго і ўсталяваныя, каб да іх прыходзілі людзі», — сказаў у камэнтары для Свабоды актывіст Леанід Кулакоў.

2 красавіка стала вядома, што ў таксіста Леаніда Кулакова судовыя выканаўцы пастанавілі былі арыштаваць аўтамабіль у пакрыцьцё штрафу, які за некалькі дзён да таго быў выплачаны. «Патэлефанавалі, што арышт аўтамабіля адмянілі», — распавёў Леанід Кулакоў.

6 красавіка стала вядома, што судовыя выканаўцы наклалі арышт ужо ня толькі на аўтамабіль лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, але і на ягоны гараж. «Атрымаў чарговую позву ў суд. Нават ня ведаю, зь якой нагоды. Можа, проста за факт свайго існаваньня?! Падаецца, гэта ўжо шостая судовая справа ў гэтым годзе. Ёсьць падстава думаць пра кнігу рэкордаў Гiнэса», — напісаў Анатоль Лябедзька ў сацсетках.

XS
SM
MD
LG